1 І ізноў пачаў навучаць над морам; і сабралася ля Яго такое мноства народу, што Ён увайшоў у човен і сядзеў на моры, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.
2 І доўга павучаў іх прыпавесьцямі, і ў навучаньні Сваім гаварыў ім:
3 «Слухайце: вось выйшаў сейбіт сеяць.
4 I калі ён сеяў, адно насеньне ўпала на дарогу, і наляцелі птушкі й падзяўблі яго.
5 Іншае ўпала на грунт камяністы, дзе было мала зямлі, і хутка ўзыйшло, бо зямля была неглыбокая.
6 Калі-ж прыгрэла сонца, яно завяла і, ня маючы караня, ссохла.
7 Іншае ўпала ў цярніну; і вырасла цярніна й заглушыла яго, і плоду ня выдала.
8 Іншае ўпала ў добрую глебу й дало плён: адно трыццаць, іншае шэсьцьдзесят, іншае стакроць».
9 I сказаў ім: «Хто мае вушы слухаць, няхай слухае».
10 Калі-ж астаўся без народу, тыя, якія былі зь Ім разам з дванаццацьма, папыталіся ў Яго пра прыпавесьць.
11 І сказаў ім: «Дадзена вам пазнаваць тайніцы Ўладарства Божага, а тым пабочным усё падаецца ў прыпавесьцях.
12 Што гледзячы вачыма сваімі — ня бачаць, слухаюць вушамі сваімі — не разумеюць, каб не навярнуцца ды каб ня былі дараваныя ім грахі іхныя».
13 I кажа ім: «Не разумееце гэтае прыпавесьці? Як-жа вам зразумець усе прыпавесьці?
14 Сейбіт слова сее.
15 Пасеянае пры дарозе азначае тых, між якіх слова сеецца, але як толькі пачуюць, зараз-жа прыходзіць шатан і вырывае слова, пасеянае ў сэрцах іхных.
16 Таксама пасеянае на камяністым груньце — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыймаюць яго з радасьцяй.
17 Але ня маюць у сабе карэньня, і трымаюцца да часу; калі-ж прыходзіць трывога, уціск і гнабленьне за слова, зараз-жа спакушаюцца.
18 А тыя, што ў цярніне пасеяныя — гэта тыя, якія чуюць слова.
19 Але жыцьцёвыя клопаты, зманлівасьць багацьця й розныя іншыя жаданьні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплённым.
20 А пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, якія чуюць слова, прыймаюць яго й даюць плён — адзін у трыццаць, другі ў шэсьцьдзесят, іншы ў стакроць».
21 І сказаў ім: «Ці-ж на тое прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну, або пад ложак? А ці-ж не для таго, каб паставіць яе на падсьвечніку?
22 Бо няма нічога тайнага, каб ня сталася яўным, і нічога сукрытага, каб ня выявілася.
23 Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае.»
24 I сказаў ім: «Заўважайце, што чуеце: якою мераю мераеце, такою й вам адмерана будзе й дададзена будзе вам слухаючым.
25 Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адыймецца й тое, што мае.»
26 I сказаў: «Уладарства Божае падобнае да чалавека кідаўшага насеньне ў землю.
27 І сьпіць, і устае; і ноч і дзень, і насеньне прарастае й расьце без яго веданьня.
28 Бо зямля сама сабою родзіць: сьпярша рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.
29 Калі-ж насьпее плён, зараз-жа пасылае жаць, бо настала жніва.»
30 І сказаў: «Да чаго прыпадобнім Уладарства Божае? Ці якою прыпавесьцяй выкажам Яго?
31 Яно, як зерне гарчычнае: калі высяваецца ў зямлю, яно меншае за ўсякае зерне на зямлі.
32 Калі-ж пасеянае ўзрастае, становіцца большае за ўсякае зельле, і выпускае вялікія галінкі, і ў цені іх могуць хавацца птушкі нябесныя.»
33 I гэткімі шматлікімі прыпавесьцямі прамаўляў да іх слова, наколькі яны маглі ўспрыняць.
34 Без прыпавесьці не гаварыў ім; а вучням асобна разьясьняў усё.
35 Таго-ж дня ўвечары ім сказаў: «Пераплывем на той бок».
36 І яны, адправіўшы народ, узялі Яго з сабою, так як быў у чаўне, і былі зь Ім іншыя чаўны.
37 І ўсхадзілася вялікая бура, хвалі так білі ў човен, што човен пачаў напаўняцца вадою.
38 Ён-жа Сам спаў пры стырне на ўзгалоўі; Яго будзяць і кажуць Яму: «Настаўніку, няўжо Ты ня дбаеш, што мы загібаем?»
39 І ўстаўшы, Ён супакоіў вецер і азваўся да мора: «Сьціхні, супакойся!» I заціх вецер, і стала вялікая ціша.
40 I сказаў ім: «Чаму вы такія баязьлівыя? Як-жа ў вас няма веры?»
41 Яны-ж праняліся страхам вялікім і гаварылі паміж сабою: «Хто-ж гэта, што і вецер і мора паслушныя Яму?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Марка Сьвятое Евангельле, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
