Марка 8 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

У тыя дні, калі сабралася даволі многа народу і ня было чаго есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім:
 
У тыя дні зыйшлося ізноў мноства народу, і ня мелі пры сабе ежы; тады Ісус, паклікаўшы да Сябе вучняў Сваіх, сказаў ім:

шкада мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці;
 
«Шкада Мне людзей, што ўжо тры дні пры Мне й ня маюць чаго есьці».

калі няеўшых адпушчу іх дадому, аслабнуць у дарозе, бо некаторыя зь іх прыйшлі здалёку.
 
Калі-ж адпушчу іх галодных дамоў, аслабеюць у дарозе, бо многія зь іх прыйшлі здалёк.

Вучні Ягоныя адказвалі Яму: адкуль мог бы хто ўзяць тут у пустыні хлябоў, каб накарміць іх?
 
Вучні-ж Ягоныя сказалі Яму: «Скуль-жа мог-бы хто ў гэтай пустыні ўзяць хлеба, каб накарміць іх?»

І спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны адказалі: сем.
 
I спытаўся ў іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны-ж сказалі Яму: «Сем».

Тады загадаў людзям узьлегчы на зямлю; і ўзяўшы сем хлябоў і ўзьнёсшы падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, каб яны раздалі; і яны раздалі людзям.
 
Тады сказаў людзям сесьці на зямлю, і ўзяушы сем хлябоў, узьнёс хвалу і, паламаўшы, раздаў вучням Сваім, каб яны раздалі, і яны раздалі людзям.

Было ў іх і крыху рыбак; дабраславіўшы, Ён загадаў раздаць і іх.
 
Мелі яны й некалькі рыбаў; і іх дабраславіўшы, сказаў раздаць.

І елі і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў.
 
I елі й наеліся ўсе, і назьбіралі астачы сем кашоў.

Тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.
 
Было-ж усіх, што елі, каля чатырох тысячаў: Тады адпусьціў іх.

І адразу ўвайшоўшы ў лодку з вучнямі Сваімі, прыплыў у межы Далмануфскія.
 
I зараз-жа сеў у човен з вучнямі Сваімі й прыбыў у ваколіцы Далмануцкія.

Выйшлі фарысэі, пачалі зь Ім спрачацца, і патрабавалі ад Яго азнакі зь неба, спакушаючы Яго,
 
Фарысеі-ж, папрыходзіўшы, пачалі зь Ім спрачацца, і патрабавалі ад Яго знаменьня зь неба, спакушаючы Яго.

і Ён, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў: навошта род гэты патрабуе азнакі? праўду кажу вам, ня дасца роду гэтаму азнакі.
 
I, уздыхнуўшы ў душы Сваёй, сказаў: «Нашто род гэты дамагаецца знаменьня? Запраўды кажу вам, ня будзе дадзена знаменьне роду гэтаму».

І пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і паплыў на той бок.
 
I, пакінуўшы іх, ізноў увайшоў у човен, і адплылі на другі бок.

Пры гэтым вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў, і акрамя аднаго хлеба ня мелі з сабою ў лодцы.
 
Вучні-ж Ягоныя забыліся ўзяць хлеба, і апрача аднае баханкі хлеба нічога з сабою ня мелі.

А Ён наказаў ім, кажучы: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і закваскі Ірадавай.
 
А Ён перасьцерагаў іх, кажучы: «Глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарысейскай і закісі Ірадавае».

І разважаючы паміж сабою, казалі: гэта азначае, што хлябоў няма ў нас.
 
I яны, разважаючы між сабою, гаварылі: «Гэта пра тое, што ў нас хлеба няма».

Ісус, зразумеўшы, кажа ім: што разважаеце пра тое, што няма ў вас хлябоў? няўжо яшчэ ня цяміце і не разумееце? няўжо яшчэ скамянелае ў вас сэрца?
 
Ісус, зразумеўшы гэта, кажа ім: «Што разважаеце пра тое, што хлеба ня маеце? Ці яшчэ ня цяміце й не разумееце? Ці яшчэ ацьвярдзелае сэрца вашае?

маючы вочы, ня бачыце? маючы вушы, ня чуеце? і не памятаеце?
 
Маючы вочы ня бачыце, маючы вушы ня чуеце й не памятаеце?

калі Я пяць хлябоў разламаў на пяць тысяч чалавек, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў? Кажуць Яму: дванаццаць.
 
Калі Я паламаў пяць хлябоў на пяць тысячаў, колькі поўных карабоў кавалкаў назьбіралі вы?» Кажуць Яму: «Дванаццаць».

А калі сем на чатыры тысячы, колькі кашоў набралі вы кавалкаў рэшты? Сказалі: сем.
 
«А калі сем для чатырох тысячаў, колькі кашоў пазасталых кавалкаў набралі вы?» Яны сказалі: «Сем».

І сказаў ім: як жа яшчэ не разумееце?
 
I сказаў ім: «Дык як-жа вы яшчэ не разумееце?»

Прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць, каб да яго дакрануўся.
 
I прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога ды просяць, каб дакрануўся да Яго.

Ён, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго зь селішча прэч і, плюнуўшы яму на вочы, усклаў на яго рукі, і спытаўся ў яго: ці бачыць што?
 
Ён узяў сьляпога за руку, вывеў яго за сялібу і, плюнуўшы яму ў вочы, паклаў на яго рукі й спытаў у яго, ці што бачыць.

Той, зірнуўшы, сказаў: бачу людзей, што праходзяць, як дрэвы.
 
I той, узіраючыся, сказаў: «Бачу людзей, нібы дрэвы хадзячыя».

Потым зноў усклаў рукі на вочы яму, і загадаў яму зірнуць. І ён выздаравеў, і пачаў бачыць усё ясна.
 
Тады ізноў палажыў рукі на вочы яго й адкрыў зрок, і ён стаў бачыць усё ясна.

І паслаў яго дамоў, сказаўшы: не заходзь у селішча і не расказвай нікому ў селішчы.
 
I адаслаў яго дадому, сказаўшы: «Не заходзь у вёску, і нікому ў сялібе не расказвай».

І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў селішчы Кесарыі Піліпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго ўважаюць Мяне людзі?
 
I пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў паселішчы Касарыі Піліпавай; у дарозе пытаў у вучняў Сваіх: «3а каго уважаюць Мяне людзі?»

Яны адказвалі: за Яна Хрысьціцеля, а другія — за Ільлю, а іншыя — за аднаго з прарокаў.
 
Яны адказалі: «За Яна Хрысьціцеля; іншыя — за Ільлю; іншыя-ж — за аднаго з прарокаў».

Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстос.
 
Ён-жа кажа ім: «А вы за каго Мяне ўважаеце?» Пётра ў адказ сказаў Яму: «Ты — Хрыстос».

І строга наказаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
 
I забараніў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.

І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы мае адпакутаваць; быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і забітым быць і на трэйці дзень уваскрэснуць.
 
I пачаў навучаць Іх, што прызначана Сыну Чалавечаму цяжка адпакутаваць і быць адрынутым праз старшыняў архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітаму, і на трэйці дзень уваскроснуць.

І гаварыў пра гэта адкрыта. А Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў пярэчыць Яму.
 
І гаварыў гэта выразна для ўсіх; Пётра-ж, адклікаўшы Яго, стаў супярэчыць Яму.

А Ён, абярнуўшыся і зірнуўшы на вучняў Сваіх, строга ўшчуў Пятра, сказаўшы: адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
 
Ён-жа, абярнуўшыся й глянуўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, сказаўшы: «Адыйдзі ад Мяне, шатане, бо думаеш не пра Божае, але пра людзкое».

І паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісьці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною сьледам;
 
І, падклікаўшы народ з вучнямі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча йсьці за Мною, адрачыся самога сябе й вазьмі крыж свой ды йдзі сьледам за Мною.

бо, хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Дабравесьця, той уратуе яе;
 
Бо хто хоча душу сваю зьберагчы, загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне й Евангельля, той зьбяражэ яе.

бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?
 
I якая карысьць чалавеку, калі б ён здабыў увесь сьвет, а душу сваю зьвярэдзіў.

альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
 
Альбо, што дасьць чалавек узамен за душу сваю.

бо, хто пасаромеецца Мяне і Маіх словаў у родзе гэтым распусным і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго са сьвятымі анёламі.
 
Хто-ж пастыдаецца Мяне й слоў Маіх у родзе гэтым блудным і грэшным, таго пастыдаецца й Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з ангеламі сьвятымі.»