1 Калі зблізіліся да Ерусаліму, да Віффагіі й Віфаніі пры гары Аліўнай, пасылае Ісус двух з вучняў Сваіх,
2 i кажа ім: «Ідзеце ў селішча, што перад вамі; уваходзячы ў яго, зараз-жа знойдзеце прывязанае асьлё, на якое ніхто зь людзей не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце.
3 І калі хто скажа вам — нашто гэта вы робіце? — адказвайце, што Госпад патрабуе яго; і зараз-жа пашле яго сюды».
4 Яны пайшлі й знайшлі асьлё, прывязанае каля варот на скрыжаваньні вуліц, і адвязалі яго.
5 Некаторыя-ж з тых, якія там стаялі, гаварылі ім: «Што вы робіце? Нашто адвязваеце асьлё?»
6 Яны-ж адказалі, як загадаў ім Ісус, і адпусьцілі іх.
7 I прывялі асьлё да Ісуса, паклалі на яго вопратку сваю; і Ён сеў на яго.
8 Іншыя-ж пасьцілалі вопратку сваю па дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і пасьцілалі імі дарогу.
9 I тыя, якія йшлі наперадзе й якія праводзілі, усклікалі голасна: «Асанна! Дабраславёны, Хто йдзе ў Імя Гасподняе!
10 Дабраславёны надыход у Імя Гасподняе Уладарства айца нашага Давіда. Асанна ў вышынях!»
11 I ўвайшоў Ісус у Ерусалім, і ў сьвятыню й агледзеў усё; тады з-за позьняга ўжо часу адыйшоў у Віфанію з дванаццацьма.
12 А назаўтра, калі яны выйшлі з Віфаніі, Ён адчуў голад.
13 I, убачыўшы здалёк лісьцястую смакоўніцу, пайшоў, каб што знайсьці на ёй, а прыйшоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо ня час быў на смоквы.
14 I, адазваўшыся, Ісус сказаў ей: «Няхай-жа ніхто не скаштуе плёну зь цябе павек»; і чулі гэта вучні Ягоныя.
15 I прыйшлі ізноў у Ерусалім; увайшоўшы ў храм, Ісус пачаў выганяць прадаўцоў і пакупнікаў з сьвятыні, і паабарочваў сталы мянялаў, і ўслоны гандляроў галубамі.
16 I не дазволіў, каб хто праз сьвятыню пераносіў якое-колечы надоб'е.
17 А, навучаючы, гаварыў ім: «Ці-ж не напісана “Дом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаў”, а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў».
18 Пачуўшы гэтае, кніжнікі й архісьвятары шукалі спосабу, каб загубіць Яго, бо баяліся Яго, таму што ўвесь народ падзіўляўся з навукі Ягонае.
19 I калі ўжо час быў позьні, Ён выйшаў зь места.
20 А раніцай, праходзячы міма, абачылі, што смакоўніца ссохла ад карэньня.
21 I, успомніўшы, Пётра кажа Яму: «Настаўнік, глянь! Смакоўніца, якую Ты пракляў, ссохла».
22 I ў адказ Ісус прамовіў ім:
23 «Мейце веру Божую; папраўдзе кажу вам, калі-б хто сказаў гары гэтай — узьніміся й кінься ў мора! — і не зьняверыўся-б у сэрцы сваім, але паверыў, што споўніцца сказанае, — станецца яму, што-б ні сказаў.
24 Дзеля таго кажу вам, — усё, чаго-б у малітве прасілі, верце, што гэта дастанеце, — і будзе з вамі.
25 I калі становіцеся на малітву, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш Нябесны дараваў вам зграшэньні вашыя.
26 Калі-ж вы не даруеце, то й Айцец нябесны не даруе вам зграшэньняў вашых».
27 I прыйшлі ізноў у Ерусалім, і калі Ён хадзіў у храме, падыйшлі да Яго архісьвятары й кніжнікі ды старшыні.
28 I гаварылі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш, і хто даў Табе права рабіць гэта?»
29 Ісус-жа, адказваючы, сказаў ім: «Я таксама хачу спытаць у вас аб адным; і адкажэце Мне, тады й Я вам адкажу, якою ўладаю раблю гэта.
30 Хрышчэньне Янава зь неба было, ці ад людзей? — адкажэце Мне».
31 Яны-ж разважалі між сабою: «Калі скажам — зь неба, Ён скажа — чаму-ж вы не паверылі?
36 А калі скажам ад людзей, — боязна прад народам, бо ўсе ўважалі Яна за праўдзівага прарока.»
33 I, адказваючы, сказалі Ісусу: «Ня ведаем». Тады Ісус у адказ ім сказаў: «I Я не скажу вам, якою ўладаю раблю гэта».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Марка Сьвятое Евангельле, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
