Мацьвея 24 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
І, выйшаўшы, Ісус пакрочыў ад святыні, і падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму пабудовы святыні.
І Ісус, вышаўшы ізь сьвятыні, пайшоў; і дабліжыліся вучанікі Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі сьвятыні.
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Хіба не бачыце вы гэта ўсё? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
Ісус жа, адказуючы, сказаў ім: «Ці бачыце ўсе гэта? Запраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на каменю, каторы ня будзе ськінены».
А калі Ён сядзеў на Аліўнай гары, прыйшлі вучні да Яго на адзіноце і пыталіся: «Скажы, калі гэта будзе, і які знак Твайго прышэсця і сканчэння веку?»
Як жа сядзеў Ён на ґары Аліўнай, то дабліжыліся да Яго вучанікі асобна й папыталіся: «Скажы нам, калі гэта будзе? і якая пазнака Твайго прыходу й сканчэньня веку?»
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Глядзіце, каб хто вас не звёў.
І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Сьцеражыцеся, каб хто ня зьвёў вас;
Бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Я — Хрыстос”, і многіх звядуць.
Бо шмат хто прыйдзе пад імям Маім і будуць казаць: ’Я Хрыстос’, і шмат зьвядуць.
Пачуеце вы пра войны і чуткі пра войны; глядзіце, каб не напалохаліся, бо так належыць быць, але гэта яшчэ не канец.
Таксама будзеце чуць войны а дзейкі праз войны. Глядзіце, не лякайцеся, бо належа ўсяму гэтаму быць; але гэта яшчэ не канец.
Падымецца народ на народ і царства на царства, і будуць голад, моры і месцамі землятрусы.
«Бо паўстане народ на народ, і гаспадарства на гаспадарства, і будуць галадові, мор а трасеньне зямлі ў розных месцах.
Гэта ўсё — пачатак родавых боляў.
Усе гэта пачатак трудненьня.
Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас будуць, ды будзеце вы зненавіджаны ўсімі народамі за імя Маё.
Тады будуць аддаваць вас на мукі й забіваць вас; і вас будуць ненавідзіць усі народы за імя Мае.
І тады многія згоршацца, і будуць выдаваць адзін аднаго, і будуць ненавідзець адзін аднаго,
І тады спакусіцца шмат хто; і адзін аднаго ізрадзяць, і зьненавідзяць адзін аднаго.
і паўстануць многія фальшывыя прарокі і будуць зводзіць многіх.
«І паўстане шмат хвальшывых прарокаў, ды зьвядуць шмат каго;
І ад таго, што памножыцца беззаконне, астыне любоў у многіх.
І, з прычыны памнажэньня бяспраўя, у шмат каго асьцюдзянее любоў.
Але хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены.
Хто вытрывае да канца, спасецца.
І будзе прапаведавацца гэтае Евангелле Валадарства па ўсім свеце на сведчанне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
І будуць пашыраць гэтую Евангелю гаспадарства па ўсім сьвеце, на сьветчаньне ўсім народам; і тады настане канец.
І, калі ўбачыце нарэшце агіду спусташэння, якая паўстане на святым месцы, як сказана Даніэлем прарокам, — хто чытае, хай разумее, —
«Дык як абачыце гідоту спустошаньня, сказаную прарокам Данелям, на сьвятым месцу стаячую, — чытаючы хай разумее, —
тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,
Тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;
і хто на даху, хай не сыходзіць, каб узяць што-небудзь з дома свайго;
І хто на страсе, тый хай ня сходзе ўзяць што-лень із дому свайго;
і хто на полі, хай не вяртаецца забраць свой плашч.
І хто на полю, тый хай не зварачаецца назад узяць адзецьці свае.
Гора цяжарным і тым, хто корміць грудзьмі у тыя дні!
«Бяда цяжарным а соючым тых дзён!
Дык прасіце, каб вашы ўцёкі не былі зімою ці ў суботу.
Маліцеся, каб ня прылучыліся ўцекі вашы ўзімку альбо ў сыботу;
Бо тады будзе вялікая пакута, якой не было ад пачатку свету аж дасюль, дый не будзе.
Бо тады будзе вялікая атуга, якое ня прылучылася ад пачатку сьвету дагэтуль, і ніяк ня станецца.
І, калі б не былі скарочаны тыя дні, аніякае цела не ўратавалася б, але дзеля выбраных будуць скарочаны тыя дні.
І калі б не скараціліся тыя дні, то не ўратавалася б ніякае цела; але дзеля абраных скароцяцца тыя дні.
Тады, калі б хто вам казаў: “Вось тут Хрыстос”, або: “Там”, — не верце.
«Тады, калі хто скажа вам: ’Во тут Хрыстос’, альбо "во тут’, — ня верце;
Паўстануць бо фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і прадставяць вялікія знакі і цуды, — так, каб у зман увесці, калі гэта магчыма, нават абраных.
Бо паўстануць хвальшывыя хрысты а хвалынывыя прарокі і дадуць вялікія знакі а дзівы, каб спадмануць, калі магчыма, і абраных.
Вось, Я наперад вам гэта сказаў.
Вось, Я наперад сказаў вам.
Дык калі б вам потым сказалі: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце; “Вось, Ён у пакоях”, — не верце.
«Дык, калі скажуць вам: ’Вось, Ён на пустыні’, — ня выходзьце; ’вось, у сховах’, — ня верце;
Бо, як маланка з’яўляецца на ўсходзе і віднеецца аж да захаду, такім будзе і прышэсце Сына Чалавечага.
Бо, як маланьня выходзе з усходу і бывае відаць ажно на захадзе, так будзе прыход Сына Людзкога.
Дзе будзе труп, там збяруцца і арлы.
Бо, ідзе будзе труп, там зьбяруцца й арлы.
А зараз па тузе тых дзён сонца зацемрыцца, і месяц не дасць святла свайго, і нябесныя зоркі падаць будуць, і сілы, што на небе, пахіснуцца.
«І зараз, па атузе тых дзён, сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятліні свае, і зоры зваляцца зь неба, і сілы нябёсныя захістаюцца.
І тады з’явіцца знак Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе плямёны зямныя, і ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках нябесных з магутнасцю і славаю вялікай.
Тады зьявіцца знак Сына Людзкога на небе; і тады заплачуць усі плямёны земныя і абачаць Сына Людзкога, на булакох нябёсных ідучага з моцаю а сілаю вялікай.
І пашле Ён анёлаў Сваіх з трубою гучнай, і збяруць яны абраных Яго з чатырох вятроў, ад краю неба аж да канца яго.
І пашлець ангілаў Сваіх із трубою вялікаю, і зьбяруць абраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад аднаго канца нябёсаў аж да другога.
І навучыцеся прыкладам фігавага дрэва: калі ўжо галінка яго лагаднее і пускае лісты, вы ведаеце, што блізка лета.
«Вучыцеся падобнасьці зь фіґі: як галуза яе мякчэе й пушчае лісьцё, вы ведаеце, што лета блізка;
Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
Дык, як вы абачыце ўсе гэта, ведайце, што блізка, у дзьвярох,
Сапраўды кажу вам: не праміне гэтае пакаленне, аж усё гэта станецца.
Запраўды кажу вам: ня мінець род гэты, як усе гэта станецца;
Неба і зямля сыдуць, але слова Маё не праміне.
Неба й зямля прамінуць, але слова Мае не прамінець.
Што да дня таго і хвіліны, ніхто не ведае, — ані анёлы нябесныя, — толькі Айцец адзін.
«Празь дзень жа тый а гадзіну ніхто ня ведае, ані ангілы нябёсныя, ані Сын, адно Айцец Мой адзін.
І як у дні Ноя, так будзе і прышэсце Сына Чалавечага.
Але як было за дзён Ноя, так будзе і ў прыход Сына Людзкога;
Бо як у той час перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж аддавалі, аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг,
Бо як за дзён перад патопаю елі, пілі, жаніліся й выходзілі замуж да таго дня, калі ўвыйшоў Ной у караб,
і не зразумелі, аж пакуль не прыйшоў патоп і не знішчыў усіх, так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага.
І ня зналі, пакуль ня прышла патопа і не забрала ўсіх, — так будзе й прыход Сына Людзкога.
Тады двое будуць на полі: аднаго возьмуць, а другога пакінуць.
Тады будзе двух на полю: адзін будзе ўзяты, а другі пакінены.
Дзве будуць малоць у жорнах: адну возьмуць, другую пакінуць.
Дзьве мелючыя ў жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінена.
Дык чувайце, бо не ведаеце, у які час прыйдзе Госпад ваш.
«Дык будзьце чукавыя, бо ня ведаеце, каторае гадзіны Спадар ваш прыйдзе.
А гэта ведайце, што, каб гаспадар дома ведаў, а якой гадзіне злодзей мае прыйсці, пільнаваў бы і не дазволіў падкапаць дом свой.
Але гэта вы ведаеце, што калі б ведаў дамовы гаспадар, каторае варты прыйдзе злодзей, то быў бы чукавы і ня даў бы падкапацца пад дом свой.
Таму і вы будзьце гатовы, бо ў гадзіну, якой вы не ведаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
Дык і вы будзьце гатовы, бо, каторае гадзіны ня думаеце, прыйдзе Сын Людзкі.
Хто, думаеш, з’яўляецца верным і разумным паслугачом, якога паставіў гаспадар над падданымі сваімі, каб ён у вызначаны час даваў ім меру пшаніцы?
«Дык хто верны а разумны слуга, каторага гаспадар прызначыў над дамоваю сваёй, даваць ежу ў пару?
Дабраславёны той паслугач, якога, калі прыйдзе, гаспадар яго знойдзе за такім заняткам.
Шчасьлівы тый слуга, каторага гаспадар ягоны, прышоўшы, засьпее так робячы.
Сапраўды кажу вам, што паставіць яго над усёй сваёй маёмасцю.
Запраўды кажу вам, што ён прызнача яго над усёй маемасьцяй сваёй.
А калі скажа гэны ліхі паслугач у сэрцы сваім: “Марудзіць гаспадар мой з прышэсцем”,
«Калі ж благі слуга тый скажа ў сэрцу сваім: ’Длякаецца гаспадар мой прыйсьці’;
і пачне біць таварышаў сваіх, і будзе есці і піць з п’яніцамі,
І пачнець біць сяброў сваіх, і есьці а піць із п’яніцамі, —
то прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень неспадзяваны, у гадзіну невядомую
То прыйдзе гаспадар слугі таго дня, каторага ён не спадзяецца, і гадзіны, каторае ня ведае,
і аддзеліць яго, ды прызначыць яго долю разам з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
І разатнець яго на часьці, і прызнача дзель ягоную з двудушнікамі; там будзе плач а скрыгот зубамі.