1 І было-ж, калі Ісус кончыў усе гэтыя словы, тады сказаў вучням Сваім:
2 Ведайце, што за два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выданы на ўкрыжаваньне».
3 Тады зыйшліся архісьвятары, кніжнікі й старшыні народныя на падворак архісьвятара, званага Кайафа.
4 І ўмовіліся хітрасьцяй схапіць Ісуса й забіць.
5 Але гаварылі: «Толькі не ў сьвята, каб ня сталася забурэньне ў народзе».
6 Калі-ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона запракажонага,
7 падыйшла да Яго жанчына, нясучы алябастравы слоічак дарагога алею, і паліла Яму на галаву, як Ён сядзеў за сталом.
8 Пабачыўшы гэтае, вучні Ягоныя сталі пасуджаць, гаворачы: «Нашто гэткае марнаваньне?
9 Можна-ж было прадаць гэтае мірра за добрую цану й даць убогім».
10 Але Ісус, ведаючы гэта, сказаў ім: «Нашто пасуджаеце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне.
11 Бо ўбогіх вы заўсёды маеце каля сябе, Мяне-ж не заўсёды маеце.
12 Узьліўшы алей гэты на цела Маё, яна прыгатавала Мяне да пахаваньня.
13 Папраўдзе кажу вам: Дзе толькі будзе абвяшчацца гэтае Евангельле па ўсім сьвеце, сказана будзе пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе.
14 Тады адзін з дванаццацёх, званы Юда Іскарыёт, пайшоў да архісьвятароў,
15 і сказаў ім: «Што воліце даць мне, і я выдам Яго вам». Яны-ж вызначылі яму трыццаць сярэбранікаў.
16 З таго часу ён пачаў выглядаць зручнага моманту, каб выдаць Яго.
17 У першы-ж дзень прэсьнічны падыйшлі вучні да Ісуса й сказалі Яму: Дзе жадаеш прыгатаваць Табе Пасху да спажываньня?»
18 Ён-жа сказаў: «Ідзеце ў места да пэўнага чалавека й скажэце яму: Настаўнік кажа: Час Мой блізкі; у цябе спраўлю Пасху з вучнямі Маімі.
19 Вучні зрабілі, як сказаў ім Ісус, і прыгатавалі Пасху.
20 Калі-ж настаў вечар, Ён заняў застольле з дванаццацьма вучнямі Сваімі.
21 І калі яны елі, сказаў: «Папраўдзе кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне».
22 І, моцна засмуціўшыся, яны пачалі, кожны паасобку, гаварыць: «Ці ня я, Госпадзе?»
23 Ён-жа ў адказ сказаў: «Той, хто апусьціў са Мною руку ў пасудзіну, ён прадасьць Мяне.
24 Але Сын Чалавечы йдзе, як пра Яго напісана, гора-ж таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца; лепш было-б гэтаму чалавеку не раджацца».
25 Пры гэтым і Юда, які выдаваў Яго, сказаў: «Ці ня я, Настаўніку?». Ісус кажа яму: «Ты сказаў».
26 І калі яны вячэралі, Ісус узяў хлеб, і дабрасловіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: «Вазьмеце й ежце, гэта ёсьць Цела Маё».
27 І ўзяўшы чашу, узьнёс хвалу й падаў ім, кажучы: «Пеце зь яе ўсе;
28 Гэта кроў Мая новага запавету, праліваная за многіх на адпушчэньне грахоў.
29 І кажу вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі віно новае ў Валадарстве Айца Майго».
30 І, запяяўшы, адыйшлі на гару Аліўную.
31 Тады сказаў ім Ісус: «Усе вы зьняверыцеся прада Мною ў гэтую ноч, як і напісана пра гэта: Паражý пастыра, і разьбягуцца авечкі стада.
32 Па Ўваскрасеньні Маім спаткаю вас у Галілеі».
33 Пётра-ж, адазваўшыся, кажа Яму: «Хоць-бы ўсе адцураліся Цябе, я не адступлюся ніколі».
34 І сказаў яму Ісус: «Папраўдзе кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым прапяе певень, тройчы адрачэсься ад Мяне».
35 Пётра-ж кажа Яму: «А хоць-бы давялося мне памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Гэтак гаварылі ўсе вучні.
36 Тады йдзе зь імі Ісус на месца, званае Гефсыманія й кажа вучням: «Пасядзеце тут, пакуль Я пайду памалюся там».
37 І, узяўшы Пятра й абодвух сыноў Завядэевых, упаў у скруху й вялікі жаль.
38 І тады кажа ім Ісус: «Душа Мая тужыць сьмяротна; пабудзьце тут, і чувайце пры Мне».
39 І, адыйшоўшыся крыху, упаў на аблічча Сваё ды маліўся, прамаўляючы: «Войча Мой! Калі магчыма, няхай абміне Мяне чаша гэтая, але-ж ня як Я хачу, а як Ты».
40 І, прыйшоўшы да вучняў, засьпяе іх сьпячымі; і кажа Пятру: «Ці-ж так не маглі вы аднае гадзіны пацярпець са Мною?
41 Чувайце й малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу, бо дух бадзёры, цела-ж — нядужае.
42 І ізноў, адыйшоўшыся другі раз, маліўся, прамаўляючы: «Войча Мой! Калі ня можа чаша гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, няхай будзе воля Твая».
43 І прыйшоўшы, ізноў знаходзіць іх сьпячымі, бо былі ў іх вочы ацяжалыя.
44 І, пакінуўшы іх, ізноў адыйшоўся й трэці раз маліўся тымі-ж словамі.
45 Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: «Вы ўсё яшчэ сьпіцё й супачываеце; вось настаў час, і Сын Чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.
46 Устаньце, пойдзем; вось, набліжаецца той, хто Мяне выдасьць».
47 І калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з дванаццацёх, а зь ім вялікая грамада зь мячамі й кіямі, ад архісьвятароў і старшыняў народных.
48 Здраднік-жа Ягоны даў ім знак, сказаўшы: «Каго я пацалую, гэта ёсьць Ён; бярэце Яго».
49 І зараз-жа падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: «Радуйся, Настаўнік! І пацалаваў Яго.
50 Ісус-жа сказаў яму: «Дружа, зь якім намерам прыйшоў ты, тады й рабі тое». Тады падыйшоўшыя паклалі рукі на Ісуса і ўзялі Яго.
51 І вось адзін з тых, якія былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы архісьвятаровага слугу, адсек яму вуха.
52 Тады сказаў яму Ісус: «Вярні меч свой на месца яго; бо ўсе, хто ўзьнімае меч, ад мяча загінуць.
53 Ці думаецца табе, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, каб прыслаў Мне больш дванаццаці легіёнаў ангелаў?
54 Дык як-жа збудзецца пісаньне, што гэтак павінна стацца?»
55 У той-жа час Ісус гаварыў да народу: «Нібы на разбойніка выйшлі вы зь мячамі й кіямі ўзяць Мяне; Я-ж кожны дзень сядзеў з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне.
56 Усё-ж гэта сталася, каб збыліся пісаньні прарокаў». Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, разьбегліся.
57 Воіны-ж, узяўшы Ісуса, павялі Яго да архісьвятара Кайафы, дзе былі сабраўшыся кніжнікі й старшыні.
58 Пётра-ж ішоў сьледам за Ім здаля, да падворку архісьвятаровага, і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў разам з слугамі, каб бачыць канец.
59 Архісьвятары й старшыні ды ўвесь Сынедрыён шукалі фальшывага сьвядоцтва супраць Ісуса, каб усьмерціць Яго.
60 І не знаходзілі; і хоць многа фальшывых сьведкаў прыходзіла — не знайшлі; нарэшце, прыйшлі двух фальшывых сьведкаў.
61 І сказалі: Ён казаў: «Магу зруйнаваць храм Божы, і ў тры дні адбудаваць яго.»
62 Тады архісьвятар, устаўшы, сказаў Яму: «Нічога Ты ня можаш адказаць на тое, што гэтыя людзі падаюць супраць Цябе?»
63 Але Ісус маўчаў, і архісьвятар сказаў Яму: «Заклінаю Цябе Богам Жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?»
64 Ісус кажа яму: «Ты сказаў, і больш скажу вам: ад гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, сядзячага праваруч Усемагутнасьці й ідучага на хмарах нябесных.
65 Тады архісьвятар разадраў вопратку сваю й сказаў: «Ён блюзьніць; што яшчэ патрэбна ад сьведак? Вось вы чулі Яго блюзьнерства.
66 Што вы думаеце?» Яны-ж сказалі ў адказ: «Варты сьмерці».
67 Тады заплявалі аблічча Яго й штурхалі кулакамі; іншыя-ж білі Яго па шчоках,
68 кажучы: «Адгадай нам, Хрысьце, хто Цябе ўдарыў.»
69 А Пётра сядзеў вонках на падворку. І падыйшла да Яго адна служніца, кажучы: «І ты быў зь Ісусам Галілейскім?»
70 Але ён адрокся прад усімі, сказаўшы: «Ня ведаю, што ты гаворыш».
71 Калі-ж ён выходзіў за вароты, убачыла яго другая й гаворыць да тых, хто быў там: «І гэты быў зь Ісусам Назарэем».
72 І ён ізноў адрокся, клянучыся, што ня ведае Гэтага Чалавека.
73 Крыху счакаўшы, падыйшлі былыя там і сказалі Пятру: «Напэўна й ты зь іх, бо мова твая выдае цябе».
74 Тады ён пачаў клясьціся й бажыцца, што ня ведае Гэтага Чалавека. У гэты ж момант запяяў певень.
75 І ўспомніў Пётра словы, якія сказаў яму Ісус: «Перш, чым запяе певень, тройчы адрачэсься ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 26 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
