1 Калі Ён зыйшоў з гары, усьлед за Ім ішло мноства народу.
2 І вось падыйшоў адзін, пракажоны і, кланяючыя Яму, прамовіў: «Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
3 Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго й сказаў: «Хачу, будзь чыстым». І ў той-жа час ён ачысьціўся ад праказы.
4 І сказаў яму Ісус: «Глядзі, нікому не кажы, але пайдзі пакажыся сьвятару, і прынясі ахвяру, як запавядаў у законе Майсей, у засьведчаньне ім».
5 Калі-ж увайшоў Ісус у Капэрнаум, падыйшоў да Яго сотнік, просячы Яго;
6 І кажучы: «Госпадзе! Слуга мой ляжыць дома спараліжаваны й вельмі мучыцца».
7 Ісус кажа яму: «Я прыйду й аздараўлю яго».
8 Сотнік-жа ў адказ сказаў: «Госпадзе! Недастойны я таго, каб увайшоў Ты пад страху маю, але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой.
9 Бо я чалавек падначалены, і пад сабою маю падначаленых жаўнераў; і кажу аднаму — пайдзі, і ён ідзе; і другому — прыйдзі, і прыходзіць; і слузе майму — зрабі гэта, і ён робіць»
10 Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся й сказаў тым, якія йшлі за Ім: «Папраўдзе кажу вас: не знайшоў Я такое веры і ў Ізраілю.
11 І кажу вам, што многія прыйдуць з усходу й захаду й засядуць з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Ўладарстве Нябесным.
12 А сыны ўладарства ўкінены будуць у цемру бяздонную; там будзе плач і скрыгат зубоў».
13 І сказаў Ісус сотніку: «Ідзі, і па веры тваёй няхай станецца табе». І паздаравеў слуга яго ў тую гадзіну.
14 Прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус застаў цёшчу Пятровую ў ложку, хворую ў гарачцы.
15 І дакрануўся да рукі як, і гарачка пакінула яе; яна ўстала й паслугоўвала Яму.
16 Пазьней, увечары, прывялі да Яго многіх апанаваных злыдухам, і Ён выгнаў духаў словам і аздаравіў усіх хворых.
17 Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаворыць: «Ён узяў на Сябе немачы нашыя, і панёс хваробы».
18 Пабачыў-жа Ісус мноства народу вакол Сябе й воліў адплысьці на другі бок.
19 Адзін кніжнік, падыйшоўшы, сказаў Яму: «Настаўнік! Пайду за Табою, куды-б Ты ні йшоў».
20 І сказаў яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае дзе прытуліць галаву».
21 Іншы-ж, адзін з вучняў Ягоных, сказаў Яму: «Госпадзе! Дазволь мне перш пайсьці й пахаваць бацьку майго».
22 Але Ісус сказаў яму: «Ідзі за Мною й пакінь мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў».
23 І калі Ён увайшоў у човен, за Ім пайшлі вучні Ягоныя.
24 І вось усхадзілася вялікая навальніца на моры, аж хвалі пачалі заліваць човен; Ён-жа спаў.
25 І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя пабудзілі Яго, кажучы: «Госпадзе, ратуй нас, гінем!»
26 І кажа ім: «Чаго такія баязьліўцы, малаверы?» Тады ўстаў, забараніў вятром і мору, і зрабілася вялікая ціша.
27 А людзі дзівіліся й гаварылі: «Кім Ён ёсьць, калі ветры й мора паслушныя Яму?»
28 І калі Ён прыбыў на другі бераг, у краіну Гергесінскую, насустрач Яму выйшлі з магілаў двое апанаванных злыдухам, такія лютыя, што ніхто не адважваўся хадзіць той дарогай.
29 І вось яны закрычалі, кажучы: «Што Табе да нас, Ісусе, Сыне Божы? Прыйшоў Ты сюды перадчасна мучыць нас».
30 Воддаль-жа ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.
31 І злыдухі прасілі Яго, кажучы: «Калі выганіш нас, дык пашлі нас у чараду сьвіньней».
32 І сказаў ім: «Ідзеце». Яны, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіньні; і вось, увесь гурт сьвіньней рынуўся з крутога берагу ў мора, і затануў у вадзе.
33 Пастухі-ж зьбеглі, і, прыйшоўшы ў места, расказалі пра ўсё, і пра тых, апанаваных злыдухамі.
34 І вось усё места выйшла насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб адыйшоў за межы іхныя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
