Мацьвея 13 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Выйшаўшы таго ж дня з дома, Ісус сеў каля мора.
І таго ж дня, вышаўшы з дому, Ісус сеў ля мора.
І сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.
І зьберліся да Яго чысьленыя груды, так што Ён увыйшоў у струг і сеў, а ўвесь груд стаяў на беразе.
І гаварыў ім шмат прытчамі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.
І гукаў ім шмат прыпавесьцьмі, кажучы: «Вось, вышаў сяўбіт сеяць;
І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;
І як ён сеяў, адныя палі край дарогі, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх;
іншае ўпала на мясьціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была ня глыбокая.
А другія палі на месцы камяністыя, ідзе ня шмат было зямлі, і неўзабаве абышлі, бо зямля была няглыбокая;
А калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла;
Як жа ўзышло сонца, зьвялі і, ня маючы карэньня, ссохлі;
іншае ўпала ў церне, і вырасла церне і заглушыла яго;
А іншыя палі ў церне, і вырасла церне, і заглушыла іх;
іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзясят, а тое ў трыццаць.
Але іншыя палі ў добрую зямлю й далі плод: адно сто разоў, другое шасьцьдзясят, іншае трыццаць.
Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
Хто мае вушы, няхай слухае!»
І прыступіўшы, вучні сказалі Яму: чаму прытчамі гаворыш ім?
І, прыступіўшы, вучанікі сказалі Яму: «Чаму гукаеш ім прыпавесьцьмі?».
Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам дадзена ведаць таямніцы Царства Нябеснага, а ім ня дадзена;
Ён, адказуючы, сказаў: «Бо вам дана ведаць тайны гаспадарства нябёснага, але ім ня было дана;
бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае;
Бо хто мае, таму дасца, і ў яго будзе збытак; а хто ня мае, у таго будзе нават аднята й тое, што мае.
дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы ня бачаць, і чуючы ня чуюць, і не разумеюць;
Затым кажу ім прыпавесьцьмі, што яны, гледзячы, ня бачаць, і, слухаючы, ня чуюць ані разумеюць.
і збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: «слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і ня ўбачыце;
І споўніцца на іх прароцтва Ісаі, што кажа: "Прыслухаючыся, будзеце слухаць, і не зразумееце; і прыглядаючыся, глядзець будзеце, і не зацеміце;
агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае зьмежылі, каб ня ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець, і ня зьвернуцца, каб Я ацаліў іх».
Бо абрасло тукам сэрца люду гэтага, і вушамі яны ледзь чуюць, і вочы свае яны зачынілі, каб не абачыць ачыма, і вушамі не пачуць, і сэрцам не зразумець, і не навярнуцца, каб Я не ўздаравіў іх’.
А вашы дабрашчасныя вочы, што бачаць; і вушы вашыя, што чуюць:
Вашы ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы вашы, бо чуюць;
бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
Бо запраўды кажу вам, што шмат прарокаў а справядлівых жадала бачыць тое, што вы аглядаеце, і не абачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не пачулі.
Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта:
«Вы ж услухайцеся ў прыпавесьць празь сяўбіта.
да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхадзей і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным: вось каго азначае пасеянае пры дарозе.
Да кажнага, хто чуе слова праз гаспадарства і не разумее, прыходзе злы й хапае пасеянае ў сэрцу ягоным: гэта пасеянае край дарогі.
А пасеянае на камяністых мясьцінах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасьцю прымае яго;
А пасеянае на скалістых месцах — гэта тый, хто чуе слова і неўзабаве з радасьцяй прыймае яго;
але ня мае кораня ў сабе і нясталы: калі настане ўціск альбо ганеньне за слова, адразу спакушаецца.
Але ня мае караня ў сабе і часны, а як настаець уціск альбо перасьледаваньне за слова, неўзабаве спатыкаецца.
А пасеянае ў церне азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і панада багацьця заглушае слова, і яно стаецца бясплодным.
А пасеянае ў церню — гэта, хто чуе слова, але клопат гэтага веку й спадман багацьця глуша слова, і яно робіцца бясплодным.
А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, які і плод прыносіць і дае адзін сто, другі шэсьцьдзясят, а той трыццаць.
Пасеянае ж у добрую зямлю — гэта, хто чуе слова й разумее, гэты родзе плод і даець: хто сто, хто шасьцьдзясят, хто трыццаць».
Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім;
Другую прыпавесьць прывёў Ён ім, кажучы: «Падобнае гаспадарства нябёснае да чалавека, што пасеяў добрую сяўбу на полю сваім;
калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў;
Але, як людзі спалі, прышоў непрыяцель ягоны, і насеяў кукелю памеж пшонкі, і адышоў.
калі ўзышла рунь і завязала плод, тады зьявіўся і куколь.
Як жа збожжа абышло й наліло й дало плод, тады выявіўся й кукель.
Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар! ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь?
І, прышоўшы, чаляднікі гаспадаровы сказалі яму: "Спадару, ці ня добрую сяўбу пасеяў ты на полю сваім? скуль жа ў ім кукель?’
А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго?
Ён сказаў ім: "Непрыяцель зрабіў гэта’. Чаляднікі ж яму кажуць: "Ці хочаш, каб мы пайшлі й выпалалі?’
А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам зь ім і пшаніцы;
Але ён кажа: "Не, каб, вырываючы кукель, вы ня вырвалі зь ім разам і пшонкі.
пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае.
Пакіньце расьці абое да жніва, і ў жніво я скажу жнеям: вырвіце ўперад кукель і зьвяжыце ў вязанкі, каб спаліць іх; а пшонку зьбярэце на ток мой’».
Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім,
Іншую прыпавесьць сказаў Ён ім: «Падобнае гаспадарства нябёснае да зярняці гарчычнага, каторае чалавек узяў пасеяў на полю сваім.
якое, хоць меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі яго.
Яно запраўды найменшае за ўсю сяўбу, але, як вырасьце, яно найбольшае сярод зельля і стаецца дзервам, так што птушкі нябёсныя прылятаюць і віюць гнезды ў гольлю яго».
Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына ўзяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.
Іншую прыпавесьць сказаў Ён ім: «Падобнае гаспадарства нябеснае да рашчыны, каторую, узяўшы, жонка замясіла ў тры меркі мукі, пакуль ня ўкісла ўсе».
Гэта ўсё казаў Ісус прытчамі люду, і бяз прытчы нічога не казаў ім,
Усе гэта Ісус гукаў грудом прыпавесьцямі, а без прыпавесьці ня гукаў ім;
каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: «Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету».
Каб спаўнілася сказанае прарокам, што кажа: «Адчыню прыпавесьцьмі вусны Свае; вымаўлю схаванае ад закладзінаў сьвету».
Тады Ісус, адпусьціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі.
Тады, адаслаўшы груды, Ісус, увыйшоў у дом. І прыступілі да Яго вучанікі Ягоныя, кажучы: «Зьясьні нам прыпавесьць праз палявы кукель».
А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы;
Ён жа, адказуючы, сказаў: «Сяўбіт добрае сяўбы ё Сын Людзкі;
поле ёсьць сьвет; добрае насеньне гэта — сыны Царства, а куколь — сыны ліхога;
Поле ё сьвет; добрая сяўба, гэта — сынове гаспадарства, а кукель — сынове злога;
вораг, які пасеяў яго, ёсьць д’ябал; жніво ёсьць сканчэньне веку, а жняцы — анёлы.
Непрыяцель, што пасеяў яго, ё д’ябал; жніво ё канчатак веку, а жнеі — ангілы.
А таму, як зьбіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэньні веку гэтага:
Затым, як вырываюць кукель і паляць цяплом, так будзе пры канчатку гэтага веку:
пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконьне,
Пашлець Сын Людзкі ангілаў Сваіх, і зьбяруць із гаспадарства Ягонага ўсі спадманы і робячых бяспраўе,
і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў;
І ўкінуць іх у печ агняную; там будзе плач а скрыгот зубамі.
тады праведныя зазьзяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
Тады справядлівыя будуць зьзяць, як сонца, у гаспадарстве Айца свайго. Хто мае вушы, няхай слухае!
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.
«Падобнае гаспадарства нябёснае да скарбу, схаванага на полю. каторы, знайшоўшы, людзіна тое, і з радасьці зь яго йдзець і прадаець усе, што мае, і купляе поле тое.
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых пэрлаў,
«Яшчэ падобнае гаспадарства нябёснае да купца, што шукае харошых пэрлаў,
які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны пэрл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.
Каторы, знайшоўшы адну дарагую пэрлу, адыйшоўшы, прадаў усе, што меў, і купіў яе.
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на нерат, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду,
«Яшчэ падобнае гаспадарства нябёснае да неваду, закіненага ў мора, што захапляе ўсячыну,
які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начыньне, а благое кінулі прэч.
Каторы, як напаўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрую зьберлі ў судзьдзе, а благую выкінулі вон.
Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць ліхіх з асяродзьдзя праведных,
Гэтак будзе пры канчатку веку: пойдуць ангілы, і вылучаць благіх з пасярод справядлівых,
і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгат зубоў.
І ўкінуць іх у печ агняную: там будзе плач а скрыгот зубамі».
Сказаў ім Ісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць яму: так, Госпадзе!
І папытаўся ў іх Ісус: «Ці зразумелі вы ўсе гэта?» Яны адказалі Яму: «Але, Спадару!»
А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.
Ён жа сказаў ім: «Затым кажны кніжнік, навучаны гаспадарства нябёснага, падобны да дамовага гаспадара, што выносе із скарбніцы свае новае й старое».
І сталася, калі скончыў Ісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль.
І сталася, як скончыў Ісус прыпавесьці гэтыя, Ён пайшоў стуль.
І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы?
І, прыйшоўшы да краіны Свае, вучыў іх у бажніцы іхнай, так што зумяваліся яны й казалі: «Скуль у Яго мудрасьць гэтая й магучыя ўчынкі?
ці не цесьляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда?
Ці ня Ён сын цесьлі? Ці ня Маці Ягоная завецца Марыя, і браты Ягоныя Якаў, Язэп, Сымон а Юда?
і сёстры Яго ці ня ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
І сёстры Ягоныя ці ня ўсі з намі? У Яго ж скуль усе гэта?».
І паняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.
І мелі спаткненьні з прычыны Яго. Ісус жа сказаў ім: «Няма прарокі бязь сьці, хіба адно ў краю сваім а ў доме сваім».
І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхняга.
І ня зьдзеяў там шмат магучых учынкаў з прычыны няверы іхнае.