Мацьвея 13 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Таго ж дня Ісус, выйшаўшы з дома, сядзеў ля мора.
І таго ж дня, вышаўшы з дому, Ісус сеў ля мора.
І сабралася пры Ім мноства людзей, так што Ён, у лодку ўвайшоўшы, сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе.
І зьберліся да Яго чысьленыя груды, так што Ён увыйшоў у струг і сеў, а ўвесь груд стаяў на беразе.
І прамаўляў Ён да іх шмат у прыпавесцях, кажучы: «Вось выйшаў сейбіт сеяць.
І гукаў ім шмат прыпавесьцьмі, кажучы: «Вось, вышаў сяўбіт сеяць;
І, калі сеяў, адно зерне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі тое.
І як ён сеяў, адныя палі край дарогі, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх;
Іншае ж упала на камяністую зямлю, дзе не мела шмат глебы, і ўзышло зараз жа, бо глеба была неглыбокая.
А другія палі на месцы камяністыя, ідзе ня шмат было зямлі, і неўзабаве абышлі, бо зямля была няглыбокая;
Калі ж паднялося сонца, павяла, бо не мела карэння, і засохла.
Як жа ўзышло сонца, зьвялі і, ня маючы карэньня, ссохлі;
Трэцяе ўпала між цернямі, і церні выраслі і заглушылі яго.
А іншыя палі ў церне, і вырасла церне, і заглушыла іх;
Чацвёртае ж упала на добрую зямлю і дало плод: адно — сто, другое — шэсцьдзясят, а трэцяе — трыццаць.
Але іншыя палі ў добрую зямлю й далі плод: адно сто разоў, другое шасьцьдзясят, іншае трыццаць.
Хто мае вушы, хай слухае».
Хто мае вушы, няхай слухае!»
І, падышоўшы, вучні сказалі Яму: «Чаму прамаўляеш да іх у прыпавесцях?»
І, прыступіўшы, вучанікі сказалі Яму: «Чаму гукаеш ім прыпавесьцьмі?».
Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Вам дадзена пазнаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім гэта не дадзена.
Ён, адказуючы, сказаў: «Бо вам дана ведаць тайны гаспадарства нябёснага, але ім ня было дана;
Бо таму, хто мае, дададзена будзе і памножыцца; а ў таго, хто не мае, і тое, што мае, будзе аднята.
Бо хто мае, таму дасца, і ў яго будзе збытак; а хто ня мае, у таго будзе нават аднята й тое, што мае.
Таму гавару ім у прыпавесцях, бо яны, гледзячы, не бачаць і, слухаючы, не чуюць ды не разумеюць.
Затым кажу ім прыпавесьцьмі, што яны, гледзячы, ня бачаць, і, слухаючы, ня чуюць ані разумеюць.
Так спаўняецца над імі прароцтва Ісаі, які кажа: “Слыхам пачуеце — і не зразумееце. Гледзячы, будзеце глядзець — і не ўбачыце.
І споўніцца на іх прароцтва Ісаі, што кажа: "Прыслухаючыся, будзеце слухаць, і не зразумееце; і прыглядаючыся, глядзець будзеце, і не зацеміце;
Бо сэрца гэтага народа зрабілася жорсткім, і вушамі з цяжкасцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам вачамі не ўбачыць і вушамі не пачуць, каб сэрцам не зразумець ды не навярнуцца, каб Я аздаравіў іх”.
Бо абрасло тукам сэрца люду гэтага, і вушамі яны ледзь чуюць, і вочы свае яны зачынілі, каб не абачыць ачыма, і вушамі не пачуць, і сэрцам не зразумець, і не навярнуцца, каб Я не ўздаравіў іх’.
Дабраславёныя ж вочы вашы, бо бачаць, і вушы вашы, бо чуюць.
Вашы ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы вашы, бо чуюць;
Сапраўды кажу вам: многія прарокі і справядлівыя прагнулі бачыць, што вы бачыце, і не бачылі, ды чуць, што вы чуеце, і не чулі.
Бо запраўды кажу вам, што шмат прарокаў а справядлівых жадала бачыць тое, што вы аглядаеце, і не абачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не пачулі.
Вы ж слухайце наконт прыпавесці пра сейбіта.
«Вы ж услухайцеся ў прыпавесьць празь сяўбіта.
Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства і не разумее, прыходзіць ліхі і выкрадае тое, што пасеяна ў сэрцы яго. Гэта той, у якога пры дарозе пасеяна.
Да кажнага, хто чуе слова праз гаспадарства і не разумее, прыходзе злы й хапае пасеянае ў сэрцу ягоным: гэта пасеянае край дарогі.
А ў каго пасеяна на камяністай зямлі, гэта той, хто слухае слова і адразу з радасцю прымае яго,
А пасеянае на скалістых месцах — гэта тый, хто чуе слова і неўзабаве з радасьцяй прыймае яго;
але не мае кораня, таму зменны. І, калі настане ўціск і пераследы за слова, адразу ж спакушаецца.
Але ня мае караня ў сабе і часны, а як настаець уціск альбо перасьледаваньне за слова, неўзабаве спатыкаецца.
А ў каго пасеяна між цернямі, гэта той, хто слова слухае, але клопаты жыцця і панада багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным.
А пасеянае ў церню — гэта, хто чуе слова, але клопат гэтага веку й спадман багацьця глуша слова, і яно робіцца бясплодным.
У каго ж на добрай зямлі пасеяна, гэта той, хто слова слухае, і разумее, і прыносіць плод: адзін — у сто разоў, другі — у шэсцьдзясят, а іншы — у трыццаць».
Пасеянае ж у добрую зямлю — гэта, хто чуе слова й разумее, гэты родзе плод і даець: хто сто, хто шасьцьдзясят, хто трыццаць».
Іншую прыпавесць прапанаваў Ён ім, кажучы: «Падобна Валадарства Нябеснае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на сваёй раллі.
Другую прыпавесьць прывёў Ён ім, кажучы: «Падобнае гаспадарства нябёснае да чалавека, што пасеяў добрую сяўбу на полю сваім;
Але калі людзі спалі, прыйшоў вораг яго, і насеяў кукалю пасярод пшаніцы, і пайшоў.
Але, як людзі спалі, прышоў непрыяцель ягоны, і насеяў кукелю памеж пшонкі, і адышоў.
І калі вырасла збожжа і дало плод, тады паказаўся і кукаль.
Як жа збожжа абышло й наліло й дало плод, тады выявіўся й кукель.
А паслугачы, прыйшоўшы да гаспадара дома, сказалі яму: “Гаспадару, ці ж ты не добрае пасеяў насенне на сваёй раллі? Адкуль жа ўзяўся кукаль?”
І, прышоўшы, чаляднікі гаспадаровы сказалі яму: "Спадару, ці ня добрую сяўбу пасеяў ты на полю сваім? скуль жа ў ім кукель?’
А ён ім гаворыць: “Вораг людзей гэта зрабіў”. Паслугачы ж кажуць яму: “Хочаш, мы пойдзем і збяром яго?”
Ён сказаў ім: "Непрыяцель зрабіў гэта’. Чаляднікі ж яму кажуць: "Ці хочаш, каб мы пайшлі й выпалалі?’
Але ён сказаў: “Не, каб часам, збіраючы кукаль, не выкаранілі з ім і пшаніцу.
Але ён кажа: "Не, каб, вырываючы кукель, вы ня вырвалі зь ім разам і пшонкі.
Дазвольце і аднаму, і другому расці да жніва. А ў час жніва скажу жняцам: “Збярыце раней кукаль і звяжыце ў пучкі, каб спаліць яго, а пшаніцу збярыце ў маё гумно”».
Пакіньце расьці абое да жніва, і ў жніво я скажу жнеям: вырвіце ўперад кукель і зьвяжыце ў вязанкі, каб спаліць іх; а пшонку зьбярэце на ток мой’».
Іншую прыпавесць прапанаваў Ён ім, кажучы: «Падобна Валадарства Нябеснае да гарчычнага зярняці, якое, узяўшы, чалавек пасеяў на сваёй раллі.
Іншую прыпавесьць сказаў Ён ім: «Падобнае гаспадарства нябёснае да зярняці гарчычнага, каторае чалавек узяў пасеяў на полю сваім.
Яно з усіх зярнят найменшае, але, калі вырасце, то большае за любую зеляніну і становіцца дрэвам, так што прылятаюць нябесныя птушкі і гняздуюцца на яго галінах».
Яно запраўды найменшае за ўсю сяўбу, але, як вырасьце, яно найбольшае сярод зельля і стаецца дзервам, так што птушкі нябёсныя прылятаюць і віюць гнезды ў гольлю яго».
Іншую прыпавесць расказаў ім: «Падобна Валадарства Нябеснае да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, пакуль усё не закісла».
Іншую прыпавесьць сказаў Ён ім: «Падобнае гаспадарства нябеснае да рашчыны, каторую, узяўшы, жонка замясіла ў тры меркі мукі, пакуль ня ўкісла ўсе».
Гэта ўсё расказваў Ісус многім людзям у прыпавесцях і без прыпавесцей не гаварыў да іх,
Усе гэта Ісус гукаў грудом прыпавесьцямі, а без прыпавесьці ня гукаў ім;
каб споўнілася тое, што было сказана прарокам, які казаў: «Адкрыю вусны Мае ў прыпавесцях, выказваць буду тое, што было скрыта ад стварэння свету».
Каб спаўнілася сказанае прарокам, што кажа: «Адчыню прыпавесьцьмі вусны Свае; вымаўлю схаванае ад закладзінаў сьвету».
Потым, адпусціўшы людзей, Ісус увайшоў у дом, і прыйшлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Растлумач нам прыпавесць пра кукаль на раллі».
Тады, адаслаўшы груды, Ісус, увыйшоў у дом. І прыступілі да Яго вучанікі Ягоныя, кажучы: «Зьясьні нам прыпавесьць праз палявы кукель».
Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Той, хто рассявае добрае насенне, ёсць Сын Чалавечы.
Ён жа, адказуючы, сказаў: «Сяўбіт добрае сяўбы ё Сын Людзкі;
Ралля — гэта свет; добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а кукаль — сыны ліхога;
Поле ё сьвет; добрая сяўба, гэта — сынове гаспадарства, а кукель — сынове злога;
а вораг, які пасеяў яго, — гэта д’ябал; жніво — канец свету, а жняцы — анёлы.
Непрыяцель, што пасеяў яго, ё д’ябал; жніво ё канчатак веку, а жнеі — ангілы.
І падобна таму, як збіраюць кукаль і паляць агнём, так будзе пры канцы свету.
Затым, як вырываюць кукель і паляць цяплом, так будзе пры канчатку гэтага веку:
Пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і яны збяруць з Валадарства Яго ўсе згаршэнні і тых, што чыняць беззаконне,
Пашлець Сын Людзкі ангілаў Сваіх, і зьбяруць із гаспадарства Ягонага ўсі спадманы і робячых бяспраўе,
і ўкінуць іх у печ вогненную. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
І ўкінуць іх у печ агняную; там будзе плач а скрыгот зубамі.
Тады справядлівыя будуць яснець, як сонца, у Валадарстве Айца свайго. Хто мае вушы, хай слухае.
Тады справядлівыя будуць зьзяць, як сонца, у гаспадарстве Айца свайго. Хто мае вушы, няхай слухае!
Падобна Валадарства Нябеснае да скарбу, схаванага ў зямлі, які ўтойвае чалавек, што знайшоў яго, і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тую зямлю.
«Падобнае гаспадарства нябёснае да скарбу, схаванага на полю. каторы, знайшоўшы, людзіна тое, і з радасьці зь яго йдзець і прадаець усе, што мае, і купляе поле тое.
Таксама падобна Валадарства Нябеснае да чалавека купца, які шукае прыгожыя перлы.
«Яшчэ падобнае гаспадарства нябёснае да купца, што шукае харошых пэрлаў,
Ён, знайшоўшы адзін каштоўны перл, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яго.
Каторы, знайшоўшы адну дарагую пэрлу, адыйшоўшы, прадаў усе, што меў, і купіў яе.
Падобна таксама Валадарства Нябеснае да нерату, што быў закінуты ў мора ды сабраў рыбу ўсялякага роду.
«Яшчэ падобнае гаспадарства нябёснае да неваду, закіненага ў мора, што захапляе ўсячыну,
Калі ён поўны, дык, выцягнуўшы яго на бераг ды сеўшы, добрае адбіраюць у посуд, а благое прэч адкідаюць.
Каторы, як напаўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрую зьберлі ў судзьдзе, а благую выкінулі вон.
Так будзе пры канцы свету. Выйдуць анёлы і вылучаць благіх пасярод справядлівых,
Гэтак будзе пры канчатку веку: пойдуць ангілы, і вылучаць благіх з пасярод справядлівых,
ды ўкінуць іх у вогненную печ. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
І ўкінуць іх у печ агняную: там будзе плач а скрыгот зубамі».
Ці зразумелі вы ўсё гэта?» Яны кажуць Яму: «Так, Госпадзе».
І папытаўся ў іх Ісус: «Ці зразумелі вы ўсе гэта?» Яны адказалі Яму: «Але, Спадару!»
А Ён ім гаворыць: «Таму кожны кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да чалавека гаспадара дому, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое».
Ён жа сказаў ім: «Затым кажны кніжнік, навучаны гаспадарства нябёснага, падобны да дамовага гаспадара, што выносе із скарбніцы свае новае й старое».
І сталася, калі скончыў Ісус гэтыя прыпавесці, пайшоў адтуль.
І сталася, як скончыў Ісус прыпавесьці гэтыя, Ён пайшоў стуль.
І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну Сваю, навучаў у сінагозе іх, а яны дзівіліся і казалі: «Адкуль жа ў Яго гэтая мудрасць і магутнасць?
І, прыйшоўшы да краіны Свае, вучыў іх у бажніцы іхнай, так што зумяваліся яны й казалі: «Скуль у Яго мудрасьць гэтая й магучыя ўчынкі?
Ці ж гэта не Сын цесляра? Ці ж Маці Яго не завуць Марыяй, а братоў Яго — Якубам і Язэтам, Сімонам і Юдай?
Ці ня Ён сын цесьлі? Ці ня Маці Ягоная завецца Марыя, і браты Ягоныя Якаў, Язэп, Сымон а Юда?
А сёстры Яго ці ж не ўсе знаходзяцца сярод нас? Скуль жа Яму гэта ўсё?»
І сёстры Ягоныя ці ня ўсі з намі? У Яго ж скуль усе гэта?».
Ды зняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне яго і ў доме сваім».
І мелі спаткненьні з прычыны Яго. Ісус жа сказаў ім: «Няма прарокі бязь сьці, хіба адно ў краю сваім а ў доме сваім».
І не ўчыніў там многіх цудаў з-за нявер’я іх.
І ня зьдзеяў там шмат магучых учынкаў з прычыны няверы іхнае.