Мацьвея 26 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
І сталася: калі прамовіў Ісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:
І было-ж, калі Ісус кончыў усе гэтыя словы, тады сказаў вучням Сваім:
вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне.
Ведайце, што за два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выданы на ўкрыжаваньне».
Тады сабраліся першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасьвятара, якога звалі Каяфа,
Тады зыйшліся архісьвятары, кніжнікі й старшыні народныя на падворак архісьвятара, званага Кайафа.
і дамовіліся ўзяць Ісуса хітрасьцю і забіць;
І ўмовіліся хітрасьцяй схапіць Ісуса й забіць.
але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.
Але гаварылі: «Толькі не ў сьвята, каб ня сталася забурэньне ў народзе».
Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,
Калі-ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона запракажонага,
прыступіла да Яго жанчына з алавастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла яму на галаву, калі Ён узьляжаў за сталом.
падыйшла да Яго жанчына, нясучы алябастравы слоічак дарагога алею, і паліла Яму на галаву, як Ён сядзеў за сталом.
Убачыўшы, вучні Ягоныя абурыліся і казалі: навошта такое марнатраўства?
Пабачыўшы гэтае, вучні Ягоныя сталі пасуджаць, гаворачы: «Нашто гэткае марнаваньне?
бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.
Можна-ж было прадаць гэтае мірра за добрую цану й даць убогім».
Але Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне;
Але Ісус, ведаючы гэта, сказаў ім: «Нашто пасуджаеце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне.
бо заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце;
Бо ўбогіх вы заўсёды маеце каля сябе, Мяне-ж не заўсёды маеце.
бо, выліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахаваньня;
Узьліўшы алей гэты на цела Маё, яна прыгатавала Мяне да пахаваньня.
праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.
Папраўдзе кажу вам: Дзе толькі будзе абвяшчацца гэтае Евангельле па ўсім сьвеце, сказана будзе пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе.
Тады адзін з дванаццацёх, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў
Тады адзін з дванаццацёх, званы Юда Іскарыёт, пайшоў да архісьвятароў,
і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;
і сказаў ім: «Што воліце даць мне, і я выдам Яго вам». Яны-ж вызначылі яму трыццаць сярэбранікаў.
і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.
З таго часу ён пачаў выглядаць зручнага моманту, каб выдаць Яго.
У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Ісуса і сказалі яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есьці пасху?
У першы-ж дзень прэсьнічны падыйшлі вучні да Ісуса й сказалі Яму: Дзе жадаеш прыгатаваць Табе Пасху да спажываньня?»
Ён жа сказаў: ідзеце ў горад да такога і такога і скажэце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі».
Ён-жа сказаў: «Ідзеце ў места да пэўнага чалавека й скажэце яму: Настаўнік кажа: Час Мой блізкі; у цябе спраўлю Пасху з вучнямі Маімі.
І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.
Вучні зрабілі, як сказаў ім Ісус, і прыгатавалі Пасху.
Калі ж зьвечарэла, Ён узьлёг з дванаццацьцю вучнямі;
Калі-ж настаў вечар, Ён заняў застольле з дванаццацьма вучнямі Сваімі.
І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
І калі яны елі, сказаў: «Папраўдзе кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне».
Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе?
І, моцна засмуціўшыся, яны пачалі, кожны паасобку, гаварыць: «Ці ня я, Госпадзе?»
А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне;
Ён-жа ў адказ сказаў: «Той, хто апусьціў са Мною руку ў пасудзіну, ён прадасьць Мяне.
зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца.
Але Сын Чалавечы йдзе, як пра Яго напісана, гора-ж таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца; лепш было-б гэтаму чалавеку не раджацца».
У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў.
Пры гэтым і Юда, які выдаваў Яго, сказаў: «Ці ня я, Настаўніку?». Ісус кажа яму: «Ты сказаў».
А калі яны елі: Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта Цела Маё.
І калі яны вячэралі, Ісус узяў хлеб, і дабрасловіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: «Вазьмеце й ежце, гэта ёсьць Цела Маё».
І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пеце зь яе ўсе;
І ўзяўшы чашу, узьнёс хвалу й падаў ім, кажучы: «Пеце зь яе ўсе;
бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў.
Гэта кроў Мая новага запавету, праліваная за многіх на адпушчэньне грахоў.
Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
І кажу вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі віно новае ў Валадарстве Айца Майго».
І засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.
І, запяяўшы, адыйшлі на гару Аліўную.
Тады кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі».
Тады сказаў ім Ісус: «Усе вы зьняверыцеся прада Мною ў гэтую ноч, як і напісана пра гэта: Паражý пастыра, і разьбягуцца авечкі стада.
А пасьля ўваскрэсеньня Майго сустрэну вас у Галілеі.
Па Ўваскрасеньні Маім спаткаю вас у Галілеі».
У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца ў Табе, я не запаняверуся.
Пётра-ж, адазваўшыся, кажа Яму: «Хоць-бы ўсе адцураліся Цябе, я не адступлюся ніколі».
Сказаў яму Ісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
І сказаў яму Ісус: «Папраўдзе кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым прапяе певень, тройчы адрачэсься ад Мяне».
Кажа Яму Пётр: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.
Пётра-ж кажа Яму: «А хоць-бы давялося мне памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Гэтак гаварылі ўсе вучні.
Потым прыходзіць зь імі Ісус у мясьціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.
Тады йдзе зь імі Ісус на месца, званае Гефсыманія й кажа вучням: «Пасядзеце тут, пакуль Я пайду памалюся там».
І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.
І, узяўшы Пятра й абодвух сыноў Завядэевых, упаў у скруху й вялікі жаль.
Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.
І тады кажа ім Ісус: «Душа Мая тужыць сьмяротна; пабудзьце тут, і чувайце пры Мне».
І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Войча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты.
І, адыйшоўшыся крыху, упаў на аблічча Сваё ды маліўся, прамаўляючы: «Войча Мой! Калі магчыма, няхай абміне Мяне чаша гэтая, але-ж ня як Я хачу, а як Ты».
І прыходзіць да вучняў і застае, што яны сьпяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною?
І, прыйшоўшы да вучняў, засьпяе іх сьпячымі; і кажа Пятру: «Ці-ж так не маглі вы аднае гадзіны пацярпець са Мною?
чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.
Чувайце й малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу, бо дух бадзёры, цела-ж — нядужае.
Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, хай будзе воля Твая.
І ізноў, адыйшоўшыся другі раз, маліўся, прамаўляючы: «Войча Мой! Калі ня можа чаша гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, няхай будзе воля Твая».
І прыйшоўшы, застаў, што зноў яны сьпяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.
І прыйшоўшы, ізноў знаходзіць іх сьпячымі, бо былі ў іх вочы ацяжалыя.
І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэйці раз, тое самае слова сказаўшы.
І, пакінуўшы іх, ізноў адыйшоўся й трэці раз маліўся тымі-ж словамі.
Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсе яшчэ сьпіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;
Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: «Вы ўсё яшчэ сьпіцё й супачываеце; вось настаў час, і Сын Чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.
устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.
Устаньце, пойдзем; вось, набліжаецца той, хто Мяне выдасьць».
І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Юда, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і старэйшын народных.
І калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з дванаццацёх, а зь ім вялікая грамада зь мячамі й кіямі, ад архісьвятароў і старшыняў народных.
А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць, вазьмеце Яго.
Здраднік-жа Ягоны даў ім знак, сказаўшы: «Каго я пацалую, гэта ёсьць Ён; бярэце Яго».
І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равьві! І пацалаваў Яго.
І зараз-жа падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: «Радуйся, Настаўнік! І пацалаваў Яго.
Ісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і паклалі рукі на Ісуса, і ўзялі Яго.
Ісус-жа сказаў яму: «Дружа, зь якім намерам прыйшоў ты, тады й рабі тое». Тады падыйшоўшыя паклалі рукі на Ісуса і ўзялі Яго.
І вось, адзін з тых, што былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасьвятаровага, адсек яму вуха.
І вось адзін з тых, якія былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы архісьвятаровага слугу, адсек яму вуха.
Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад меча і загінуць;
Тады сказаў яму Ісус: «Вярні меч свой на месца яго; бо ўсе, хто ўзьнімае меч, ад мяча загінуць.
альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
Ці думаецца табе, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, каб прыслаў Мне больш дванаццаці легіёнаў ангелаў?
як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць?
Дык як-жа збудзецца пісаньне, што гэтак павінна стацца?»
У тую гадзіну сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы ня бралі Мяне.
У той-жа час Ісус гаварыў да народу: «Нібы на разбойніка выйшлі вы зь мячамі й кіямі ўзяць Мяне; Я-ж кожны дзень сядзеў з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне.
А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
Усё-ж гэта сталася, каб збыліся пісаньні прарокаў». Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, разьбегліся.
А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы першасьвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
Воіны-ж, узяўшы Ісуса, павялі Яго да архісьвятара Кайафы, дзе былі сабраўшыся кніжнікі й старшыні.
А Пётр ішоў сьледам за Ім зводдаль, да двара першасьвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.
Пётра-ж ішоў сьледам за Ім здаля, да падворку архісьвятаровага, і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў разам з слугамі, каб бачыць канец.
Першасьвятары і старэйшыны і ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьведчаньня супроць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць;
Архісьвятары й старшыні ды ўвесь Сынедрыён шукалі фальшывага сьвядоцтва супраць Ісуса, каб усьмерціць Яго.
і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сьведкі
І не знаходзілі; і хоць многа фальшывых сьведкаў прыходзіла — не знайшлі; нарэшце, прыйшлі двух фальшывых сьведкаў.
і сказалі: Ён казаў: «магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».
І сказалі: Ён казаў: «Магу зруйнаваць храм Божы, і ў тры дні адбудаваць яго.»
І ўстаўшы, першасьвятар сказаў Яму: чаму нічога не адказваеш, што яны супроць Цябе сьведчаць?
Тады архісьвятар, устаўшы, сказаў Яму: «Нічога Ты ня можаш адказаць на тое, што гэтыя людзі падаюць супраць Цябе?»
А Ісус маўчаў. І першасьвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
Але Ісус маўчаў, і архісьвятар сказаў Яму: «Заклінаю Цябе Богам Жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?»
Кажа яму Ісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёньня ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.
Ісус кажа яму: «Ты сказаў, і больш скажу вам: ад гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, сядзячага праваруч Усемагутнасьці й ідучага на хмарах нябесных.
Тады першасьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: Ён блюзьнерыць. Навошта яшчэ нам сьведкі? Вось, вы чулі блюзьнерства Ягонае!
Тады архісьвятар разадраў вопратку сваю й сказаў: «Ён блюзьніць; што яшчэ патрэбна ад сьведак? Вось вы чулі Яго блюзьнерства.
Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты сьмерці.
Што вы думаеце?» Яны-ж сказалі ў адказ: «Варты сьмерці».
Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках.
Тады заплявалі аблічча Яго й штурхалі кулакамі; іншыя-ж білі Яго па шчоках,
І казалі: скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?
кажучы: «Адгадай нам, Хрысьце, хто Цябе ўдарыў.»
А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў зь Ісусам Галілеянінам.
А Пётра сядзеў вонках на падворку. І падыйшла да Яго адна служніца, кажучы: «І ты быў зь Ісусам Галілейскім?»
Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты кажаш.
Але ён адрокся прад усімі, сказаўшы: «Ня ведаю, што ты гаворыш».
А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем.
Калі-ж ён выходзіў за вароты, убачыла яго другая й гаворыць да тых, хто быў там: «І гэты быў зь Ісусам Назарэем».
І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я ня ведаю Гэтага Чалавека.
І ён ізноў адрокся, клянучыся, што ня ведае Гэтага Чалавека.
Крыху пазьней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе.
Крыху счакаўшы, падыйшлі былыя там і сказалі Пятру: «Напэўна й ты зь іх, бо мова твая выдае цябе».
Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа засьпяваў певень.
Тады ён пачаў клясьціся й бажыцца, што ня ведае Гэтага Чалавека. У гэты ж момант запяяў певень.
І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Ісусам: перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.
І ўспомніў Пётра словы, якія сказаў яму Ісус: «Перш, чым запяе певень, тройчы адрачэсься ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.