Мацьвея 18 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

У той час вучні прыступіліся да Ісуса, кажучы: хто большы ў царстве нябе́сным?
 
У той час падышлі вучні да Ісуса, кажучы: «Каго Ты лічыш большым у Валадарстве Нябесным?»

Ісус, прыклікаўшы дзіця́тка, паставіў яго пасярод іх і сказаў:
 
І, паклікаўшы дзіця, Ён паставіў яго пасярод іх

Запраўды́ кажу вам: калі не наве́рнецеся і ня будзеце, як дзе́ці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябе́снае.
 
і сказаў: «Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

Дык вось, хто ўма́ліцца, як гэтае дзіцятка, той і большы ў Царстве Нябе́сным.
 
Дык вось, хто ўпакорыцца, як гэта дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным.

І хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне́ прыймае.
 
І хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прыме.

А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, ве́руючых у Мяне́, таму лепей было-б, калі-б паве́сілі Яму млы́навы ка́мень на шыю і ўтапілі яго ў глыбіні марской.
 
А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, што ў Мяне вераць, лепш было б яму, каб павесілі жоран млынавы на шыю яго і ўтапілі ў глыбіні марской.

Го́ра сьве́ту ад спакусаў: бо спакусы мусяць прыйсьці; але го́ра таму чалаве́ку, праз якога спакуса прыходзіць.
 
Гора свету ад згаршэнняў. Бо мусяць прыйсці згаршэнні, аднак гора чалавеку, праз якога згаршэнне прыходзіць.

Калі-ж рука́ твая ці нага́ твая спакушае цябе́, адсякі іх і кінь ад сябе́: ляпе́й табе́ ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці без нагі, чым з дзьве́ма рукамі і з дзьве́ма нагамі быць укíненым у вагонь ве́чны.
 
Дык калі рука твая або нага твая горшыць цябе, адрэж яе ды кінь ад сябе. Лепш табе калекаю ці кульгавым увайсці ў жыццё, чым, маючы дзве рукі або дзве нагі, быць укінутым у агонь вечны.

І калі вока тваё спакушае цябе́, вырві яго і кінь ад сябе́: ляпе́й табе́ аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чымся з дзьвема вачыма быць укíненым у гее́нну вогненую.
 
І, калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго ды кінь ад сябе. Лепей табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым, маючы два вокі, быць укінутым у агонь пякельны.

Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малы́х гэтых, бо кажу вам, што Ангелы іх на не́бе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго нябе́снага.
 
Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малых гэтых. Бо кажу вам, што анёлы іх у небе бачаць заўсёды аблічча Айца Майго, Які ёсць у небе.

Бо Сын Чалаве́чы прыйшоў спасаць загінуўшае.
 
Бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб уратаваць загінуўшае.

Як вам здаецца? Калі-б у каго было сто аве́ц, і адна з іх заблудзілася, то ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзе́вяць у гара́х і ці ня пойдзе шукаць заблудзіўшуюся?
 
Як вам здаецца? Калі хто мае сто авечак і адна з іх згубіцца, ці ж не пакідае ён у гарах дзевяноста дзевяць і ці не ідзе шукаць тую, што заблукала?

І, калі ста́нецца, што знойдзе яе́, то запраўды́ кажу вам: ён це́шыцца з яе́ бале́й, чымся з дзевяцьдзесяцёх дзевяцёх няблудзіўшых.
 
І, калі ўдаецца яму яе адшукаць, сапраўды кажу вам, што з яе будзе мець больш радасці, чым з дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.

Гэтак няма́ волі Айца вашага Нябе́снага, каб загінуў адзін з малы́х гэтых.
 
Так няма волі Айца вашага, Які ёсць у небе, каб загінуў адзін з малых гэтых.

Калі-ж саграшы́ць проці цябе́ брат твой, пайдзі й дакары́ яго між табою і ім адным; калі паслу́хаецца цябе́, то ты здабыў брата твайго.
 
І, калі зграшыць супраць цябе брат твой, ідзі і дакары яго між табою і ім адным. І, калі ён паслухае цябе, здабудзеш брата твайго.

Калі-ж не паслу́хаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двох, каб вуснамі двох ці трох сьве́дак змацава́лася ўсякае слова.
 
А калі не паслухае, вазьмі з сабой яшчэ аднаго або двух, каб на доказе двух або трох сведкаў стаяла кожнае слова.

Калі-ж не паслу́хаецца, скажы царкве́, а калі і царквы́ не паслухаецца, то няхай будзе ён табе́, як паганін і мытнік.
 
А калі б і іх не паслухаў, скажы царкве. А калі б і царквы не паслухаў, хай будзе табе як паганін і мытнік.

Запраўды́ кажу вам: што вы зьвя́жаце на зямлі, тое будзе зьвя́зана на не́бе, і што разьвя́жаце на зямлі, тое будзе разьвя́зана на не́бе.
 
Сапраўды кажу вам: што звяжаце на зямлі, будзе звязана і на небе, і што развяжаце на зямлі, будзе развязана і ў небе.

Запраўды́ таксама кажу вам, што, калі-б двое з вас на зямлі згодна аб кожную рэч прасілі, дык ста́нецца ім ад Айца Майго, што ў Нябёсах.
 
Таксама кажу вам: калі двое з вас пагодзяцца на зямлі аб якой-колечы рэчы, чаго б яны ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсць у небе.

Бо, дзе́ двое ці трое зыйшліся ў імя Маё, там Я сярод іх.
 
Бо дзе ў імя Маё збяруцца двое або трое, там і Я пасярод іх».

Тады Пётр прыступіўся да Яго і сказаў: Госпадзе! колькі разоў дароўваць брату майму, калі ён саграшы́ць су́праць мяне́? Да сямёх разоў?
 
Тады Пётра, падышоўшы, сказаў Яму: «Госпадзе, колькі разоў маю дараваць брату майму, калі будзе грашыць супраць мяне? Ці да сямі разоў?»

Ісус кажа яму: не кажу табе́: да сямёх, але да сямёх разоў па семдзесят.
 
Кажа яму Ісус: «Не кажу табе да сямі разоў, але да сямідзесяці па сем разоў.

Вось чаму Царства Нябе́снае падобна да цара́, які захаце́ў разрахава́цца з слу́гамі сваімі.
 
Дзеля таго падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека-валадара, які хацеў разрахавацца з паслугачамі сваімі.

Калі пачаў ён рахавацца, прывялі да яго аднаго, што вінен быў яму дзе́сяць тысячаў тале́нтаў.
 
І, калі стаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, што быў яму вінаваты дзесяць тысяч талентаў.

А як ня ме́ў чым заплаціць, то валадар яго загадаў прадаць яго, і жонку, і дзяце́й, і ўсё, што ён ме́ў, і заплаціць.
 
Паколькі не меў ён з чаго аддаць, загадаў гаспадар яго прадаць яго, жонку яго, дзяцей і ўсё, што меў, ды заплаціць.

Тады слуга той паваліўся і малíў яго, кажучы: валадару! пацярпі мне́, і ўсё табе́ заплачу.
 
Але паслугач той, упаўшы, прасіў яго, кажучы: “Валадару, май цярплівасць да мяне, і я аддам табе ўсё”.

Валадар, зьлітаваўшыся над гэным слугою, пусьціў яго і дарава́ў яму доўг.
 
І гаспадар паслугача таго, пашкадаваўшы, адпусціў яго і доўг яму дараваў.

Слуга-ж гэны, вы́йшаўшы, знайшоў аднаго з сябро́ў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: аддай мне́, што вінен.
 
Але паслугач той, выйшаўшы, напаткаў аднаго з таварышаў сваіх, што быў яму вінаваты сто дынараў. І, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай, што мне вінаваты”.

Тады ся́бра яго ўпаў да ног яго ды маліў яго, кажучы: пацярпі мне́, і ўсё вярну табе́.
 
І, упаўшы, таварыш той прасіў яго, кажучы: “Май цярплівасць да мяне, і аддам табе”.

Але той на захаце́ў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу.
 
Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць яму доўгу.

Сябры́ яго, ба́чачы ста́ўшаеся, ве́льмі засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі валадару́ свайму ўсё, што сталася.
 
Бачачы, што робіцца, таварышы яго засмуціліся вельмі ды пайшлі і расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася.

Тады валада́р яго паклікаў яго ды кажа: нягодны нявольніку! Уве́сь твой доўг я дараваў табе́, калі ты папрасіў мяне́;
 
Тады пазваў яго гаспадар яго і гаворыць яму: “Паслугач нягодны, я ўвесь твой доўг дараваў табе, бо ты мяне прасіў.

ці-ж не нале́жала й табе́ зьмілава́цца над ся́брам тваім, як і я зьмілава́ўся над табою?
 
Ці ж не належала, каб і ты злітаваўся над таварышам сваім, як я злітаваўся над табой?”

І, разгне́ваўшыся, валадар ягоны аддасьць яго ка́там, пакуль ня ве́рне яму ўсяго доўгу.
 
І, угнеўлены, гаспадар яго выдаў яго катам, пакуль яму не аддасць усяго доўгу.

Так і Аце́ц Мой Нябе́сны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца свайго не даруе брату свайму праступкаў ягоных.
 
Так і Айцец Мой, Які ў небе, зробіць вам, калі вы не даруеце кожны брату свайму правіны яго ў сэрцах вашых».