1 Ісус, зьвяртаючыся да іх, зноў гаварыў ім прыпавесьцямі, кажучы:
2 «Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека-ўладара, які справіў вясельле сыну свайму.
3 І паслаў слугаў сваіх клікаць запрошаных на вясельле, і не хацелі прыйсьці.
4 Зноў паслаў іншых слугаў, наказваючы: Скажэце запрошаным: вось я прыгатаваў абед мой, валы мае й кормнікі забітыя, і ўсё гатова, прыходзьце на вясельную бяседу.
5 Яны-ж, зьняважыўшы гэта, пайшлі: хто на поле сваё, хто да гандлю свайго.
6 Іншыя-ж, схапіўшы слугаў яго, назьдзекаваліся й забілі іх.
7 Пачуўшы тое, уладар угнявіўся й паслаў войска сваё, зьнішчыў забойцаў тых і спаліў месты іхныя.
8 Тады кажа ён слугам сваім: Вясельле гатовае, але званыя не былі дастойнымі.
9 Дык пайдзеце на ростані й клічце на вясельле ўсіх, каго сустрэнеце.
10 І слугі яго, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі — і добрых, і благіх — і на вясельнай бяседзе было поўна гасьцей.
11 Уладар, прыйшоўшы паглядзець гасьцей, убачыў там чалавека ўбранага не ў вясельнае адзеньне.
12 І кажа яму: Дружа! Як ты ўвайшоў сюды не ў вясельнай вопратцы? Той-жа маўчаў.
13 Тады сказаў уладар слугам сваім: «Вазьмеце яго, зьвяжэце яму рукі й ногі, і ўкіньце яго ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатаньне зубоў.
14 Бо многа пазваных, але мала выбраных».
15 Тады фарысеі, зыйшоўшыся, радзіліся, як-бы ўлавіць Яго на словах Ягоных.
16 І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: «Настаўніку! Мы ведаем, што Ты справядлівы й праўдзіва настаўляеш на шлях Божы, ды ня дбаеш дагаджаць каму-небудзь, бо не ўзіраешся на абліччы асобаў.
17 Дык скажы нам, як ты думаеш? Ці законна даваць падатак кесару, ці не?»
18 Але Ісус, ведаючы іхную нягоднасьць і подступ, сказаў: «Што выпрабоўваеце Мяне, крывадушнікі?
19 Пакажэце мне падатковую манету». Яны прынясьлі Яму дынар.
20 Тады Ісус кажа ім: «Чый гэта тут воблік і надпіс?»
21 Яны сказалі Яму: «Кесаравы». Тады сказаў ім: «Дык аддайце кесарава кесару, а Божае Богу».
22 Пачуўшы гэтае, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі.
23 У той-жа дзень прыступілі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і пыталіся ў Яго, кажучы:
24 «Настаўніку! Майсей сказаў: «Калі хто памрэ, не пакінуўшы дзяцей, то брат яго няхай возьме жонку ягоную ды адродзіць патомства брату свайму».
25 Было-ж у нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр, і, ня маючы патомства, пакінуў жонку браты свайму.
26 Таксама й другі й трэйці аж да сёмага.
27 Пасьля-ж усіх памерла й жонка.
28 Дык пры ўваскрасеньні каторага зь іх сямёх будзе яна жонкаю, бо ўсе мелі яе?»
29 Адказваючы ім, Ісус сказаў: «Памыляецеся, ня ведаючы Пісаньня, ані сілы Божае.
30 Бо пры ўваскрасеньні ня жэняцца, ані замуж ня йдуць, але бытуюць у небе, як анёлы Божыя.
31 А пра ўваскрасеньне, ці-ж не чыталі вы сказанага ад Бога:
32 Я Бог Абрагама, і Бог Ісака, і Бог Якуба. Бог ня ёсьць Богам мёртвых, але Богам жывых».
33 І слухаючы, народ дзівіўся з навукі Яго.
34 Фарысеі, дачуўшыся, як Ён спыніў садукеяў, сыйшліся разам.
35 І адзін зь іх, законьнік вучоны, спакусьліва папытаў у Яго, кажучы:
36 «Настаўніку! Які запавет найбольшы ў законе?»
37 Ісус-жа сказаў яму: «Узьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім.
38 Гэта ёсьць першы й найбольшы запавет.
39 Другі-ж, падобны да яго: любі бліжняга твайго, як самога сябе.
40 На гэтых двух запаветах грунтуецца ўвесь закон і прарокі».
41 Сабраным-жа фарысеям Ісус задаў пытаньне, кажучы:
42 «Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын?» Кажуць Яму: «Давідаў».
43 І гаворыць ім: «Як-жа Давід у натхненьні заве Яго Госпадам, калі кажа:
44 Сказаў Госпад Госпаду Майму: Сядзі праваруч Мяне, дакуль не палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх.
45 Калі-ж Давід называе Яго Госпадам, як-жа Ён сын яму?»
46 І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова, і з таго дня ніхто ўжо не адважваўся больш даваць Яму пытаньні.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 22 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
