Мацьвея 18 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

У той час вучні прыступіліся да Ісуса, кажучы: хто большы ў царстве нябе́сным?
 
Тады падыйшлі да Ісуса вучні Ягоныя, кажучы: «Хто ёсьць большы ў Валадарстве Нябесным?»

Ісус, прыклікаўшы дзіця́тка, паставіў яго пасярод іх і сказаў:
 
Ісус, паклікаўшы дзіця, паставіў яго сярод іх.

Запраўды́ кажу вам: калі не наве́рнецеся і ня будзеце, як дзе́ці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябе́снае.
 
І сказаў: «Папраўдзе кажу вам, калі не навернецеся й ня станеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

Дык вось, хто ўма́ліцца, як гэтае дзіцятка, той і большы ў Царстве Нябе́сным.
 
Вось-жа, хто пакорлівы, як гэтае дзіцятка, той большы ёсьць у Валадарстве Нябесным.

І хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне́ прыймае.
 
І хто прыйме адно з гэткіх малых у Імя Маё, той Мяне прыйме.

А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, ве́руючых у Мяне́, таму лепей было-б, калі-б паве́сілі Яму млы́навы ка́мень на шыю і ўтапілі яго ў глыбіні марской.
 
А хто-б спакусіў адно з гэтых малых, веруючых у Мяне, лепш было-б яму, каб завесілі жарновы камень на шыю яго й затапілі ў глыбіні морскай.

Го́ра сьве́ту ад спакусаў: бо спакусы мусяць прыйсьці; але го́ра таму чалаве́ку, праз якога спакуса прыходзіць.
 
Гора сьвету ад спакусаў, бо хоць мусяць прыходзіць спакусы, але гора таму чалавеку, праз якого спакусы прыходзяць.

Калі-ж рука́ твая ці нага́ твая спакушае цябе́, адсякі іх і кінь ад сябе́: ляпе́й табе́ ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці без нагі, чым з дзьве́ма рукамі і з дзьве́ма нагамі быць укíненым у вагонь ве́чны.
 
Калі-ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсячы іх і адкінь ад сябе: Лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці без нагі, чым зь дзьвюма рукамі й дзьвюма нагамі быць укінутым у агонь вечны.

І калі вока тваё спакушае цябе́, вырві яго і кінь ад сябе́: ляпе́й табе́ аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чымся з дзьвема вачыма быць укíненым у гее́нну вогненую.
 
І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго й адкінь ад сябе. Лепш табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, чымся з двума вачамі быць укіненым у агонь пякельны.

Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малы́х гэтых, бо кажу вам, што Ангелы іх на не́бе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго нябе́снага.
 
Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых, бо, кажу вам, ангелы іх у нябёсах заўсёды бачаць Аблічча Айца Майго Нябеснага.

Бо Сын Чалаве́чы прыйшоў спасаць загінуўшае.
 
Бо Сын Чалавечы прыйшоў адшукаць і выбавіць загінуўшае.

Як вам здаецца? Калі-б у каго было сто аве́ц, і адна з іх заблудзілася, то ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзе́вяць у гара́х і ці ня пойдзе шукаць заблудзіўшуюся?
 
Як вы думаеце? Калі-б нехта меў сто авец, і адна зь іх заблукалася: ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзевяць у горах, і ці ня пойдзе шукаць заблуканую?

І, калі ста́нецца, што знойдзе яе́, то запраўды́ кажу вам: ён це́шыцца з яе́ бале́й, чымся з дзевяцьдзесяцёх дзевяцёх няблудзіўшых.
 
І калі ўдасца яму знайсьці яе, то, запраўды кажу вам, ён узрадуецца ёй больш, чым дзевяцьдзесят дзевяцём незаблуканым.

Гэтак няма́ волі Айца вашага Нябе́снага, каб загінуў адзін з малы́х гэтых.
 
Гэтак бо няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых.

Калі-ж саграшы́ць проці цябе́ брат твой, пайдзі й дакары́ яго між табою і ім адным; калі паслу́хаецца цябе́, то ты здабыў брата твайго.
 
Калі-ж грашыць супроць цябе брат твой, пайдзі й вымаві яму між табою й ім адным; калі паслухае цябе, то ты здабыў брата твайго.

Калі-ж не паслу́хаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двох, каб вуснамі двох ці трох сьве́дак змацава́лася ўсякае слова.
 
Калі-ж не паслухае цябе, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сьведак пацьвердзілася кожнае слова.

Калі-ж не паслу́хаецца, скажы царкве́, а калі і царквы́ не паслухаецца, то няхай будзе ён табе́, як паганін і мытнік.
 
Калі-ж і іх не паслухае, скажы царкве, а калі й царквы не паслухае, няхай будзе ён табе як паганін і мытнік.

Запраўды́ кажу вам: што вы зьвя́жаце на зямлі, тое будзе зьвя́зана на не́бе, і што разьвя́жаце на зямлі, тое будзе разьвя́зана на не́бе.
 
Запраўды кажу вам: Усё, што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана і ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана і ў небе.

Запраўды́ таксама кажу вам, што, калі-б двое з вас на зямлі згодна аб кожную рэч прасілі, дык ста́нецца ім ад Айца Майго, што ў Нябёсах.
 
Таксама папраўдзе кажу вам: Калі-б двое з вас на зямлі згодныя былі ў тым, чаго хочуць прасіць, то ўсё, чаго ні папросяць, дадзена будзе ім ад Айца Майго Нябеснага.

Бо, дзе́ двое ці трое зыйшліся ў імя Маё, там Я сярод іх.
 
Бо калі двое ці трое зыйдуцца ў імя Маё, там і Я пасярод іх».

Тады Пётр прыступіўся да Яго і сказаў: Госпадзе! колькі разоў дароўваць брату майму, калі ён саграшы́ць су́праць мяне́? Да сямёх разоў?
 
Тады падыйшоў да Яго Пётра й сказаў: «Госпадзе! Колькі разоў дараваць брату майму правіны яго супраць мяне? Ці да сямёх разоў?»

Ісус кажа яму: не кажу табе́: да сямёх, але да сямёх разоў па семдзесят.
 
Ісус-жа кажа яму: «Не кажу табе да сямёх, але да сямёх па семдзесят разоў.

Вось чаму Царства Нябе́снае падобна да цара́, які захаце́ў разрахава́цца з слу́гамі сваімі.
 
Дзеля гэтага Ўладарства Нябеснае падобна да чалавека-гаспадара, які захацеў разлічыцца са слугамі сваімі.

Калі пачаў ён рахавацца, прывялі да яго аднаго, што вінен быў яму дзе́сяць тысячаў тале́нтаў.
 
Калі ён стаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысяч талентаў.

А як ня ме́ў чым заплаціць, то валадар яго загадаў прадаць яго, і жонку, і дзяце́й, і ўсё, што ён ме́ў, і заплаціць.
 
І калі ён ня меў чым аддаць, то гаспадар ягоны загадаў прадаць і яго, і жонку, і дзяцей іхных, і ўсё, што меў, і заплаціць.

Тады слуга той паваліўся і малíў яго, кажучы: валадару! пацярпі мне́, і ўсё табе́ заплачу.
 
Тады слуга той паў прад ім і, кланяючыся яму, прасіў: Гаспадару! Пачакай мне, і ўсё табе заплачу.

Валадар, зьлітаваўшыся над гэным слугою, пусьціў яго і дарава́ў яму доўг.
 
Зьлітаваўся гаспадар слугі таго, адпусьціў яго, і дараваў доўг яму.

Слуга-ж гэны, вы́йшаўшы, знайшоў аднаго з сябро́ў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: аддай мне́, што вінен.
 
Слуга-ж той, выйшаўшы, знайшоў аднаго зь сяброў сваіх, які быў вінен яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, стаў душыць, кажучы: «Аддай мне, што вінен».

Тады ся́бра яго ўпаў да ног яго ды маліў яго, кажучы: пацярпі мне́, і ўсё вярну табе́.
 
Тады сябра яго ўпаў да ног ягоных і прасіў яго, кажучы: «Пачакай мне, і ўсё аддам табе».

Але той на захаце́ў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу.
 
Але той не захацеў і пасадзіў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўг.

Сябры́ яго, ба́чачы ста́ўшаеся, ве́льмі засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі валадару́ свайму ўсё, што сталася.
 
Сябры-ж яго, пабачыўшы, што здарылася, моцна засмуціліся й прыйшлі, расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася.

Тады валада́р яго паклікаў яго ды кажа: нягодны нявольніку! Уве́сь твой доўг я дараваў табе́, калі ты папрасіў мяне́;
 
Тады гаспадар ягоны паклікаў яго й сказаў яму: «Слуга нягодны! Увесь доўг твой дараваў я табе, бо ты ўпрасіў мяне.

ці-ж не нале́жала й табе́ зьмілава́цца над ся́брам тваім, як і я зьмілава́ўся над табою?
 
Ці-ж не належала й табе зжаліцца над сябрам тваім, як і я зжаліўся над табою?»

І, разгне́ваўшыся, валадар ягоны аддасьць яго ка́там, пакуль ня ве́рне яму ўсяго доўгу.
 
І ўгнявіўся гаспадар ягоны й аддаў яго на катаваньне, пакуль не аддасьць яму ўсяго даўгу.

Так і Аце́ц Мой Нябе́сны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца свайго не даруе брату свайму праступкаў ягоных.
 
Так і Айцец Мой Нябесны ўчыніць вам, калі кожны з вас ад сэрцаў вашых не даруе брату свайму правінаў ягоных.