1 Тагды прыйходзяць да Ісуса зь Ерусаліму кніжнікі й фарысеі й кажуць:
2 «Чаму вучні Твае парушаюць пераданьні старэйшых? Ня мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб».
3 Ён-жа ў адказ сказаў ім: «Чаму-ж і вы пераступаеце запавет Божы дзеля пераданьня свайго?
4 Бог запавядаў: Шануй бацьку твайго й маці тваю, і — хто зьневажаць будзе бацьку ці маці, няхай сьмерцяй памрэ.
5 А вы кажаце: Хто скажа бацьку свайму ці маці: Богу ахвяравана тое, чым-бы ты ад мяне мог карыстацца.
6 Той можа й не ўшаноўваць бацькі свайго, ці маці свае; і зьняважылі запавет Божы пераданьнем сваім.
7 Крывадушнікі! Добра праракаваў пра вас Ісайя, кажучы:
8 Збліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі, і языком шануюць Мяне, сэрца-ж іхнае далёка ляжыць ад Мяне.
9 Але дарэмна (яны) ўшаноўваюць Мяне, пашыраючы навукі й запаветы чалавечыя».
10 І, паклікаўшы да Сябе народ, сказаў ім: «Слухайце й разумейце.
11 Ня тое, што ў вусны ўвайходзіць, апаганьвае чалавека, але тое, што з вуснаў выйходзіць, апаганьвае чалавека».
12 Тады вучні Ягоныя падыйшлі й сказалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, абразіліся».
13 Ён-жа ў адказ сказаў: «Усякая расьліна, якой Айцец Мой Нябесны не насаджаў, выкаранена будзе.
14 Пакіньце іх, яны сьляпыя правадыры сьляпых, а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ў яму ўпадуць».
15 Пётра-ж, адазваўшыся да Яго, сказаў: «Растлумач нам прыпавесьць гэтую».
16 Ісус-жа сказаў: «Ці-ж і вам яшчэ да розуму не дайшло?
17 Ці-ж не разумееце, што ўсё прынятае ў вусны ў жывот прайходзіць ды вон выдаляецца?
18 А што з вуснаў, тое з сэрца выходзіць, і гэта апаганьвае чалавека.
19 Бо з сэрца выходзяць злыя помыслы, забойствы, чужаложствы, блудадзеяньні, крадзежы, аблуда, блюзьнерствы.
20 Гэта апаганьвае чалавека. А есьці зь нямытымі рукамі ня ганьбіць чалавека».
21 І выйшаўшы адтуль, Ісус адыўшоў у землі Тырскія і Сідонскія.
22 І вось жанчына хананеянка, выйшаўшы з тых ваколіц, усклікала да Яго: «Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачку маю цяжка мучыць нячысты».
23 Ён-жа не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусьці яе, бо галосіць усьлед за намі».
24 Ён-жа ў адказ сказаў: «Я пасланы толькі за загінутых авечак дому Ізраілевага».
25 Але яна, падыйшоўшы, кланялася Яму, кажучы: «Госпадзе! Памажы мне».
26 Ён-жа ў адказ сказаў: «Нядобра забіраць хлеб ад дзяцей ды кідаць шчанятам».
27 Яна-ж сказала: «Так, Госпадзе! Але й шчаняты ядуць крошкі, якія спадаюць ад стала гаспадароў».
28 Тады, адказваючы, Ісус сказаў ёй: «О, жанчына! Вялікая вера твая, няхай будзе табе паводле жаданьня твайго». І паздаравела дачка яе ад тэй часіны.
29 Перайшоўшы адтуль, Ісус прыйшоў да мора Галілейскага, і ўзыйшоўшы на гару, сеў там.
30 І прыступілася да Яго мноства народу, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і палажылі іх ля ног Ісусавых, і Ён аздаравіў іх.
31 І дзіваваўся народ, пабачыўшы, што нямыя сталі гаварыць, кульгавыя хадзіць, сьляпыя бачыць, і славілі Бога Ізраілевага.
32 Ісус-жа, прыклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: «Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні яны пры Мне, і ня маюць чаго есьці; адпусьціць-жа іх галодных ня хочацца, каб не аслабелі ў дарозе».
33 І кажуць Яму вучні Ягоныя: «Скуль-жа нам узяць у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэткую грамаду?»
34 Ісус сказаў ім: «Колькі маеце хлебаў?» Яны-ж сказалі: «Сем і некалькі рыбін».
35 І загадаў народу сесьці на зямлі.
36 І ўзяў сем хлябоў і рыбы, і ўзьнёсшы хвалу, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні — народу.
37 І елі ўсе, і здаволіліся, і набралі астаткаў сем поўных карабоў.
38 Было-ж усіх, якія елі, чатыры тысячы мужчын, апрача жанчын і дзяцей.
39 Адпусьціўшы-ж народ, Ён увайшоў у човен і прыбыў у межы Магдалінскія.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
