Мацьвея 9 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І Ён, увайшоўшы ў лодку, пераплыў у Свой горад.
І, уступіўшы ў струг, пераплыў і прышоў да места Свайго.
І вось, прынесьлі да Яго паралізаванага, пакладзенага на пасьцелі. І ўбачыўшы веру іхнюю, Ісус сказаў паралізаванаму: мацуйся, сыне! даруюцца табе грахі.
І вось, прынесьлі да Яго хворага паляржаванага, на пасьцелі ляжачага. І Ісус, бачачы веру іхную, сказаў паляржаванаму: «Асьмелься, дзяцё! дараваны табе грахі твае».
І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзьнерыць.
І, вось, некатрыя з кніжнікаў сказалі самы ў сабе: «Гэты блявузґае».
А Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў: навошта вы намышляеце ліхое ў сэрцах вашых?
А Ісус, ведаючы думкі іхныя, сказаў: «Чаму думаеце благое ў сэрцах сваіх?
бо што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі», альбо сказаць: «устань і хадзі»?
Во што лягчэй сказаць: ’Дараваны табе грахі’, ці сказаць: ’Устань а йдзі’?
Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — тады кажа паралізаванаму: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі дахаты.
Але каб вы ведалі, што Сын Людзкі мае ўладу на зямлі дараваць грахі» (тады кажа да паляржаванага): «Устань, вазьмі пасьцелю сваю і йдзі да дому свайго».
І той устаў, узяў пасьцель сваю, і пайшоў дахаты.
І ён устаў, і пайшоў да дому свайго.
А людзі, убачыўшы гэта, дзіву даліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.
І як груды бачылі гэта, палохаліся й хвалілі Бога, Каторы даў такую моц людзём.
Праходзячы адтуль, убачыў Ісус чалавека, што сядзеў на мытні, якога звалі Мацьвей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў за Ім.
І як Ісус адыходзіў адгэнуль, Ён абачыў чалавека, ля збору мыта седзячага, званага Мацьвеям, і сказаў яму: «Ідзі за Імною». І ён устаў а пайшоў за Ім.
І сталася, калі Ісус узьляжаў у доме, вось, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзьлеглі зь Ім і вучнямі Ягонымі.
І сталася, як Ісус узьляжаў за сталом у доме, і вось, шмат мытнікаў а грэшнікаў, прышоўшы, узьляжалі зь Ісусам а з вучанікамі Ягонымі.
І ўбачыўшы гэта, фарысэі сказалі вучням Ягоным: навошта Настаўнік ваш есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?
І як фарысэі абачылі гэта, яны сказалі вучанікам Ягоным: «Чаму есьць Вучыцель ваш із мытнікамі а грэшнікамі?»
А Ісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
Ісус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя.
ідзеце, навучэцеся, што азначае: «міласьці хачу, а не ахвяры», бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.
Пайдзіце ж і наўчыцеся ж, што знача: ’міласэрдзя хачу, а не аброку’? бо Я прышоў прыгукаць не справядлівых, але грэшнікаў да каяты».
Тады прыходзяць да Яго вучні Янавыя і кажуць: чаму мы і фарысэі посьцім многа, а Твае вучні ня посьцяцца?
Тады дабліжыліся да Яго вучанікі Яанавы, кажучы: «Чаму мы а фарысэі постуем часта, а вучанікі Твае ня постуюць?».
І сказаў ім Ісус: ці могуць засмучацца сыны харомаў шлюбных, пакуль зь імі малады? Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца.
І сказаў ім Ісус: «Ці могуць смуціцца сынове вясельнага палацу, пакуль ізь імі малады? Але настануць дні, калі адыймуць у іх маладога, і тады будуць поставаць.
І ніхто не прышывае латкі зь нябеленага палатна да старой адзежыны; бо зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.
І ніхто да старога адзецьця не прышывае лапіка зь няваленага сукна, бо нова прышытае сьцягнецца, і дзірка будзе горшая.
Ня ўліваюць таксама віна маладога ў мяхі старыя; а інакш дзяруцца мяхі, а віно маладое ўліваюць у новыя мяхі, і зьберагаецца і тое і другое.
І не наліваюць віна маладога ў скураныя мяхі старыя, бо мяхі парвуцца, і віно выцякае, і мяхі гінуць; але наліваюць віно маладое ў мяхі новыя, і захаваецца адно й другое.
Калі Ён ім гэта казаў, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна будзе жыць.
Як Ён казаў гэта ім, вось, нейкі старац прышоў і пакланіўся Яму, кажучы: «Дачка мая кагадзе памерла, але прыйдзі і ўзлажы руку Сваю на яе, і яна ажывець».
І ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.
І, устаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучанікі Ягоныя.
І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы, падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай,
І вось, жонка, двананцаць год хворая на крывацеч, дабліжылася адзаду і даткнулася да кутаса адзецьця Ягонага;
бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею.
Бо яна казала сама сабе: «Калі адно даткнуся да адзецьця Ягонага, ачуняю».
А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся, дачка! вера твая ўратавала цябе. І выздаравела жанчына з таго часу.
Ісус жа, абярнуўшыся й абачыўшы яе, сказаў: «Асьмелься, дачка, вера твая ўздаравіла цябе». І жонка з тае гадзіны была ўздароўлена.
А як прыйшоў Ісус у начальнікаў дом і ўбачыў жалейнікаў і зьбянтэжаны люд,
І як прышоў Ісус да дому старцовага і абачыў грыцоў на жалейцы а галасуючы люд,
сказаў ім: выйдзіце; бо не памерла дзяўчына, а сьпіць. І насьміхаліся зь Яго.
Сказаў: «Адыйдзіце, бо дзеўка не памерла, але сьпіць». І сьміяліся зь Яго.
Калі ж людзі былі высланы, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчына ўстала.
Але як груд вывялі, Ён, увыйшоўшы, узяў яе за руку, і дзеўка паднялася.
І разьнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той.
І разыйшліся галасы праз гэта па ўсей зямлі тэй.
І калі ішоў адтуль Ісус, ішлі за Ім двое сьляпых і крычалі: памілуй нас, Ісусе, Сыне Давідаў!
Як Ісус ішоў стуль, за Ім ішло двух нявісных, крычачы а кажучы: «Сыну Давідаў, зьмілуйся над намі!».
І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе!
А як Ён прышоў да дому, нявісныя дабліжыліся да Яго. І кажа ім Ісус: «Ці верыце, што Я магу гэта зрабіць?» Яны кажуць Яму: «Але, Спадару!».
Тады Ён крануўся вачэй іхніх і сказаў: па веры вашай хай будзе вам.
Тады Ён даткнуўся да ачоў іхных і сказаў: «Подле веры вашае няхай станецца вам».
І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Ісус: глядзеце, каб ніхто не даведаўся.
І адчыніліся вочы іхныя. І Ісус стродка сказаў ім: «Глядзіце, каб ніхто не даведаўся».
А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той.
А яны, вышаўшы, разгаласілі празь Яго па ўсей зямлі тэй.
Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.
Як жа тыя выходзілі, то прывялі да Яго немага, апанаванага нячысьцікам.
І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючыся, казаў: ніколі ня было такога явішча ў Ізраілі.
І, як нячысьцік быў выгнаны, немы пачаў гукаць. І груды, дзівуючыся, гукалі: «Ніколі ня было такое зьявы ў Ізраелю».
А фарысэі казалі: сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў.
А фарысэі гукалі: «Ён выганяе нячысьцікаў моцаю князя нячысьцікаў».
І хадзіў Ісус па ўсіх гарадах і па селішчах, вучачы ў сынагогах іхніх, прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.
І хадзіў Ісус па ўсіх местах а сёлах, вучачы ў бажніцах іхных, абяшчаючы Евангелю гаспадарства і ўздараўляючы ўсялякую хваробу а ўсялякае няўздоленьне памеж люду.
Бачачы людзей, Ён умілажаліўся зь іх, бо яны былі зьнясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастуха.
Бачачы груды, Ён зжаліўся над імі, што яны былі высіленыя а расьцярушаныя, як авечкі, пастыра ня маючыя.
Тады кажа вучням Сваім: жніва многа, ды работнікаў мала;
Тады кажа Ён вучанікам Сваім: «Жніва запраўды шмат, але работнікаў мала;
дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.
Дык маліце Спадара жніва, каб высунуў работнікаў на жніво Свае».