Мацьвея 13 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Выйшаўшы таго ж дня з дома, Ісус сеў каля мора.
У той дзень Ісус, выйшаўшы з дому, сядзеў пры моры.
І сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.
І зыйшлося да Яго мноства народу; тады Ён увайшоў у човен й сеў, а ўся грамада народу стаяла на беразе.
І гаварыў ім шмат прытчамі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.
І доўга гаварыў ім прыпавесьцямі, кажучы:
І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;
Вось выйшаў сейбіт сеяць; і калі ён сеяў, некаторае зерне ўпала пры дарозе, і прыляцелі птушкі, і паклявалі яго.
іншае ўпала на мясьціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была ня глыбокая.
Іншае ўпала на грунт камяністы, дзе было мала зямлі, і незабавам узыйшло, бо зямля была няглыбокая.
А калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла;
Калі-ж засьвяціла сонца, завяла, і ня меўшы караня, засохла.
іншае ўпала ў церне, і вырасла церне і заглушыла яго;
Іншае ўпала ў цярніну, і разросшыся цярніна, заглушыла яго.
іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзясят, а тое ў трыццаць.
Каторае-ж упала ў грунт добры, прынясло плён: адно ў стакроць, іншае ў шэсьцьдзесят, іншае ў трыццаць.
Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
Хто мае вушы слухаць, няхай чуе».
І прыступіўшы, вучні сказалі Яму: чаму прытчамі гаворыш ім?
І падыйшлі да Яго вучні, кажучы: «Чаму гаворыш да іх прыпавесьцямі?»
Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам дадзена ведаць таямніцы Царства Нябеснага, а ім ня дадзена;
Ён-жа ў адказ сказаў ім: «Таму, што вам дадзена разумець тайны Ўладарства Нябеснага, ім-жа ня дадзена.
бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае;
Бо хто мае, таму дадасца й прыспорыцца, а хто ня мае, у таго адыймецца й гэтае, што мае.
дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы ня бачаць, і чуючы ня чуюць, і не разумеюць;
Дзеля таго прамаўляю да іх прыпавесьцямі, што яны гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць, ані яны разумеюць.
і збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: «слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і ня ўбачыце;
І спаўняецца на іх прароцтва Ісайі, які кажа: «Слухам пачуеце й не зразумееце, і, прыглядаючыся, глядзець будзеце, і ня ўбачыце.
агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае зьмежылі, каб ня ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець, і ня зьвернуцца, каб Я ацаліў іх».
Бо агрубела сэрца людзей гэтых; і на вуха цяжкія, і вочы зажмурылі, каб нічога ня бачыць вачамі й ня чуць вушамі да не ўразумець сэрцам.
А вашы дабрашчасныя вочы, што бачаць; і вушы вашыя, што чуюць:
І не навярнуцца, каб Я аздаравіў іх.
бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
Вашыя-ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы, бо чуюць. Папраўдзе кажу вам, што многія прарокі й праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта:
Дзеля таго выслухайце, што азначае прыпавесьць пра сейбіта.
да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхадзей і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным: вось каго азначае пасеянае пры дарозе.
Да ўсякага, хто слухае слова пра Ўладарства й не разумее яго, прыйходзіць златворца й выхоплівае пасеянае ў сэрцы яго; гэткіх азначае пасеянае пры дарозе.
А пасеянае на камяністых мясьцінах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасьцю прымае яго;
А пасеянае на грунт камяністы азначае таго, хто чуе слова й адразу з радасьцю прыймае яго,
але ня мае кораня ў сабе і нясталы: калі настане ўціск альбо ганеньне за слова, адразу спакушаецца.
але ня мае карэньня ў сабе й нясталы: калі надыйходзяць турботы або ўціск за слова, зараз-жа адступаецца.
А пасеянае ў церне азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і панада багацьця заглушае слова, і яно стаецца бясплодным.
Пасеянае ў цярніне азначае таго, хто чуе слова, але клопаты сьвету гэтага й зманлівасьць багацьця заглушае яго, і яно стаецца бясплодным.
А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, які і плод прыносіць і дае адзін сто, другі шэсьцьдзясят, а той трыццаць.
Пасеянае-ж у добры грунт азначае таго, хто чуе слова й разумее, і гэткі прыносіць плён і творыць: каторае стакроць, іншае шэсьцьдзесят, іншае трыццаць».
Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім;
Іншую прыпавесьць даў ім, кажучы: «Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім.
калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў;
Калі людзі спалі, прыйшоў вораг яго й пасеяў пустазельле між пшанцаю, і адыйшоў.
калі ўзышла рунь і завязала плод, тады зьявіўся і куколь.
Калі-ж узрасла рунь і закаласіла, тады зьявілася й пустазельле.
Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар! ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь?
Тады слугі гаспадара, прыйшоўшы, сказалі яму: «Спадару! Ці-ж ня добрае насеньне сеяў ты на полі сваім? Скуль жа ўзялося пустазельле?»
А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго?
Ён-жа сказаў ім: «Вораг учыніў гэта». І сказалі яму слугі: «Калі хочаш, пойдзем, выпалем яго».
А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам зь ім і пшаніцы;
Але Ён сказаў ім: «Не! Каб, вырываючы пустазельле, не павырывалі разам зь ім і пшаніцы.
пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае.
Пакіньце расьці абаім аж да жніва; а ў часе жніва скажу жнацом: «Зьбярце перш пустазельле й зьвяжэце яго ў пукі, каб спаліць яго, а пшаніцу зьбярэце ў гумно маё».
Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім,
Іншую прыпавесьць падаў ім, кажучы: «Уладарства Нябеснае падобна да зярняці гарчычнага, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім.
якое, хоць меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі яго.
Яно меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырасьце, то большае за ўсякую палявую расьліну, і становіцца як дрэва, і птушкі нябесныя хаваюцца ў ветках яго». Яшчэ іншую прыпавесьць сказаў Ён ім:
Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына ўзяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.
«Уладарства Нябеснае падобна да закісі, якую жанчына ўзяла й палажыла ў тры меркі мукі, пакуль не закісла ўсё».
Гэта ўсё казаў Ісус прытчамі люду, і бяз прытчы нічога не казаў ім,
І ўсё гэта Ісус гаварыў народу прыпавесьцямі, а бяз прыпавесьцяў нічога не гаварыў да іх.
каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: «Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету».
Каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць: «Адчыню ў прыпавесьцях вусны Мае, выкажу сукрытае ад стварэньня сьвету».
Тады Ісус, адпусьціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі.
Тады, адпусьціўшы народ, Ісус увайшоў у дом. І падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Растлумач нам прыпавесьць пра пустазельле».
А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы;
Ён-жа сказаў ім у адказ: «Сейбіт добрага насеньня — Сын Чалавечы.
поле ёсьць сьвет; добрае насеньне гэта — сыны Царства, а куколь — сыны ліхога;
Поле — гэта сьвет; добрае насеньне — гэта сыны Ўладарства; а пустазельле — сыны златворнага.
вораг, які пасеяў яго, ёсьць д’ябал; жніво ёсьць сканчэньне веку, а жняцы — анёлы.
Вораг, які пасеяў яго — злыдух; жніва — гэта канец сьвету, а жанца — ангелы.
А таму, як зьбіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэньні веку гэтага:
Вось-жа, як зьбіраюць пустазельле й агнём спальваюць, так будзе пры сканчэньні сьвету гэтага.
пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконьне,
Пашле Сын Чалавечы ангелаў, і зьбяруць яны у Ўладарстве Ягоным усё спакушальнае й стваральнікаў беззаконьня.
і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў;
І ўкінуць іх у печ накаленую, там будзе плач і скрыгат зубоў.
тады праведныя зазьзяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Ўладарстве Айца іхнага. Хто мае вушы слухаць, няхай пачуе.
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.
Яшчэ падобнае Ўладарства Нябеснае да скарбу, схаванаму ў полі, і той, хто знайшоў яго, утаіў, з радасьці ад яго, ідзе й прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых пэрлаў,
Яшчэ падобнае Ўладарства Нябеснае да чалавека-купца, які шукае прыгожых пэрлаў,
які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны пэрл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.
і які, знайшоўшы адну дарагую пэрліну, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на нерат, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду,
Яшчэ падобнае Ўладарства Нябеснае да невада, зацягненага ў мора, які зачэрпаў рознага сорту рыбы.
які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начыньне, а благое кінулі прэч.
І калі ён напоўніўся, выцягнулі яго на бераг і, сеўшы, добрае адабралі ў судзьдзё, а дрэннае выкінулі вон.
Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць ліхіх з асяродзьдзя праведных,
Гэтак будзе пры сканчэньні сьвету: Сыйдуць ангелы й вылучаць злых спасярод праведных.
і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгат зубоў.
І ўкінуць іх у печ агністую — там будзе плач і скрыгат зубоў».
Сказаў ім Ісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць яму: так, Госпадзе!
І спытаўся ў іх Ісус: «Ці зразумелі вы ўсё гэта?» Яны-ж адказалі: «Так, Госпадзе!»
А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.
І Ён сказаў ім: «Дзеля гэтага ўсякі кніжнік, які слухаў навуку пра Ўладарства Нябеснае, падобны да гаспадара дому, які выносіць з свае кладоўкі й новае й старое».
І сталася, калі скончыў Ісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль.
І было-ж, калі Ісус скончыў прыпавесьці гэтыя, адыйшоў адтуль,
І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы?
і прыйшоўшы на бацькаўшчыну сваю, навучаў іх у сынагогах іхных, і дзівіліся яны й гаварылі: «Адкуль у Яго мудрасьць гэткая й сіла?
ці не цесьляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда?
Ці-ж ня цесьляў Ён сын? Ці-ж ня маці Яго завецца Марыя, і браты Яго — Якуб і Ёсія, і Сыман і Юда?
і сёстры Яго ці ня ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
І сёстры Яго ці-ж ня ўсе між намі? Адкуль у Яго ўсё гэта?»
І паняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.
І блазнавалі над Ім, Ісус-жа сказаў ім: «Ня бывае прарока без павагі, хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім».
І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхняга.
І не стварыў там шмат цудаў дзеля няверства іхнага.