1 Тады Ісус ведзены быў Духам у пустыню дзеля спакусы ад д’ябла.
2 І, прапасьціўшы сорак дзён і сорак ночаў, нарэшце, пачуўся галодным.
3 І прыступіў да Яго спакусьнік і сказаў: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні сталіся хлябамі».
4 Ён-жа ў адказ сказаў: «Напісана ёсць: ня хлебам адзіным жыў будзе чалавек, але ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых».
5 Потым бярэ Яго д’ябал у сьвятое места й ставіць Яго на версе сьвятыні.
6 І кажа Яму: «Калі ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: ангелам Сваім накажа аб Табе ахаваць Цябе; і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнулася аб камень нага Твая».
7 Ісус-жа сказаў яму: «напісана таксама — не спакушай Госпада Бога Твайго».
8 І ізноў бярэ яго д’ябал на вельмі высокую гару й паказвае Яму ўсе гаспадарствы сьвету й славу іхную.
9 І кажа Яму: «Усё гэта дам Табе, калі, паўшы, паклонішся мне».
10 Тады сказаў яму Ісус: «Адыйдзі ад Мяне, шатане, бо напісана — Госпаду Богу пакланяйся, і Яму Адзінаму служы».
11 Тады пакінуў Яго д’ябал, і вось Ангелы, прыступіўшы, служылі Яму.
12 Калі Ісус дачуўся, што Ян зьняволены, адыйшоў у Галілею.
13 І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме, на ўзмор’і ў межах Завулонавых і Нэўфалімавых.
14 Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаварыў:
15 «Зямля Завулонава й зямля Нэўфалімава, па дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская.
16 Народ, у цемры бытуючы, убачыў сьвятло вялікае, і тым, якія аселі ў краіне ценю сьмерці, зазьзяла сьвятло».
17 З таго часу Ісус пачаў навучаць і гаварыць: «Пакайцеся, бо наблізілася Ўладарства Нябеснае».
18 Калі-ж прайходзіў каля мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў: Сымона, званага Пятром, і Андрэя, брата яго; яны зацягвалі сеткі ў мора, бо былі рыбакамі.
19 І кажа ім: «Ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў».
20
21 І, адыйшоўшы адтуль, убачыў іншых двух братоў: Якуба Заведэева й Яна, брата яго, у чаўне з бацькам іхным Заведэем, папраўляючымі сеткі свае, і паклікаў іх.
22 Яны зараз-жа, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
23 І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхных і абвяшчаючы Евангельле Ўладарства, і збаўляючы людзей ад усякіх нядугаў, і ад усякіх хваробаў.
24 І разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй Сырыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужных з рознымі хворасьцямі, і церпячых ад усякіх прыпадкаў, і апанаваных злыдухам, і лунатыкаў, і спараліжаваных, і Ён аздараўляў іх.
25 І за Ім ішло мноства народу з Галілеі, і зь Дзесяціградзьдзя, і зь Ерусаліму, і зь Юдэі, і з-за Ярдану.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
