1 І калі падыйшлі да Ерусаліму і ўвайходзілі ў Віфагію пры гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў, кажучы ім:
2 «Ідзеце ў аселішча, што проста перад вамі, і зараз-жа знойдзеце асьліцу прывязаную й пасьля зь ёю. Адвязаўшы, прывядзеце іх да Мяне.
3 І калі хто скажа вам штось, адкажэце, што яны патрэбны Госпаду — і ўраз-жа пашле».
4 Усё гэта сталася, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць:
5 «Скажэце дачцы Сыонавай: вось Уладар твой ідзе да цябе, лагодны, седзячы на асьліцы й асьляці, сыне пад’ярэмнай».
6 І, пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус.
7 Прывялі асьліцу й асьля й палажылі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх іх.
8 Гурмы народу пасьцілалі вопратку сваю па дарозе, а іншыя зразалі галінкі дрэў і пасьцілалі імі дарогу.
9 Мноства народу, што йшло перад Ім і за Ім, ідучы ўсклікалі: «Гасанна Сыну Давідаву! Дабраславёны, Хто йдзе ў імя Гасподняе! Гасанна ў вышынях!».
10 І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, усё места ўзрушылася, і гаварылі: «Хто-ж гэта?».
11 Народ-жа адказаў: «Гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага».
12 Ісус-жа, увайшоўшы ў сьвятыню Божую, выгнаў усіх прадаўцоў і пакупнікаў у сьвятыні й сталы мянялаў і лавы гандляроў галубамі перавярнуў.
13 І сказаў: «Напісана ёсьць: дом Мой домам малітвы назавецца, а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў».
14 І прыступілі да Яго ў сьвятыні сьляпыя й калекі, і Ён іх аздаравіў.
15 Архірэі-ж і кніжнікі, гледзячы на цуды, якія Ён стварыў, і на дзяцей, якія ўсклікалі ў сьвятыні: «Гасанна Сыну Давідаву!» — праняліся нянавісьцяй.
16 І сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны гавораць?» Ісус-жа кажа ім: «Так! Ці-ж вы ніколі ня чыталі, што з вуснаў дзетак і сасункоў Ты ўчыніў хвалу?»
17 І пакнінуўшы іх, пайшоў зь места ў Віфанію й там застаўся.
18 А нараніцы, вяртаючыся ў места, адчуў голад.
19 І, угледзеўшы пры дарозе смакоўніцу, падыйшоў да яе, і не знайшоўшы на ёй нічога, апрача толькі лісьця, сказаў да яе: «Няхай-жа ніколі ня будзе на табе плоду давеку». І смакоўніца зараз жа засохла.
20 Убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся й гаварылі: «Як-жа хутка засохла смакоўніца».
21 Ісус-жа ў адказ сказаў ім: «Папраўдзе кажу вам, калі будзеце мець веру бяз сумліву, дык ня толькі падобнае да смакоўнічага створыце, але каб і гары гэтай сказалі: Узьніміся й кінься ў мора — гэтак станецца.
22 І ўсё, чаго папросіце ў малітве зь вераю, атрымаеце».
23 І калі прыйшоў Ён у храм і навучаў, прыступілі да Яго архірэі й старшыні народныя, кажучы: «Якою ўладаю Ты гэта чыніш, і хто Табе даў гэткую ўладу?»
24 У адказ ім Ісус сказаў: «Я таксама дам вам адно пытанне, і калі вы Мне адкажаце, то й Я вам скажу, якою ўладаю гэта чыню».
25 «Хрышчэньне Янава адкуль было? Зь неба ці ад людзей?» Яны-ж разважылі між сабою: «Калі скажам: Зь неба, Ён скажа нам: — Чаму-ж вы не паверылі яму?»
26 А калі скажам — ад людзей, боязна прад народам, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока».
27 І ў адказ Ісусу сказалі: «Мы ня ведаем». Тады Ісус сказаў ім: «Не скажу й Я вам, якою ўладаю гэта чыню.
28 Як вы думаеце? Нейкі чалавек меў двух сыноў і, падыйшоўшы да першага сказаў: Сыне, ідзі сёньня працаваць у вінаградніку маім.
29
30 Той-жа ў адказ сказаў: Я йду, гаспадару — і не пайшоў.
31 Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Ісус гаворыць ім: «Папраўдзе кажу вам, што мытнікі й блудніцы йдуць наперадзе вас у Валадарства Божае.
32 Бо прыйшоў да вас Ян Хрысьціцель шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму; а мытнікі й блудніцы паверылі яму; вы-ж, бачыўшы гэтае, не пакаяліся потым, каб паверыць яму».
33 «Іншую прыпавесьць слухайце. Нейкі чалавек, гаспадарны домаўласьнік, насадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго, выкапаў у ім сьцёк, пабудаваў вежу і, здаўшы яго вінаградарам, адышоў.
34 Калі-ж надышоў час плёнаў, ён паслаў слугаў сваіх узяць плёны свае.
35 Вінаградары, схапіўшы слугаў яго, аднаго прыбілі, іншага забілі, а яшчэ іншага каменьнямі пабілі.
36 Зноў паслаў ён іншых слугаў, больш, як першы раз. І зь імі зрабілі тое самае.
37 Урэшце, паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: Яны ўважаць на сына майго.
38 Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: «Гэта спадкаемца, давайце заб'ём яго й заўладаем спадчынай ягонай».
39 І ўзяўшы яго, вывелі вонкі зь вінаградніку й забілі.
40 Што-ж зробіць гаспадар з гэтымі вінаградарамі, калі вернецца дадому?»
41 Кажуць Яму: «Злыдняў гэтых аддасьць на ліхую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плёны ў свой час».
42 Ісус кажа ім: «Няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні, што камень, зганьбаваны будаўнічымі, той самы стаўся галавою вугла; ад Госпада сталася гэта, і ёсьць дзіўна ў вачох вашых.
43 Дзеля гэтага кажу вам, што адыймецца ад вас Уладарства Божае й дадзена будзе народу, які творыць плёны яго.
44 І хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, разатрэ».
45 І, пачуўшы прыпавесьці Ягоныя, архірэі й фарысеі зразумелі, што гаворыць пра іх.
46 І стараліся схапіць Яго, але пабаяліся народу, бо Яго ўважалі за прарока.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 21 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
