Мацьвея 16 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
І падступіліся фарысэі і садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім азнаку зь неба.
І прыступілі да Яго фарысеі й садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім знаменьні зь неба.
А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба агністае;
Ён-жа ў адказ сказаў ім: «Увечары вы кажаце — будзе пагода, бо неба чырвеніцца.
і раніцай: сёньня непагадзь, бо неба агніста-хмарнае. Крывадушнікі! аблічча неба вы ўмееце адрозьніваць, а азнакаў часу ня можаце?
А раніцай кажаце: Сёньня будзе непагадзь, бо неба багрыцца й захмурваецца. Аблуднікі! Воблік неба распазнаць умееце, а знаменьняў часу пазнаць ня можаце.
Род ліхі і пералюбны азнакі шукае, і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адышоў.
Род ілжывы й чужаложны знаменьняў шукае, але знаменьне ня дасца яму, апрача знаменьня Ёны-прарока.» І пакінуўшы іх, адыйшоў.
І перапраўляючыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў.
І, калі пераплылі на другі бок мора, вучні Ягоныя заўважылі, што забыліся ўзяць хлебы.
Ісус сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай.
Ісус-жа сказаў ім: «Глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарысейскай і садукейскай».
Яны ж разважалі самі сабе, кажучы: хлябоў мы не ўзялі.
Яны-ж разважалі між сабою, гаворачы: «Гэта дзеля таго, што мы хлябоў не ўзялі».
Уразумеўшы гэта, Ісус сказаў ім: што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі?
Але Ісус, ведаючы гэта, сказаў ім: «Што вы разважаеце між сабою, што хлеба не ўзялі?
Няўжо яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы набралі?
Ці яшчэ не разумееце й не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысячаў? І колькі карабоў набралі?
Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кошыкаў набралі?
Ці пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі карабоў назьбіралі?
Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам: «сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай»?
Чаму не разумееце, што не пра хлеб гаварыў Я вам — сьцеражэцеся закісі фарысейскай і садукейскай».
Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асьцерагацца не закваскі хлебнай, а вучэньня фарысэйскага.
Тагды зразумелі, што казаў ім сьцерагчыся ня закісі хлебнае, а навукі фарысейскай і садукейскай.
А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Піліпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?
Прыйшоўшы ў землі Кесарыі Піліпавае, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх: «За каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?»
Яны сказалі: адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а тыя за Ерамію альбо за аднаго з прарокаў.
Яны сказалі: «Адны — за Яна Хрысьціцеля, іншыя за Ільлю, а яшчэ іншыя за Ерамію, ці за аднаго з прарокаў».
Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?
Кажа ім Ісус: «А вы-ж за каго прызнаеце Мяне?»
І Сымон Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
Сымон Пётра, адказваючы, сказаў: «Ты Хрыстос, Сын Бога Жывога».
І Ісус сказаў яму ў адказ: дабрашчасны ты, Сымоне, сыне Ёнаў, бо ня плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсьць у нябёсах;
Тады Ісус прамовіў яму ў адказ: «Шчасьлівы ты, Сымоне, сын Ёнін, бо ня цела й кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой Нябесны.
і Я кажу табе: ты Пётр, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе.
І Я кажу табе: Ты — камень, і на гэтым камені Я збудую Царкву Маю, і моц пякельная не адолее Яе.
І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў нябёсах.
І дам табе ключы Ўладарства Нябеснага, і што зьвязаш на зямлі, будзе зьвязана ў нябёсах, і што разьвяжаш на зямлі, будзе разьвязанае ў нябёсах».
Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Хрыстос.
Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не гаварылі, што Ён Ісус Хрыстос.
З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерусалім і шмат выцерпець ад старэйшын і першасьвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
З таго часу пачаў Ісус адкрываць вучням Сваім, што Яму належыць ісьці ў Ерусалім і многа пацярпець ад старэйшын і архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскроснуць.
І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Хай ня будзе гэтага з Табою!
Пётра-ж, адклікаўшы Яго, пачаў угаворваць Яго, кажучы: «Зьмілуйся над Сабой, Госпадзе! Няхай ня станецца гэтага з Табою».
А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адступіся ад Мяне, шатане! Ты Мне спакуса, бо думаеш не пра Божае, але пра людзкое».
Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною;
Тады Ісус сказаў вучням Сваім: «Хто хоча йсьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе й возьме крыж свой да йдзе за Мною.
Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе;
Бо хто хоча душу сваю ўсьцерагчы, загубіць яе.
бо якая карысьць чалавеку, калі ён увесь сьвет здабудзе, а душу сваю змарнуе? альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
Якая-ж карысьць чалавека, калі-б ён здабыў увесь сьвет, а душу сваю зьвярэдзіў? Або які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі, і тады аддасьць кожнаму паводле спраў ягоных.
Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з ангеламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў яго.
Праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не скаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.
Папраўдзе кажу вам: Ёсьць некаторыя з прысутных тут, якія не зазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, калі прыйдзе ў Валадарстве Сваім».