Мацьвея 11 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
І сталася, калі закончыў Ісус настаўленьні дванаццаці вучням Сваім, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у гарадах іхніх.
І сталася: калі скончыў Ісус навучаць дванаццацёх вучняў Сваіх, пайшоў адтуль навучаць і абвяшчаць у местах іхных.
А Ян, пачуўшы ў цямніцы пра дзеі Хрыстовыя, паслаў двух вучняў сваіх
Ян, дачуўшыся ў вязьніцы пра дзеяньні Ісуса, паслаў двух вучняў сваіх;
сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
Каб сказаць: ці Ты Той, Хто павінен прыйсьці, ці чакаць нам іншага?
І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што чуеце і бачыце:
І Ісус сказаў ім: «Пайдзеце, скажэце Яну, што вы чуеце й бачыце.
сьляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія зьвястуюць,
Сьляпыя празраюць, і кульгавыя ходзяць; пракажоныя ачышчаюцца, і глухія чуюць, памершыя ўваскрасаюць і ўбогія дабравесьцяць.
і дабрашчасны той, хто не спакусіцца празь Мяне.
І шчасьлівы той, хто ня будзе сумлявацца ўва Мне».
Калі ж пайшлі яны, Ісус пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?
Калі-ж яны пайшлі, Ісус пачаў гаварыць народу пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, ветрам хіляную?
Што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? тыя, што носяць мяккія шаты, жывуць у харомах царскіх.
Дык што глядзець хадзілі вы? Ці чалавека ў мяккую вопратку апранутага? Але апранутыя ў мяккую вопратку ў палацах каралеўскіх знаходзяцца.
Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым прарока.
Каго-ж глядзець хадзілі вы? Прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока.
Бо ён той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою».
Бо ён той, пра каго напісана: вось Я пасылаю ангела Майго прад абліччам Тваім, які прыгатуе шлях Твой прад Табою.
Праўду кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Нябесным большы за яго.
Папраўдзе кажу вам: з народжаных ад жанчын не паўставаў вялікшы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Уладарстве Нябесным, вялікшы за яго.
Ад дзён жа Яна Хрысьціцеля да сёньня Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што руплівасьць ужываюць, здабываюць яго;
Ад дзён-жа Яна Хрысьціцеля й дагэтуль Уладарства Нябеснае сілаю цярпеньня здабываецца й моцныя ў наважанасьці асягаюць яго.
бо ўсе прарокі і закон прадвясьцілі да Яна.
Бо ўсе прарокі й закон прарочылі да Яна.
І калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, які мае прыйсьці.
І, калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, каму належыць прыйсьці.
Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.
Хто мае вушы слухаць, няхай чуе.
Да каго ж прыпадобню род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, зьвяртаючыся да сваіх сяброў,
Да каго-ж прыпадобню род гэты? Падобен ён да дзяцей, якія пасеўшы на вуліцы, пераклікаюцца між сабою.
кажуць: «мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі».
І гавораць: Мы ігралі вам на пішчалках, а вы не танцавалі; мы вам жалобна сьпявалі, а вы ня плакалі.
Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е; і кажуць: «у ім дэман».
Вось прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць — ён злыдня мае.
Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажуць: «вось, чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў». І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе.
Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е. І яны кажуць: Ён абжора й п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў. І апраўдана мудрасьць праз дзяцей яе».
Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш праявіліся сілы Яго, бо яны не пакаяліся.
Тады пачаў Ісус дакараць местам, у якіх найбольш дзеялася цудаў Ягоных, за тое, што не пакаяліся.
Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны ў вярэце і ў попеле пакаяліся;
«Гора табе, Харазін, гора табе, Віфсаіда! Бо, калі-б у Тыры й Сідоне дзеяліся цуды, якія зьдзеяліся ў вас, то даўно-б яны ў валасяніцы і ў попеле пакаяліся.
але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень судны, чым вам.
Але кажу вам: лягчэй будзе Тыру й Сідону ў дзень судны, чымся вам.
І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся; бо калі б у Садоме явіліся сілы, яўленыя ў табе, дык ён прастаяў бы па сёньняшні дзень;
І ты, Капэрнаўме, да неба ўзьняўшыся, у пекла ўпадзеш; бо калі-б у Садоме былі цуды, якія ў табе створаныя, то ён стаяў-бы да сёнешняга дня.
але кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чым табе.
Але, кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чымся табе».
Тым часам, далей прамаўляючы, Ісус сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў тое дзецям;
У той час, гаворачы далей, Ісус прамовіў: «Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба й зямлі, што Ты ўкрыў гэта ад прамудрых і разумных да адкрыў тое дзецям.
так, Войча! бо такое было Тваё ўпадабаньне.
Усё Мне перададзена Айцом Маім, і ніхто ня ведае Сына, толькі Айцец; і Айца ня ведае ніхто, толькі Сын, і каму Сын хоча адкрыць.
Усё Мне перадаў Айцец Мой, і ніхто ня знае Сына, апрача Айца, і Айца ніхто ня знае, апрача Сына, і каму Сын адкрыць захоча.
Прыйдзеце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас;
Прыйдзеце да Мяне ўсе струджаныя й абцяжараныя, і Я супакою вас.
вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой душам вашым;
Вазьмеце ношу Маю на сябе й навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны й пакорнага сэрца, і знойдзеце супакой душам вашым.
бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі.
Бо ноша Мая добрая, і цяжар Мой лёгкі».