Мацьвея 4 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Тады Ісус быў паведзены Духам у пустыню, на спакушэньне ад д’ябла.
Тады Ісус ведзены быў Духам у пустыню дзеля спакусы ад д’ябла.
І, пасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, напасьледак згаладаўся.
І, прапасьціўшы сорак дзён і сорак ночаў, нарэшце, пачуўся галодным.
І падступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі.
І прыступіў да Яго спакусьнік і сказаў: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні сталіся хлябамі».
А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых».
Ён-жа ў адказ сказаў: «Напісана ёсць: ня хлебам адзіным жыў будзе чалавек, але ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых».
Тады бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад і ставіць Яго на крыле храма,
Потым бярэ Яго д’ябал у сьвятое места й ставіць Яго на версе сьвятыні.
і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: «Анёлам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю».
І кажа Яму: «Калі ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: ангелам Сваім накажа аб Табе ахаваць Цябе; і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнулася аб камень нага Твая».
Сказаў яму Ісус: напісана яшчэ: «не спакушай Госпада Бога твайго».
Ісус-жа сказаў яму: «напісана таксама — не спакушай Госпада Бога Твайго».
Зноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы сьвету і славу іх,
І ізноў бярэ яго д’ябал на вельмі высокую гару й паказвае Яму ўсе гаспадарствы сьвету й славу іхную.
і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне.
І кажа Яму: «Усё гэта дам Табе, калі, паўшы, паклонішся мне».
Тады кажа яму Ісус: адыдзі ад мяне, сатана; бо напісана: «Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы».
Тады сказаў яму Ісус: «Адыйдзі ад Мяне, шатане, бо напісана — Госпаду Богу пакланяйся, і Яму Адзінаму служы».
Тады пакідае Яго д’ябал, — і вось, анёлы прыступілі і слугавалі Яму.
Тады пакінуў Яго д’ябал, і вось Ангелы, прыступіўшы, служылі Яму.
Ісус, пачуўшы, што Ян аддадзены варце, адышоў у Галілею,
Калі Ісус дачуўся, што Ян зьняволены, адыйшоў у Галілею.
і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нэфталімавых,
І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме, на ўзмор’і ў межах Завулонавых і Нэўфалімавых.
каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаварыў:
«Зямля Завулонава і зямля Нэфталімава, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея язычніцкая,
«Зямля Завулонава й зямля Нэўфалімава, па дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская.
народ, што сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні сьмерці, зазьзяла сьвятло».
Народ, у цемры бытуючы, убачыў сьвятло вялікае, і тым, якія аселі ў краіне ценю сьмерці, зазьзяла сьвятло».
З таго часу Ісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
З таго часу Ісус пачаў навучаць і гаварыць: «Пакайцеся, бо наблізілася Ўладарства Нябеснае».
А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі.
Калі-ж прайходзіў каля мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў: Сымона, званага Пятром, і Андрэя, брата яго; яны зацягвалі сеткі ў мора, бо былі рыбакамі.
І кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
І кажа ім: «Ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў».
І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім.
Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Якава Зевядзеевага і Яна, брата ягонага, у лодцы з Зевядзеем, бацькам іхнім, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх.
І, адыйшоўшы адтуль, убачыў іншых двух братоў: Якуба Заведэева й Яна, брата яго, у чаўне з бацькам іхным Заведэем, папраўляючымі сеткі свае, і паклікаў іх.
І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
Яны зараз-жа, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.
І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхных і абвяшчаючы Евангельле Ўладарства, і збаўляючы людзей ад усякіх нядугаў, і ад усякіх хваробаў.
І прайшоў пра Яго погалас па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, рознымі хваробамі і пакутамі ахопленых, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізаваных, і Ён ацаляў іх.
І разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй Сырыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужных з рознымі хворасьцямі, і церпячых ад усякіх прыпадкаў, і апанаваных злыдухам, і лунатыкаў, і спараліжаваных, і Ён аздараўляў іх.
І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігародзьдзя, і зь Ерусаліма, і зь Юдэі, і з-за Ярдана.
І за Ім ішло мноства народу з Галілеі, і зь Дзесяціградзьдзя, і зь Ерусаліму, і зь Юдэі, і з-за Ярдану.