1 Тады Ўладарства Нябеснае прыпадобніцца да дзесяцёх дзеваў, якія, узяўшы сьвяцільнікі свае, выйшлі на сустрэчу жаніха.
2 Пяць-жа зь іх было разумных, а пяць недарэкіх.
3 Недарэкія, узяўшы сьвяцільнікі свае, не ўзялі з сабою алею.
4 Разумныя-ж узялі й алею ў пасудзінах да сьвяцільнікаў сваіх.
5 А як жаніх замарудзіў, то задрамалі ўсе й паснулі.
6 Поўначчу пачуўся моцны голас: «Вось жаніх ідзе! Выходзьце на спатканьне яго».
7 Тады ўсталі ўсе дзевы, і паправілі сьвяцільнікі свае.
8 Недарэкія-ж сказалі разумным: «Дайце нам вашага алею, бо сьвяцільнікі нашыя гаснуць».
9 Але разумныя адказалі: «Каб не забракла й нам і вам, пайдзеце лепш да гандляроў і купеце сабе».
10 Калі-ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і прыгатаваныя ўвайшлі зь ім на вясельную бяседу, і дзьверы былі зачыненыя.
11 Потым прыходзяць і іншыя дзевы й кажуць: «Госпадзе, Госпадзе! Адчыні нам».
12 Ён-жа сказаў ім у адказ: «Сапраўды, кажу вам, ня знаю я вас».
13 Дык не драмлеце, бо ня ведаеце ні дня ні гадзіны, калі Сын Чалавечы прыйдзе.
14 Гэта падобна да чалавека, які, ад’яжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і здаў ім маёмасьць сваю.
15 І аднаму даў пяць талянтаў, іншаму — два, а яшчэ іншаму — адзін — кожнаму паводле яго магчымасьці.
16 Той, які атрымаў пяць талянтаў, пусьціў іх у справу, і прыдбаў яшчэ пяць талянтаў.
17 Таксама й той, які атрымаў два, прыдбаў яшчэ два.
18 Той-жа, які атрымаў адін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю й схаваў серабро гаспадара свайго.
19 Па доўгім часе вярнуўся гаспадар слугаў тых і запатрабаваў у іх разьліку.
20 І падыйшоў першы, які дастаў пяць талянтаў, і прынёс другія пяць талянтаў, кажучы: «Гаспадару, пяць талянтаў ты мне даў, вось яшчэ пяць талянтаў я здабыў іх».
21 І сказаў яму гаспадар: «Добра, добры й верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго».
22 Падыйшоў таксама й той, які дастаў два талянты й сказаў: «Гаспадару! Два талянты ты мне даў, вось я здабыў на іх другіх два».
23 Сказаў яму гаспадар яго: «Добра, слуга добры й верны! У малым ты быў верны. Над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго».
24 Той-жа, які дастаў адзін талянт, падыйшоўшы, сказаў: «Гаспадару! Я ведаў, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў.
25 Дык, пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі, і вось маеш тваё».
26 Гаспадар-жа яго сказаў яму ў адказ: «Злы слуга й лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў.
27 Дзеля гэтага трэба было табе аддаць мае грошы купцом, і я, вярнуўшыся, узяў-бы сваё з прыбыткам.
28 Дык вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў.
29 Бо ўсякаму, хто мае, дадасца й прыспорыцца, а хто ня мае, у таго адыймецца й тое, што мог-бы мець.
30 А нягоднага слугу ўкіньце у цемру бяздонную, там будзе плач і скрыгат зубоў». Гэта сказаўшы, усклікнуў: «Хто мае вушы, хай слухае.
31 Калі-ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя ангелы зь Ім, тады сядзе на Пасадзе славы свае.
32 І зьбяруцца прад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад іншых, як пастух аддзяляе авец ад казлоў.
33 І паставіць авец па правым баку ад Сябе, а казлоў — па левым.
34 Тады скажа Ўладар тым, хто направа ад Яго: «Прыйдзеце дабраславёныя Айца Майго, насьледуйце Ўладарства, прыгатаванае вам ад ставрэньня сьвету.
35 Бо Я быў галодны, і вы накармілі Мяне. Я меў смагу, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне.
36 Быў нагім, і вы адзелі Мяне; быў хворым, і вы наведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне».
37 Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці смаглым — і напаілі?
38 Калі мы бачылі Цябе падарожным, і прынялі, ці нагім, і адзелі?
39 Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязьніцы й прыйшлі да Цябе?»
40 І Ўладар скажа ім ў адказ: «Папраўдзе кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму зь меншых братоў Маіх — Мне зрабілі».
41 Тады скажа й тым, якія па левым баку Яго: «Ідзеце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, прыгатаваны д’яблу й ангелам яго.
42 Бо Я быў галодны, і вы не накармілі Мяне; хацеў піць, і вы не падалі Мне вады.
43 Быў падарожным, і вы ня прынялі Мяне; быў нагім, і вы не адзелі Мяне; быў хворым і ў вязьніцы, і вы не наведалі Мяне».
44 Тады й яны скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным ці смагнучым, ці падарожнікам, ці нагім або хворым, або ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?»
45 Тады скажа ім у адказ: «Папраўдзе кажу вам: калі вы не зрабілі гэтага ніводнаму з гэтых меншых, то й Мне не зрабілі».
46 І пойдуць гэтыя на мýку вечную, а праведнікі — у жыцьцё вечнае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 25 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
