Біблія » Пераклады » Пераклад Міцкевіча (Прускага)

Мацьвея 3 Паводле Мацьвея 3 разьдзел

1 У тыя-ж дні прыйшоў Ян Хрысціцель, навучаючы ў пустыні Юдэйскай.
2 І прамаўляў: «Пакайцеся, бо наблізілася Ўладарства Нябеснае».
3 Гэта ёсьць Той, пра Каго вяшчаў прарок Ісая, кажучы: «Голас яго поклічу ў пустыні: прыгатуйце шлях Госпаду, прастуйце сьцежкі Яго».
4 Сам-жа Ян меў адзеньне з воласу вярблюжага, і скураны пояс на паясьніцы сваёй; яда-ж яго была саранча й дзікі мёд.
5 Тады выходзілі да яго — Ерусалім, і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярданскія;
6 І прыймалі хрышчэньне ад яго ў Ярдане, выспаведваючы грахі свае.
7 Калі ж ён убачыў многа фарысеяў і садукеяў, якія йшлі да яго хрысціцца, сказаў ім: «Параджэньне зьмяінае! Хто ўгаварыў вас уцякаць ад будучага гневу?
8 Учынеце-ж плён, дастойны пакаяньня.
9 І ня важцеся гаварыць самі сабе: маем айца Абрагама; бо кажу вам: Бог можа з каменьняў гэтых узьняць дзяцей Абрагаму.
10 Ужо й сякера пры карэньні дрэва паложана; усякае дрэва, якое не дае добрага плёну, сьсякаюць і ў агонь кідаюць.
11 Я хрышчу вас вадою ў пакаяньне, але йдзе па мне мацнейшы за мяне; Яму я недастойны несьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём.
12 Веялка Яго ў руцэ Ягонай; і Ён ачысьціць гумно сваё й зьбярэ пшаніцу сваю ў сьвіран, а мякіну спаліць агнём незгасальным».
13 Тады прыйходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна, хрысьціцца ад яго.
14 Ян-жа ўстрымліваў Яго, кажучы: «Мне-б трэба хрысьціцца ў Цябе, а не Табе прыйходзіць да мяне».
15 Але Ісус прамовіў яму ў адказ: «Дапусьці цяпер, так бо належыць нам выканаць усякую праўду». Тады Ян дапускае Яго.
16 І, ахрысьціўшыся, Ісус зараз-жа выйшаў з вады, і вось расчыніліся Яму нябёсы. І ўбачыў Духа Божага, які зыходзіў у выглядзе голуба й спускаўся на Яго.
17 І вось голас зь неба прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, Якому Я спрыяю».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.