Біблія » Пераклады » Пераклад Міцкевіча (Прускага)

Мацьвея 5 Паводле Мацьвея 5 разьдзел

1 Убачыўшы грамады народу, Ён узыйшоў на гару, і калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя.
2 І, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, прамаўляючы:
3 «Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Уладарства Нябеснае.
4 Шчасьлівыя плачучыя, бо яны ўсьцешацца.
5 Шчасьлівыя лагодныя, бо яны ўнасьледуюць землю.
6 Шчасьлівыя спрагненыя і смаглыя праўды, бо яны задаволяцца.
7 Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны памілаваны будуць.
8 Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
9 Шчасьлівыя міратворцы, бо яны Сынамі Божымі названыя будуць.
10 Шчасьлівыя прасьледаваныя за праўду, бо іх ёсьць Уладарства Нябеснае.
11 Шчасьлівыя — калі будзеце зганеныя, выгнаныя й злосна абвінавачаныя з-за Мяне.
12 Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода вашая вялікая ў нябёсах; гэтак-жа прасьледавалі й прарокаў, якія былі перад вамі.
13 Вы — соль зямлі; калі ж соль страціць солкасьць, чым пасаліць яе? Нічога ня будзе вартая — толькі высыпаць вон на затаптаньне людзьмі.
14 Вы — сьвятло сьвету. Ня можа быць схаванае места, калі стаіць на гары.
15 І ня ставяць запаленага сьвяцільніка пад пасудзіну, але на падстаўцы, каб сьвяціла ўсім, хто ў доме.
16 Няхай-жа гэтак сьвеціць сьвятло ваша прад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага Нябеснага.
17 Ня думайце, што прыйшоў Я зьвяргаць закон і прарокаў; ня зьвергнуць прыйшоў Я, але выканаць.
18 Бо запраўды кажу вам: дакуль не праміне неба й зямля, ніводная ёта, ніводна рыса ня здымецца з закону, пакуль ня споўніцца ўсё.
19 Дык хто-б парушыў адзін з гэтых найменшых запаветаў і гэтак навучаў людзей, той найменшым названы будзе у Валадарстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім названы будзе у Валадарстве Нябесным.
20 Бо кажу вам: калі праведнасьць ваша не ўзьнімецца над кніжнікамі й фарысеямі, ня ўвойдзіце ў Валадарства Нябеснае.
21 Вы чулі, што гаворана было даўней: Не забівай, а хто заб’е, падлягае суду.
22 Я-ж кажу вам: Кожны, хто дарэмна злуецца на брата свайго, падлягае суду; а хто скажа брату свайму «дурань», падлягае суду вышэйшаму; хто-ж скажа «вар’ят», падлягае гэене агнявой.
23 Вось-жа, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка й там прыпомніш, што брат твой нешта мае супраць цябе,
24 — пакінь там дар твой прад ахвярнікам і пайдзі пагадзіся перш з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, ахвяруеш дар твой.
25 Хутчэй пагаджайся з праціўнікам сваім, пакуль ты зь ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў-бы цябе слузе, і ня ўкінулі-б цябе ў цямніцу.
26 Запраўды, кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга граша.
27 Вы чулі, што гаворана было даўней — не блудадзейнічай.
28 Я-ж кажу вам: кожны, хто глядзіць на жанчыну з жаданьнем яе, ужо блудадзейнічае з ею ў сэрцы сваім.
29 Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепш табе страціць адзін орган цела твайго, чым усё цела тваё будзе ўкінута ў агонь пякельны.
30 І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: лепш табе страціць адзін сустаў цела твайго, чым усё цела тваё будзе ўкінутае ў пекла.
31
32 Таксама было сказана: Калі хто разводзіцца з жонкаю сваю, апрача віны блудедзеяньня, той даводзіць яе да блудадзеяньня; і хто з разводкаю жэніцца, той блудадзейнічае.
33 Яшчэ чулі вы, што было сказана даўней, не прысягай фальшыва, але выпаўняй прад Богам прысягі твае.
34 А Я кажу вам: Не прысягайце ніяк: ані на небе, бо яно пасад Божы;
35 Ані на зямлю, бо яна падножжа ног Ягоных; ані на Ерусалім, бо ён — горад вялікага караля.
36 І на галаву тваю не прысягай, бо ня можаш ніводнага воласу зрабіць белым або чорным.
37 Але няхай будзе слова вашае: так, так — не, не; а што больш — тое ад злога.
38 Вы чулі, што было сказана: вока за вока, зуб за зуб.
39 Я-ж кажу вам: Не супраціўляйцеся злому, але калі хто ўдарыць у правую шчаку тваю, павярні да яго й другую.
40 А калі хто хоча судзіцца з табой за вопратку тваю, аддай яму й сарочку.
41 І калі хто змушае цябе ісьці зь ім адзін прагон, ідзі зь ім два.
42 Хто просіць у цябе — дай; і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.
43 Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга твайго й ненавідзь ворага твайго.
44 Я-ж кажу вам: Любіце ворагаў вашых, ласкавы будзьце да тых, хто кляне вас, дабро тварэце ненавідзячым вас і малецеся за крыўдзячых вас;
45 Каб сталіся вы сынамі Айца вашага Нябеснага, бо Ён воліць сонцу свайму ўсходзіць і над добрымі й над благімі, і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
46 Бо, калі вы любіце тых, якія вас любяць, якую ўзнагароду маеце? Ці-ж ня тое робяць і мытнікі?
47 І, калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае творыце? Ці-ж ня гэтак робяць і пагане?
48 Дык будзьце-ж і вы дасканалымі, як Айцец ваш Нябесны дасканалы ёсць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.