Біблія » Пераклады » Пераклад Міцкевіча (Прускага)

Марка 6 Паводле Марка 6 разьдзел

1 I выйшаў адтуль і прыйшоў на сваю радзіму, за Ім ішлі й вучні Ягоныя.
2 Калі настала сыбота, пачаў навучаць у сынагозе, і многія слухаючы з падзіўленьнем, гаварылі: «Адкуль у Яго гэта? Што за мудрасьць дадзена Яму, што цуды гэткія чыняцца рукамі Ягонымі?
3 Ці-ж ня цесьля гэта, сын Марыі, брат Якуба, Ясіі, Юды й Сымона? Ці-ж ня тут між намі й сёстры Ягоныя?» I блазнавалі над Ім.
4 Ісус-жа сказаў ім: «Ня бывае прарок без пашаны, хіба толькі на радзіме сваёй, ці між радні, ці ў доме сваім».
5 I ня мог там учыніць ніякага цуду, толькі аздаравіў некаторых нядужых, усклаўшы на іх рукі Свае.
6 I дзівіўся зь недаверства іхнага; і хадзіў па навакольных паселішчах, навучаючы.
7 Паклікаўшы дванаццацёх, пачаў іх пасылаць па двух і даў ім уладу над духамі нячыстымі.
8 I запавядаў ім — у дарогу нічога ня браць, апрача падарожнага кія: ні торбы, ні хлеба, ні медзякоў у поясе.
9 На абутак — сандалі і не апранацца ў дзьве вопраткі.
10 I сказаў ім: «Калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце зь места таго.
11 Калі-ж дзе ня прымуць вас, ці ня будуць слухаць вас, адыходзячы адтуль, атрасеце пыл зног вашых, на сьвядоцтва супраць іх; папраўдзе кажу вам: лягчэй будзе Садоме й Гаморы ў дзень судны, чым месту таму».
12 Яны пайшлі, і абвяшчалі й клікалі да пакаяньня.
13 І выганялі шмат злыдухаў, і ацалялі многа нядужых намазваючы іх алеем.
14 Кароль Ірад, пачуўшы пра Ісуса, бо Імя Яго было разгалошана, — гаварыў: «Гэта Ян Хрысьціцель уваскрос зь мёртвых, і дзеля гэтага цуды праз яго дзеюцца».
15 Іншыя-ж гаварылі: «Гэта Ільля», а яшчэ іншыя, што гэта прарок.
16 Ірад-жа, пачуўшы, сказаў: «Гэта Ян, якому я сьцяў галаву, ён устаў зь мёртвых».
17 Бо той-жа Ірад паслаў узяць Яна і ўкінуць яго ў вязьніцу за Ірадыяду, жонку брата свайго Піліпа, якую ўзяў за жонку сабе.
18 Ян-жа гаварыў Іраду. «Ня можна табе мець жонку брата твайго».
19 Ірадыяда-ж узлавалася на яго, і хацела яго загубіць, але не магла.
20 Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы яго, як мужа справядлівага й сьвятога, і сьцярог яго, і часта дзеяў слухаючы яго, і слухаў яго з павагай.
21 Але надыйшоў дзень лёсу, калі Ірад у дзень сваіх народзінаў спраўляў банкет для вяльможаў сваіх, тысячнікаў і старшыняў Галілейскіх.
22 I дачка тэй Ірадыяды, увайшоўшы, танцавала, і так дагадзіла Іраду й усім на банкеце, што кароль сказаў дзяўчыне: «Прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе».
23 І кляўся ёй: «Чаго ні папросіш, дам табе, хоць-бы палавіну каралеўства майго».
24 Яна-ж выйшла й папыталася ў маці свае, чаго прасіць, а тая сказала: «Галаву Яна Хрысьціцеля».
25 I дачка, вярнуўшыся да караля, папрасіла, кажучы: «Хачу, каб ты даў мне цяпер на падносе галаву Яна Хрысьціцеля».
26 І засмуціўся кароль, але з увагі на клятву й на гасьцей сваіх не захацеў адмовіць ёй.
26 У той-жа час кароль паслаў ката, загадаўшы яму прынесьці галаву Яна, той пайшоў і сьцяў галаву яму ў цямніцы.
28 I прынёс галаву на падносе й аддаў дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй.
29 Вучні-ж ягоныя дачуўшыся, прыйшлі й узялі цела яго й палажылі ў магілу.
30 Апосталы, вярнуўшыся, зыйшліся да Ісуса й расказалі Яму ўсё, што яны зрабілі й чаго навучылі.
31 I сказаў ім: «Пайдзеце вы самі адны ў месца пустыннае й супачыньце крыху, бо так многа прыходзіла да іх і адыходзіла, што нават есьці ім было некалі».
32 I адплылі ў чаўне у месца пустыннае адны.
33 Але многія бачылі, як адыходзілі й пазналі іх, і пешша беглі туды з усіх местаў і, апярэдзіўшы іх, зыйшліся да Яго.
34 Ісус, выйшаўшы, убачыў шмат людзей і зьлітаваўся над імі, бо былі яны, як авечкі, без пастуха, і пачаў навучаць іх многаму.
35 Па нейкім часе, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Месца тут пустыннае, а час ужо позьні.
36 Адпусьці іх, каб маглі пайсьці ў акалічныя паселішчы дабыць сабе хлеба, бо ня маюць чаго есьці.»
37 Ён-жа у адказ сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». Яны-ж кажуць Яму: «Можам пайсьці купіць за дзьвесьце дынараў хлеба й даць ім есьці».
38 Але Ён спытаў ў іх: «Колькі хлябоў вы маеце? Пайдзеце паглядзеце». Яны, даведаўшыся, сказалі: «Пяць хлябоў і дзьве рыбы».
39 Тады загадаў ім рассадзіць усіх гурткамі на зялёнай траве.
40 I паселі радамі па сто й па пяцьдзесят.
41 I, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў на неба і, дабраславіўшы, разламаў хлябы й даў вучням Сваім, каб разлажылі перад людзьмі; і дзьве рыбы разьдзяліў на ўсіх.
42 I елі ўсе й задаволіліся.
43 I набралі кускоў хлеба й астаткаў ад рыбы дванаццаць поўных карабоў.
44 Было-ж усіх, якія елі, блізу пяці тысячаў мужчын.
45 I зараз-жа загадаў вучням Сваім увайсьці ў човен і плысьці наперад на другі бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць народ.
46 Адпусьціўшы-ж народ, пайшоу на гару памаліцца.
47 Калі настаў вечар, човен быў пасярэдзтне мора, а Ён адзін на зямлі.
48 I ўбачыў іх зьняможаных вяславаньнем, бо вецер быў супраціўны, каля чацьвёртай старожы ночы падыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў мінаць іх.
49 Яны-ж, убачылі Яго, як ішоў па моры, падумалі, што гэта здань, і закрычалі.
50 Бо ўсе бачылі Яго й спалохаліся. Тады Ён загаварыў да іх, прамовіўшы: «Сьмялей дзяржэцеся, гэта Я, ня бойцеся».
51 I ўвайшоў да іх у човен. Вецер улёгся. Яны-ж моцна сумеліся ў сабе й дзівіліся.
52 Не ўсьведамілі яны сабе цуду з хлебамі, бо сэрцы іхныя былі ацьвярдзелыя.
53 I, пераплыўшы, прыбылі ў зямлю Гэнісарэцкую, і прысталі да берагу.
54 Калі яны выйшлі з чаўна, людзі зараз-жа пазналі Яго.
55 I, абегшы ўсю тую ваколіцу, пачалі прыносіць хворых на пасьцелях іхных, туды, дзе, як чулі, Ён быў.
56 I куды-б ні прыходзіў Ён: ці ў пасёлкі, ў ці вёскі, ці ў месты, — клалі хворых на плошчах, і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю вопраткі Ягонай. I хто дакранаўся да Яго, быў ацалены.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Марка Сьвятое Евангельле, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.