1 Тады падыйшлі да Ісуса вучні Ягоныя, кажучы: «Хто ёсьць большы ў Валадарстве Нябесным?»
2 Ісус, паклікаўшы дзіця, паставіў яго сярод іх.
3 І сказаў: «Папраўдзе кажу вам, калі не навернецеся й ня станеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
4 Вось-жа, хто пакорлівы, як гэтае дзіцятка, той большы ёсьць у Валадарстве Нябесным.
5 І хто прыйме адно з гэткіх малых у Імя Маё, той Мяне прыйме.
6 А хто-б спакусіў адно з гэтых малых, веруючых у Мяне, лепш было-б яму, каб завесілі жарновы камень на шыю яго й затапілі ў глыбіні морскай.
7 Гора сьвету ад спакусаў, бо хоць мусяць прыходзіць спакусы, але гора таму чалавеку, праз якого спакусы прыходзяць.
8 Калі-ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсячы іх і адкінь ад сябе: Лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці без нагі, чым зь дзьвюма рукамі й дзьвюма нагамі быць укінутым у агонь вечны.
9 І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго й адкінь ад сябе. Лепш табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, чымся з двума вачамі быць укіненым у агонь пякельны.
10 Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых, бо, кажу вам, ангелы іх у нябёсах заўсёды бачаць Аблічча Айца Майго Нябеснага.
11 Бо Сын Чалавечы прыйшоў адшукаць і выбавіць загінуўшае.
12 Як вы думаеце? Калі-б нехта меў сто авец, і адна зь іх заблукалася: ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзевяць у горах, і ці ня пойдзе шукаць заблуканую?
13 І калі ўдасца яму знайсьці яе, то, запраўды кажу вам, ён узрадуецца ёй больш, чым дзевяцьдзесят дзевяцём незаблуканым.
14 Гэтак бо няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых.
15 Калі-ж грашыць супроць цябе брат твой, пайдзі й вымаві яму між табою й ім адным; калі паслухае цябе, то ты здабыў брата твайго.
16 Калі-ж не паслухае цябе, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сьведак пацьвердзілася кожнае слова.
17 Калі-ж і іх не паслухае, скажы царкве, а калі й царквы не паслухае, няхай будзе ён табе як паганін і мытнік.
18 Запраўды кажу вам: Усё, што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана і ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана і ў небе.
19 Таксама папраўдзе кажу вам: Калі-б двое з вас на зямлі згодныя былі ў тым, чаго хочуць прасіць, то ўсё, чаго ні папросяць, дадзена будзе ім ад Айца Майго Нябеснага.
20 Бо калі двое ці трое зыйдуцца ў імя Маё, там і Я пасярод іх».
21 Тады падыйшоў да Яго Пётра й сказаў: «Госпадзе! Колькі разоў дараваць брату майму правіны яго супраць мяне? Ці да сямёх разоў?»
22 Ісус-жа кажа яму: «Не кажу табе да сямёх, але да сямёх па семдзесят разоў.
23 Дзеля гэтага Ўладарства Нябеснае падобна да чалавека-гаспадара, які захацеў разлічыцца са слугамі сваімі.
24 Калі ён стаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысяч талентаў.
25 І калі ён ня меў чым аддаць, то гаспадар ягоны загадаў прадаць і яго, і жонку, і дзяцей іхных, і ўсё, што меў, і заплаціць.
26 Тады слуга той паў прад ім і, кланяючыся яму, прасіў: Гаспадару! Пачакай мне, і ўсё табе заплачу.
27 Зьлітаваўся гаспадар слугі таго, адпусьціў яго, і дараваў доўг яму.
28 Слуга-ж той, выйшаўшы, знайшоў аднаго зь сяброў сваіх, які быў вінен яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, стаў душыць, кажучы: «Аддай мне, што вінен».
29 Тады сябра яго ўпаў да ног ягоных і прасіў яго, кажучы: «Пачакай мне, і ўсё аддам табе».
30 Але той не захацеў і пасадзіў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўг.
31 Сябры-ж яго, пабачыўшы, што здарылася, моцна засмуціліся й прыйшлі, расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася.
32 Тады гаспадар ягоны паклікаў яго й сказаў яму: «Слуга нягодны! Увесь доўг твой дараваў я табе, бо ты ўпрасіў мяне.
33 Ці-ж не належала й табе зжаліцца над сябрам тваім, як і я зжаліўся над табою?»
34 І ўгнявіўся гаспадар ягоны й аддаў яго на катаваньне, пакуль не аддасьць яму ўсяго даўгу.
35 Так і Айцец Мой Нябесны ўчыніць вам, калі кожны з вас ад сэрцаў вашых не даруе брату свайму правінаў ягоных.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 18 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
