Біблія » Пераклады » Пераклад Міцкевіча (Прускага)

Мацьвея 24 Паводле Мацьвея 24 разьдзел

1 І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні і падышлі да Яго вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будыніны сьвятыні.
2 Ісус-жа ў адказ сказаў ім: «Бачыце ўсё гэта? Папраўдзе кажу вам: Не астанецца тут каменя на камені — усё будзе разбурана».
3 Калі-ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, прыступілі да Яго вучні Ягоныя насамоце, кажучы: Скажы нам, калі гэта станецца, і якія адзнакі Твайго прыйсьця й канца сьвету?
4 Ісус сказаў ім у адказ: «Сьцеражэцеся, каб хто не зманіў вас.
5 Бо шматлікія прыйдуць пад імем Маім і будуць гаварыць: Я Хрыстос і многіх абмануць.
6 Таксама пачуеце пра войны й пагалоскі пра войны; глядзеце, не трывожцеся, бо належыць усяму гэтаму стацца, але гэта яшчэ не канец.
7 Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства, і будуць галадоўлі, паморы й землятрасеньні мясцамі.
8 Але гэта ўсё — пачатак гора.
9 Тады будуць выдаваць вас на пакуту, і будуць забіваць вас, і будзеце ў нянавісьці сярод усіх народаў дзеля імя Майго.
10 І тады спакусяцца многія, і адзін аднаго будуць выдаваць і ненавідзець адзін аднаго.
11 І шмат фальшывых прарокаў паўстане й спакусяць многіх.
12 І ад пашырэньня беззаконьня выгасае любоў.
13 Хто-ж выцерпіць да канца, той збавёны будзе.
14 І абвешчана будзе гэтае Евангельле Ўладарства па ўсім сьвеце дзеля сьведчаньня ўсім народам, і тады (будзе) канец.
15 Вось-жа, калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую гаварыў прарок Даніла, што паўстане на сьвятым месцы (няхай стане розуму таму, хто чытае).
16 Тады, хто ў Юдэі, няхай бяжыць у горы.
17 А хто на страсе, няхай не зыходзіць узяць штось з дому свайго.
18 І хто на полі, няхай не вяртаецца назад узяць адзеньне сваё.
19 Гора-ж цяжарным і карміцелькам немаўлят у дні тыя.
20 Дык малецеся, каб не давялося вам уцякаць узімку ці ў сыботу.
21 Бо тады будзе гора вялікае, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе.
22 І калі-б не скараціліся дні тыя, то не ўхавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных скароцяцца дні тыя.
23 Тады, калі-б хто сказаў вам: Вось тут Хрыстос ці там — ня верце.
24 Бо паўстануць лжэхрысты й фальшывыя прарокі і пакажуць вялікія знаменьні й цуды, каб спакусіць, калі магчыма, і выбраных.
25 Вось Я наўперад сказаў вам.
26 Дык калі скажуць вам: Вось Ён у пустыні — не выходзьце; вось Ён у скрытым пакоі — ня верце.
27 Бо, як маланка зыходзіць з усходу й зіхаціць аж да заходу, так будзе прыйсьце Сына Чалавечага.
28 Бо дзе-б ні быў труп, там зьбяруцца й арлы.
29 І зараз па вялікай бядзе дзён тых сонца зьмеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоры зь неба спадуць, і сілы нябесныя зрушацца.
30 Тады зьявіцца знаменьне Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе плямёны зямныя, і угледзяць Сына Чалавечага, ідучага на воблаках нябесных зь сілаю й славаю вялікаю.
31 І пашле ангелаў сваіх з гучным голасам трубаў, і зьбяруць выбраных Яго ад чатырох вятроў, ад аднаго краю неба да другога.
32 Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе распускаюцца й выпускаюць лісьце, то ведаеце, што блізка ўжо лета.
33 Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка, пры дзьвярах.
34 Запраўды, кажу вам: Не праміне род гэты, як усё гэта станецца.
35 Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
36 Дня таго й гадзіны ня ведае ніхто, ані Ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой Адзіны.
37 Як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага.
38 Бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся й замуж выходзілі, да таго дня, калі ўвайшоў Ной у судно.
39 І ня ведалі, пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх; гэтак будзе і ў прыход Сына Чалавечага.
40 Тады, калі на полі будуць двое, адзін бярэцца, а другі пакідаецца.
41 Будуць дзьве пры жорнах малоць — адна бярэцца, другая пакідаецца.
42 Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.
43 Ведама-ж вам, што калі-б гаспадар дому ведаў, у якую старожу ночы прыйдзе злодзей, ён тады вартаваў-бы, і ня даў-бы падкапацца пад свой дом.
44 Дык будзьце прыгатаванымі й вы, бо ў неспадзяваную для вас гадзіну прыйдзе Сын Чалавечы.
45 Хто-ж верны й разумны слуга, якога гаспадар паставіў у доме сваім, каб даваць яду людзям у сваім часе.
46 Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар дому, прыйшоўшы, застане робячы належна.
47 Папараўдзе кажу вам, над усёй маёмасьцяй сваёй паставіць яго.
48 Калі благі слуга скажа сам сабе: «Не сьпяшаецца гаспадар мой»; і пачне біць сяброў сваіх ды есьці й піць з п’яніцамі —
49 Тады прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень нечаканы, і ў гадзіну, яму няведамую.
50 І адлучыць яго, і прыдзеліць яму лёс разам з крывадушнікамі, там будзе плач і скрыгат зубоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 24 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.