Біблія » Пераклады » Пераклад Міцкевіча (Прускага)

Мацьвея 16 Паводле Мацьвея 16 разьдзел

1 І прыступілі да Яго фарысеі й садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім знаменьні зь неба.
2 Ён-жа ў адказ сказаў ім: «Увечары вы кажаце — будзе пагода, бо неба чырвеніцца.
3 А раніцай кажаце: Сёньня будзе непагадзь, бо неба багрыцца й захмурваецца. Аблуднікі! Воблік неба распазнаць умееце, а знаменьняў часу пазнаць ня можаце.
4 Род ілжывы й чужаложны знаменьняў шукае, але знаменьне ня дасца яму, апрача знаменьня Ёны-прарока.» І пакінуўшы іх, адыйшоў.
5 І, калі пераплылі на другі бок мора, вучні Ягоныя заўважылі, што забыліся ўзяць хлебы.
6 Ісус-жа сказаў ім: «Глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарысейскай і садукейскай».
7 Яны-ж разважалі між сабою, гаворачы: «Гэта дзеля таго, што мы хлябоў не ўзялі».
8 Але Ісус, ведаючы гэта, сказаў ім: «Што вы разважаеце між сабою, што хлеба не ўзялі?
9 Ці яшчэ не разумееце й не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысячаў? І колькі карабоў набралі?
10 Ці пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі карабоў назьбіралі?
11 Чаму не разумееце, што не пра хлеб гаварыў Я вам — сьцеражэцеся закісі фарысейскай і садукейскай».
12 Тагды зразумелі, што казаў ім сьцерагчыся ня закісі хлебнае, а навукі фарысейскай і садукейскай.
13 Прыйшоўшы ў землі Кесарыі Піліпавае, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх: «За каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?»
14 Яны сказалі: «Адны — за Яна Хрысьціцеля, іншыя за Ільлю, а яшчэ іншыя за Ерамію, ці за аднаго з прарокаў».
15 Кажа ім Ісус: «А вы-ж за каго прызнаеце Мяне?»
16 Сымон Пётра, адказваючы, сказаў: «Ты Хрыстос, Сын Бога Жывога».
17 Тады Ісус прамовіў яму ў адказ: «Шчасьлівы ты, Сымоне, сын Ёнін, бо ня цела й кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой Нябесны.
18 І Я кажу табе: Ты — камень, і на гэтым камені Я збудую Царкву Маю, і моц пякельная не адолее Яе.
19 І дам табе ключы Ўладарства Нябеснага, і што зьвязаш на зямлі, будзе зьвязана ў нябёсах, і што разьвяжаш на зямлі, будзе разьвязанае ў нябёсах».
20 Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не гаварылі, што Ён Ісус Хрыстос.
21 З таго часу пачаў Ісус адкрываць вучням Сваім, што Яму належыць ісьці ў Ерусалім і многа пацярпець ад старэйшын і архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскроснуць.
22 Пётра-ж, адклікаўшы Яго, пачаў угаворваць Яго, кажучы: «Зьмілуйся над Сабой, Госпадзе! Няхай ня станецца гэтага з Табою».
23 Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адступіся ад Мяне, шатане! Ты Мне спакуса, бо думаеш не пра Божае, але пра людзкое».
24 Тады Ісус сказаў вучням Сваім: «Хто хоча йсьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе й возьме крыж свой да йдзе за Мною.
25 Бо хто хоча душу сваю ўсьцерагчы, загубіць яе.
26 Якая-ж карысьць чалавека, калі-б ён здабыў увесь сьвет, а душу сваю зьвярэдзіў? Або які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
27 Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з ангеламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў яго.
28 Папраўдзе кажу вам: Ёсьць некаторыя з прысутных тут, якія не зазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, калі прыйдзе ў Валадарстве Сваім».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.