Мацьвея 12 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Тым часам праходзіў Ісус у суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есьці.
У тым жа часе праходзіў Ісус паміж збожжам у сыботу, і вучні Ягоныя, згаладаўшыся, пачалі зрываць каласы й есьці.
Фарысэі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу.
Фарысеі-ж, угледзеўшы гэта, сказалі Яму: «Вось вучні Твае робяць, чаго не павінны рабіць у сыботу».
А Ён сказаў ім: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь Ім?
Ён-жа сказаў ім: «Хіба-ж вы ня чыталі, што зрабіў Давід, згаладаны сам і тыя, хто быў зь ім?
Як ён увайшоў у дом Божы і еў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці ні яму, ні тым, што зь ім былі, а толькі адным сьвятарам?
Як ён, увайшоўшы ў дом Божы, еў хлябы прынясеньн, якіх не належала есьці ні яму, ні тым, хто зь ім быў, а толькі адным сьвятаром?
Альбо ці ня чыталі вы ў законе, што ў суботы сьвятары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя?
Альбо, ці ня чыталі вы ў законе, што ў сыботу сьвятары ў храме парушаюць сыботу, аднак-жа астаюцца нявіннымі?
Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;
Але, кажу вам, што тут ёсьць Той, хто большы за храм.
калі б ведалі вы, што азначае: «міласьці хачу, але не ахвяры», не асудзілі б невінаватых;
І калі-б вы ведалі, што значыць: міласьці прашу, а не ахвяры, то не асудзілі-б бязьвінных.
бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы.
Бо Сын Чалавечы ёсьць гаспадаром і сыботы».
І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сынагогу іхнюю.
І, адыйшоўшы адтуль, увайшоў у іхную сынагогу.
І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы? — каб зьвінаваціць Яго.
Быў-жа там чалавек сухарукі. І спыталіся ў Ісуса, стараючыся знайсьці віну на Ім, ці можна аздараўляць у сыботу?
А Ён сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, што, маючы адну авечку, — калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, — ня возьме і ня выцягне яе?
Ён-жа сказаў ім: «Хто з вас, калі-б меў адну авечку, і яна ў сыботу ўвалілася-б у яму, ня ўзяў-бы й ня выцягнуў яе?
Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу дабро рабіць.
Ці-ж не шмат важнейшы чалавек за авечку? Дык дабро тварыць у сыботу можна».
Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровая, як другая.
Тады сказаў сухарукаму: «Працягні руку тваю!» Той працягнуў, і стала яна здаровая, як і другая.
А фарысэі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
Фарысеі-ж, выйшаўшы, вялі змову супраць Яго, як-бы згубіць Яго, але Ісус, ведаючы гэта, адыйшоў адтуль.
І пайшло за Ім сьледам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх
І пайшло за Ім мноства народу, і Ён аздаравіў іх усіх.
і забараніў ім расказваць пра Яго:
Ды забараніў ім выяўляць Яго.
каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
Каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які гаварыў:
«Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Духа Майго на Яго і Ён суд народам абвесьціць;
«Вось Юнак Мой, Якога я выбраў, Улюбёны Мой, Яму-ж дабраволіць душа мая; палажу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд.
не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Ягонага;
Не запярэчыць і ня ўзьніме голасу Свайго, і ніхто не пачуе на вуліцы голасу Яго.
трысьціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі;
Трысьціны надламанай не пераломіць, і тлеючага лёну не загасіць, пакуль не давядзе суду да перамогі.
і на імя Ягонае будуць спадзявацца народы».
І на ймя Яго няхай спадзяюцца народы».
Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сьляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.
Тады прывялі да Яго апанаванага злыдухам сьляпога й нямога, і аздаравіў яго: сьляпы й нямы стаў і бачыць і гаварыць.
І зьдзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці ня гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
І дзівіўся народ увесь, кажучы: «Ці ня ёсьць гэта Хрыстос, Сын Давідаў?»
А фарысэі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяў дэманаў няйначай, як Вэльзэвулам, князем дэманскім.
Фарысеі-ж, пачуўшы гэта, сказалі: «Ён выганяе злыдухаў няйначай, як сілай Вэльзевула, князя шатанскага».
Але Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее; і ўсякі горад альбо дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць.
Але Ісус, знаючы помыслы іхныя, сказаў ім: «Усякае гаспадарства, разьдзяліўшыся само ў сабе, разваліцца; і ўсякае места ці дом, разьдзяліўшыся сам у сабе, ня ўстоіць.
І калі сатана сатану выганяе, дык ён разьдзяліўся сам у сабе, як жа ўстоіць царства ягонае?
І калі шатан шатана выганяе, то ён разьдзяліўся сам з сабою. Як-жа можа ўтрымацца ўладарства яго?
І калі Я Вэльзэвулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам судзьдзямі будуць.
І калі Я сілаю Вэльзевула выганяю злыдухаў, то чыёю сілаю выганяюць сыны вашыя? Дзеля таго яны будуць вам судзьдзямі.
Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.
А калі Я Духам Божым выганяю злыдухаў, то пэўна дайшло да вас Уладарства Божае.
Альбо, як можа хто ўвайсьці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі сьпярша ня зьвяжа дужага і тады дом яго зрабуе?
Або, як можа хто-небудзь увайсьці ў дом дужага й абрабаваць дабро яго, калі перш ня зьвяжа дужага, і тады абрабуе дом яго.
Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто ня зьбірае са Мною, той растрачвае.
Таму кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзьнерства не даруецца людзям;
Дзеля таго кажу вам: усякі грэх і зьнявага адпусьцяцца чалавекам.
калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Сьвятога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, даруецца яму; і калі хто скажа супраць Духа Сьвятога не даруецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым.
Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым; альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім; бо па плодзе дрэва пазнаецца.
Або прызнайце дрэва добрым, і плод яго добрым, або прызнайце дрэва дрэнным і плод яго дрэнным, бо па плодзе пазнаецца дрэва.
Выродзьдзе яхідніна! як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.
Параджэньне зьмяінае! Як вы можаце гаварыць добрае, калі самі нягодныя? Ад паўнаты бо сэрца прамаўляюць вусны.
Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек зь ліхой скарбніцы выносіць ліхое.
Добры чалавек з добрае скарбніцы выносіць добрае, а дрэнны чалавек з дрэннае скарбніцы выносіць дрэннае.
Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны;
Кажу вам, што за ўсякае пустаслоўе, якое скажуць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны.
бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся.
Бо словамі сваімі ты апраўданы будзеш, і за словы свае асуджаны будзеш».
Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысэі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе азнаку ўбачыць.
Тады некаторыя з кніжнікаў і фарысеяў пытаючыся, сказалі «Настаўніку! Хацелася-б нам знаменьне ад Цябе пабачыць».
Ён ім сказаў у адказ: род падступны і пералюбны азнакі шукае; і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока;
Але Ён у адказ сказаў ім: «Род златворны й чужаложны знаменьня шукае, але знаменьне яму ня будзе дадзена, апрача знаменьня Іоны — прарока.
бо як Ёна быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Бо, як Іона быў у чэраве кіта тры дні й тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні й тры ночы.
Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёнаву; і вось, тут больш за Ёну.
Мужы Ніневійскія паўстануць на суд з родам гэтым, і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навучэньня Іонінага; і вось тут большае за Іонінае.
Царыца поўдня паўстане на суд з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай, і вось, тут больш за Саламона.
Каралева паўднёвая паўстане на суд з родам гэтым і засудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямонавае; і вось тут большае за Салямона.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць;
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, сноўдаецца па сухазем’і, шукаючы супакою, і не знаходзіць.
тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае пусты, падмецены і прыбраны;
Тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў; і прыйшоўшы, знаходзіць яго парожным, падмеценым і прыбраным.
тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.
Тады йдзе й бярэ з сабою сем іншых духаў, больш лютых за сябе, і яны ўвайходзяць і жывуць там; і становіцца чалавеку таму апошняе горшым за першае; так будзе й роду гэтаму златворнаму».
Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі звонку, хочучы гаварыць зь Ім.
Калі-ж Ён яшчэ гаварыў да народу, Маці Яго й браты Яго стаялі на двары, чакаючы, каб пагаварыць зь Ім.
І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы гаварыць з Табою.
І нехта сказаў Яму: «Вось Маці Твая й браты Твае стаяць вонках, хочуць гаварыць з Табою».
Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае?
Ён-жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму сказаў: «Хто маці Мая? Хто браты Мае?»
І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;
І, паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: «Вось Маці Мая, і браты Мае;
бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.
Бо хто будзе выпаўняць волю Айца Майго, той брат Мой, і сястра, і маці».