Марка 11 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Калі наблізіліся да Ерусаліма, да Віфагіі і Віфаніі, да гары Аліўнай, Ісус пасылае двух вучняў Сваіх
Калі зблізіліся да Ерусаліму, да Віффагіі й Віфаніі пры гары Аліўнай, пасылае Ісус двух з вучняў Сваіх,
і кажа ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; уваходзячы ў яго, адразу знойдзеце маладога асла, на якога ніхто зь людзей не садзіўся; адвяжэце яго, прывядзеце;
i кажа ім: «Ідзеце ў селішча, што перад вамі; уваходзячы ў яго, зараз-жа знойдзеце прывязанае асьлё, на якое ніхто зь людзей не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце.
і калі вам хто скажа: «Што гэта вы робіце?», адказвайце, што ён патрэбен Госпаду; і адразу пашле яго сюды.
І калі хто скажа вам — нашто гэта вы робіце? — адказвайце, што Госпад патрабуе яго; і зараз-жа пашле яго сюды».
Яны пайшлі, і знайшлі маладога асла, прывязанага каля варот пры дарозе, і адвязалі яго.
Яны пайшлі й знайшлі асьлё, прывязанае каля варот на скрыжаваньні вуліц, і адвязалі яго.
І некаторыя, што стаялі там, казалі ім: што робіце? навошта адвязваеце асьляня?
Некаторыя-ж з тых, якія там стаялі, гаварылі ім: «Што вы робіце? Нашто адвязваеце асьлё?»
Яны адказвалі ім, як наказаў Ісус; і тыя адпусьцілі іх.
Яны-ж адказалі, як загадаў ім Ісус, і адпусьцілі іх.
І прывялі да Ісуса асьляня, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; Ісус сеў на яго.
I прывялі асьлё да Ісуса, паклалі на яго вопратку сваю; і Ён сеў на яго.
А многія пасьцілалі адзеньне сваё на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.
Іншыя-ж пасьцілалі вопратку сваю па дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і пасьцілалі імі дарогу.
І тыя, што ішлі паперадзе і сьледам, усклікалі: асанна! дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!
I тыя, якія йшлі наперадзе й якія праводзілі, усклікалі голасна: «Асанна! Дабраславёны, Хто йдзе ў Імя Гасподняе!
дабраславёнае царства айца нашага Давіда, што ідзе ў імя Гасподняе! асанна ў вышынях!
Дабраславёны надыход у Імя Гасподняе Уладарства айца нашага Давіда. Асанна ў вышынях!»
І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў храм; і агледзеўшы ўсё, як што час ужо быў позьні, выйшаў у Віфанію з дванаццацьцю.
I ўвайшоў Ісус у Ерусалім, і ў сьвятыню й агледзеў усё; тады з-за позьняга ўжо часу адыйшоў у Віфанію з дванаццацьма.
На другі дзень, калі яны выйшлі зь Віфаніі, Ён схацеў есьці;
А назаўтра, калі яны выйшлі з Віфаніі, Ён адчуў голад.
і, угледзеўшы здалёку смакоўніцу, пакрытую лісьцем, пайшоў, ці ня знойдзе чаго на ёй; але, падышоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо яшчэ ня час быў зьбіраць смоквы.
I, убачыўшы здалёк лісьцястую смакоўніцу, пайшоў, каб што знайсьці на ёй, а прыйшоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо ня час быў на смоквы.
І сказаў ёй Ісус: ад сёньня хай ніхто зь цябе ня есьць плоду вавек. І чулі гэта вучні Ягоныя.
I, адазваўшыся, Ісус сказаў ей: «Няхай-жа ніхто не скаштуе плёну зь цябе павек»; і чулі гэта вучні Ягоныя.
Прыйшлі ў Ерусалім. Ісус, увайшоўшы ў храм, пачаў выганяць прадаўцоў і пакупцоў у храме; і сталы мяняйлаў і ўслоны прадаўцоў галубоў абярнуў;
I прыйшлі ізноў у Ерусалім; увайшоўшы ў храм, Ісус пачаў выганяць прадаўцоў і пакупнікаў з сьвятыні, і паабарочваў сталы мянялаў, і ўслоны гандляроў галубамі.
і не дазваляў, каб хто пранёс праз храм якую-небудзь рэч.
I не дазволіў, каб хто праз сьвятыню пераносіў якое-колечы надоб'е.
І вучыў іх, кажучы: ці ж не напісана: «дом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаў»? — а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў.
А, навучаючы, гаварыў ім: «Ці-ж не напісана “Дом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаў”, а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў».
Пачулі гэта кніжнікі і першасьвятары і шукалі, як бы загубіць Яго; бо баяліся Яго, таму што ўвесь люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага.
Пачуўшы гэтае, кніжнікі й архісьвятары шукалі спосабу, каб загубіць Яго, бо баяліся Яго, таму што ўвесь народ падзіўляўся з навукі Ягонае.
А калі настаў вечар, Ён выйшаў з горада.
I калі ўжо час быў позьні, Ён выйшаў зь места.
Раніцай, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да кораня.
А раніцай, праходзячы міма, абачылі, што смакоўніца ссохла ад карэньня.
І, прыгадаўшы, Пётр кажа Яму: Равьві! паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, усохла.
I, успомніўшы, Пётра кажа Яму: «Настаўнік, глянь! Смакоўніца, якую Ты пракляў, ссохла».
Ісус, адказваючы, кажа ім:
I ў адказ Ісус прамовіў ім:
майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: «падыміся і кінься ў мора», і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, — будзе яму, што ні скажа.
«Мейце веру Божую; папраўдзе кажу вам, калі-б хто сказаў гары гэтай — узьніміся й кінься ў мора! — і не зьняверыўся-б у сэрцы сваім, але паверыў, што споўніцца сказанае, — станецца яму, што-б ні сказаў.
Таму кажу вам: усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, — і будзе вам.
Дзеля таго кажу вам, — усё, чаго-б у малітве прасілі, верце, што гэта дастанеце, — і будзе з вамі.
І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Айцец ваш нябесны дараваў вам грахі вашыя;
I калі становіцеся на малітву, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш Нябесны дараваў вам зграшэньні вашыя.
калі ж не даруеце, дык і Айцец ваш нябесны не даруе вам грахоў вашых.
Калі-ж вы не даруеце, то й Айцец нябесны не даруе вам зграшэньняў вашых».
Прыйшлі зноў у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падышлі да Яго першасьвятары і старэйшыны
I прыйшлі ізноў у Ерусалім, і калі Ён хадзіў у храме, падыйшлі да Яго архісьвятары й кніжнікі ды старшыні.
і казалі Яму: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта?
I гаварылі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш, і хто даў Табе права рабіць гэта?»
Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно, адказвайце Мне, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэта раблю:
Ісус-жа, адказваючы, сказаў ім: «Я таксама хачу спытаць у вас аб адным; і адкажэце Мне, тады й Я вам адкажу, якою ўладаю раблю гэта.
хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей? адказвайце Мне.
Хрышчэньне Янава зь неба было, ці ад людзей? — адкажэце Мне».
Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам «зь нябёсаў» — дык Ён скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»
Яны-ж разважалі між сабою: «Калі скажам — зь неба, Ён скажа — чаму-ж вы не паверылі?
а сказаць: «ад людзей», — баяліся народу; бо ўсе лічылі, што Ян сапраўды быў прарок.
А калі скажам ад людзей, — боязна прад народам, бо ўсе ўважалі Яна за праўдзівага прарока.»
І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус сказаў ім у адказ: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
I, адказваючы, сказалі Ісусу: «Ня ведаем». Тады Ісус у адказ ім сказаў: «I Я не скажу вам, якою ўладаю раблю гэта».