1 У тыя дні зыйшлося ізноў мноства народу, і ня мелі пры сабе ежы; тады Ісус, паклікаўшы да Сябе вучняў Сваіх, сказаў ім:
2 «Шкада Мне людзей, што ўжо тры дні пры Мне й ня маюць чаго есьці».
3 Калі-ж адпушчу іх галодных дамоў, аслабеюць у дарозе, бо многія зь іх прыйшлі здалёк.
4 Вучні-ж Ягоныя сказалі Яму: «Скуль-жа мог-бы хто ў гэтай пустыні ўзяць хлеба, каб накарміць іх?»
5 I спытаўся ў іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны-ж сказалі Яму: «Сем».
6 Тады сказаў людзям сесьці на зямлю, і ўзяушы сем хлябоў, узьнёс хвалу і, паламаўшы, раздаў вучням Сваім, каб яны раздалі, і яны раздалі людзям.
7 Мелі яны й некалькі рыбаў; і іх дабраславіўшы, сказаў раздаць.
8 I елі й наеліся ўсе, і назьбіралі астачы сем кашоў.
9 Было-ж усіх, што елі, каля чатырох тысячаў: Тады адпусьціў іх.
10 I зараз-жа сеў у човен з вучнямі Сваімі й прыбыў у ваколіцы Далмануцкія.
11 Фарысеі-ж, папрыходзіўшы, пачалі зь Ім спрачацца, і патрабавалі ад Яго знаменьня зь неба, спакушаючы Яго.
12 I, уздыхнуўшы ў душы Сваёй, сказаў: «Нашто род гэты дамагаецца знаменьня? Запраўды кажу вам, ня будзе дадзена знаменьне роду гэтаму».
13 I, пакінуўшы іх, ізноў увайшоў у човен, і адплылі на другі бок.
14 Вучні-ж Ягоныя забыліся ўзяць хлеба, і апрача аднае баханкі хлеба нічога з сабою ня мелі.
15 А Ён перасьцерагаў іх, кажучы: «Глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарысейскай і закісі Ірадавае».
16 I яны, разважаючы між сабою, гаварылі: «Гэта пра тое, што ў нас хлеба няма».
17 Ісус, зразумеўшы гэта, кажа ім: «Што разважаеце пра тое, што хлеба ня маеце? Ці яшчэ ня цяміце й не разумееце? Ці яшчэ ацьвярдзелае сэрца вашае?
18 Маючы вочы ня бачыце, маючы вушы ня чуеце й не памятаеце?
19 Калі Я паламаў пяць хлябоў на пяць тысячаў, колькі поўных карабоў кавалкаў назьбіралі вы?» Кажуць Яму: «Дванаццаць».
20 «А калі сем для чатырох тысячаў, колькі кашоў пазасталых кавалкаў набралі вы?» Яны сказалі: «Сем».
21 I сказаў ім: «Дык як-жа вы яшчэ не разумееце?»
22 I прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога ды просяць, каб дакрануўся да Яго.
23 Ён узяў сьляпога за руку, вывеў яго за сялібу і, плюнуўшы яму ў вочы, паклаў на яго рукі й спытаў у яго, ці што бачыць.
24 I той, узіраючыся, сказаў: «Бачу людзей, нібы дрэвы хадзячыя».
25 Тады ізноў палажыў рукі на вочы яго й адкрыў зрок, і ён стаў бачыць усё ясна.
26 I адаслаў яго дадому, сказаўшы: «Не заходзь у вёску, і нікому ў сялібе не расказвай».
27 I пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў паселішчы Касарыі Піліпавай; у дарозе пытаў у вучняў Сваіх: «3а каго уважаюць Мяне людзі?»
28 Яны адказалі: «За Яна Хрысьціцеля; іншыя — за Ільлю; іншыя-ж — за аднаго з прарокаў».
29 Ён-жа кажа ім: «А вы за каго Мяне ўважаеце?» Пётра ў адказ сказаў Яму: «Ты — Хрыстос».
30 I забараніў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.
31 I пачаў навучаць Іх, што прызначана Сыну Чалавечаму цяжка адпакутаваць і быць адрынутым праз старшыняў архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітаму, і на трэйці дзень уваскроснуць.
32 І гаварыў гэта выразна для ўсіх; Пётра-ж, адклікаўшы Яго, стаў супярэчыць Яму.
33 Ён-жа, абярнуўшыся й глянуўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, сказаўшы: «Адыйдзі ад Мяне, шатане, бо думаеш не пра Божае, але пра людзкое».
34 І, падклікаўшы народ з вучнямі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча йсьці за Мною, адрачыся самога сябе й вазьмі крыж свой ды йдзі сьледам за Мною.
35 Бо хто хоча душу сваю зьберагчы, загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне й Евангельля, той зьбяражэ яе.
36 I якая карысьць чалавеку, калі б ён здабыў увесь сьвет, а душу сваю зьвярэдзіў.
37 Альбо, што дасьць чалавек узамен за душу сваю.
38 Хто-ж пастыдаецца Мяне й слоў Маіх у родзе гэтым блудным і грэшным, таго пастыдаецца й Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з ангеламі сьвятымі.»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Марка Сьвятое Евангельле, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
