1 Назаўтра, адразу зранку, першасьвятары з кніжнікамі й старшынямі і ўвесь сынедрыён, зрабіўшы нараду, зьвязалі Ісуса, і павялі, і перадалі Яго Пілату.
2 I спытаўся ў Яго Пілат: «Ці Ты Кароль Юдэйскі?» Ён-жа ў адказ сказаў яму. «Ты кажаш!»
3 I шмат абвінавачаньняў архісьвятары ўзводзілі на Яго.
4 Пілат-жа ізноў спытаўся ў Яго, кажучы: «Ты нічога не адказваеш? Глядзі, колькі абвінавачаньняў падаюць на Цябе».
5 Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, аж Пілат дзівіўся.
6 Меў-жа ён звычай падчас сьвята адпускаць ім аднаго зь вязьняў, за якога прасілі.
7 Быў-жа ў вязьніцы нейкі Вараўва з сваім супольнікам, якія ў часе бунту ўчынілі забойства.
8 I народ, сабраўшыся, стаў голасна дамагацца, ад Пілата таго, што ён рабіў для іх заўсёды.
9 Пілат, адазваўшыся да іх, сказаў: «Калі хочаце, адпушчу вам караля Юдэйскага».
10 Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго праз зайздрасьць.
11 Але першасьвятары падбурылі народ, каб лепш адпусьціў ім Вараўву.
12 Пілат у адказ ізноў сказаў ім: «Што-ж хочаце, каб я зрабіў з Тым, каго завяце Каралём Юдэйскім?»
13 А яны ізноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!»
14 Пілат сказаў ім: «Якое-ж зло ўчыніў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Укрыжуй Яго!»
15 Тады Пілат, дагаджаючы натоўпу, адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбіваючы пугаю, выдаў на ўкрыжаваньне.
16 Жаўнеры-ж завялі Яго на двор суду, званым Прэторыя, і пазвалі ўжо кагорту войска.
17 I апранулі Яго ў баграніцу і, сплёўшы зь цярніны вянок, узлажылі на Яго.
18 І пачалі голасна ўсклікаць: «Вітай, Кароль Юдэйскі».
19 І білі Яго трысьцінаю па галаве, і плявалі на Яго, і стаючы на калены, пакланяліся Яму.
20 А калі назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго баграніцу й адзелі ў вопратку ўласную, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.
21 А сустрэўшы аднаго кірынеяніна, бацьку Аляксандра й Руфа, які йшоў з поля, — прымусілі таго нясьці крыж Ягоны.
22 I прывялі Яго на месца, званае Галгофа, што значыць Чараповішча.
23 I давалі Яму піць віно, зьмяшанае зь міраю, але Ён ня прыняў.
24 I, укрыжаваўшы Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабе, каму што ўзяць.
25 Была-ж трэйцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго.
26 I быў прыложаны напіс віны Ягонае: — Кароль Юдэйскі.
27 А зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога зь левага боку ад Яго.
28 I споўнілася Пісаньне, у якім напісана: «I да злачынцаў прылічаны».
29 I праходзячы побач Яго, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі й кажучы: «Ага, руйнуеш храм і ў тры дні адбудуеш.
30 Выбаві Сам Сябе й зыйдзі з крыжа».
31 Таксама й архісьвятары з кніжнікамі насьміхаліся зь Яго, гаворачы адзін аднаму: «Іншых выбаўляў, а Сябе ня можа выбавіць.
32 Няхай Хрыстос, Кароль Ізраэльскі, зыйдзе цяпер з крыжа, каб мы пабачылі, і уверым». І ўкрыжаваныя зь Ім дакаралі Яму.
33 А шостай гадзіне цемра агарнула ўсю зямлю да гадзіны дзявятай.
34 А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам: «Элоі, элоі, лама савахфані!» Што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў».
35 Некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы, гаварылі: «Вось Ільлю кліча».
36 Адзін-жа пабег намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысьціну, даваў Яму піць, кажучы: «Чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго».
37 Ісус-жа, загаласіўшы моцным голасам, сканаў.
38 І заслона ў храме разьдзерлася папалам, зьверху да нізу.
39 А сотнік, які стаяў насупраць Яго, бачачы скананьне з такім голасам, сказаў: «Запраўды, гэты Чалавек быў Сын Божы».
40 Былі тут і жанчыны, якія наглядалі здалёк, а між імі была Марыя Магдалена й Марыя маці Якуба меншага й Ёсі, і Саламія.
41 Яны былі пры Ім і слугавалі Яму, калі Ён быў у Галілеі; і многа іншых жанчын, якія прыйшлі, зь Ім у Ерусалім.
42 I калі надыйшоў ужо вечар, — была-ж пятніца, дзень прыгатовы, — перадсыботні.
43 Прыйшоў Язэп з Арымафеў, паважаны раднік, які й сам чакаў Уладарства Божага; і ён сьмела увайшоў да Пілата, і прасіў цела Ісусавага.
44 Пілат-жа зьдзівіўся, што ўжо памёр; і, паклікаўшы сотніка, пытаўся ў яго, ці запраўды памёр.
45 А даведаўшыся ад сотніка, што ўжо памёршы, аддаў цела Язэпу.
46 Язэп, купіўшы плашчаніцу й зьняўшы Яго, плашчаніцаю авінуў і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале, і прываліў камень да дзьвярэй гробу.
47 Марыя-ж Магдалена й Марыя Ёсева глядзелі, дзе Яго палажылі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Марка Сьвятое Евангельле, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
