Мацьвея 27 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
Калі-ж настала ра́ніца, ўсе́ архірэі і старшы́ні народу ме́лі нараду аб Ісусе, каб Яго забіць.
А калі настала раніца, сышліся ўсе першасвятары і старэйшыны народа на раду супраць Ісуса, каб аддаць Яго на смерць.
І, зьвязаўшы Яго, завялí і вы́далі Яго Понтыю Пілату, начальніку.
І, звязаўшы Яго, завялі і перадалі правіцелю Понцію Пілату.
Тады Юда, які прадаў Яго, угле́дзіўшы, што Ён засу́джаны, пака́яўшыся, зьвярнуў трыццаць срыбнякоў архірэям і старшы́ням,
Тады Юда, які Яго выдаў, бачачы, што Ён асуджаны, праняты жалем, аддаў трыццаць срэбранцаў першасвятарам і старэйшынам,
ка́жучы: саграшы́ў я, прада́ўшы кроў нявінную. Яны-ж сказалі яму: што нам да гэтага? глядзі сам.
кажучы: «Зграшыў я, выдаючы кроў бязвінную». А яны сказалі: «Дык што ты хочаш ад нас? Ты сам глядзі!»
І, кінуўшы срыбнякі ў царкве́, ён выйшаў і пайшоў паве́сіўся.
І, кінуўшы срэбранцы ў святыні, ён выйшаў і, адышоўшы, павесіўся.
А архірэі, узяўшы срыбнякі, сказалі: не́льга класьці іх у скарбонку, бо гэта цана́ крывí.
А першасвятары, узяўшы срэбранцы, сказалі: «Нельга перадаць іх у скарбонку, бо гэта плата крыві».
Зрабіўшы-ж нараду, купілі за іх зямлю ганчара́, каб харанíць чужы́нцаў.
І, учыніўшы раду, купілі за іх поле ганчара для пахавання вандроўнікаў.
Вось чаму і заве́цца зямля тая зямлёю крыві да таго дня.
З-за гэтага тое поле аж да сённяшняга дня завецца «поле крыві».
Тады збылося ска́занае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срыбнякоў, цану Ацэненага, што ацанілі сыны́ Ізраіля,
Тады збылося тое, што было сказана прарокам Ярэміем, які казаў: «І ўзялі трыццаць срэбранцаў, плату за Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраэля,
і далі іх за зямлю ганчара́, як сказаў мне́ Го́спад.
ды далі іх за поле ганчара, як мне сказаў Госпад».
Ісус-жа стануў перад начальнікам; і спытаўся ў Яго начальнік: Ты — Цар Юдэйскі? Ісус сказаў яму: ты ка́жаш.
А Ісус стаў перад намеснікам; і спытаўся ў Яго намеснік, кажучы: «Дык Ты — Цар Юдэйскі?» Сказаў яму Ісус: «Ты кажаш».
І, калі абвінава́чавалі Яго архірэі і старшы́ні, Ён нічога не адка́зваў.
І калі Яго вінавацілі першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
Тады кажа Яму Пілат: ня чуеш, колькі сьве́дчаць проці Цябе́?
Тады кажа Яму Пілат: «Ці ты не чуеш, колькі сведчанняў даюць супраць Цябе?»
І не адказваў яму ні на адно слова, так што начальнік дужа дзівіўся.
А Ён не адказаў яму на ніводнае слова, так што намеснік вельмі дзівіўся.
На сьвята-ж начальнік ме́ў звычай звальняць народу аднаго вязьня, якога жада́лі.
На дзень святочны намеснік меў звычай адпускаць народу аднаго вязня, якога хацелі б.
Быў тады ў іх вядомы вастрожнік, іме́ньнем Вара́вва.
А меў ён тады вядомага вязня, які зваўся Барабам.
І вось, калі яны зыйшліся, сказаў ім Пілат: каго хо́чаце, каб я вам звольніў: Варавву, ці Ісуса, называ́нага Хрыстом?
І, калі ўсе яны сабраліся, сказаў Пілат: «Каго вы хочаце, каб я вам адпусціў? Барабу ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?»
Бо ве́даў, што прадалі Яго праз завісьць.
Бо ён ведаў, што Яго выдалі з-за зайздрасці.
Калі-ж ён засяда́ў у судзе́, жонка паслала яму сказаць: не рабі нічога Пра́ведніку таму, бо я сягоньня ў-ва сьне́ многа цярпе́ла дзеля Яго.
Калі ён сядзеў на судзілішчы, жонка яго паслала да яго, кажучы: «Не рабі нічога Гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат папакутавала з-за Яго».
Але архірэі і старшы́ні падбілі народ, каб прасілі Варавву, а Ісуса загубілі.
А першасвятары і старэйшыны падбухторылі народ, каб прасілі Барабу, а Ісуса загубілі.
Тады начальнік спытаўся ў іх: каго з двох хо́чаце, каб я вам зво́льніў? Яны сказалі: Варавву.
І, звяртаючыся, намеснік гаворыць ім: «Каго з двух хочаце, каб я вам адпусціў?» І яны сказалі: «Барабу».
Пілат кажа ім: што-ж я зро́блю з Ісусам, называ́ным Хрысто́м? Кажуць яму ўсе́: няхай будзе расьпя́ты!
Кажа ім Пілат: «А што ж мне зрабіць з Ісусам, Якога завуць Хрыстом?» Кажуць яму ўсе: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
Начальнік сказаў: шго-ж благо́е зрабіў Ён? Але яны яшчэ мацне́й крыча́лі: няхай будзе расьпя́ты!
Гаворыць правіцель: «А што Ён благога зрабіў?» А яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
Пілат, бачучы, што нішто не памагае, а ўзбурэньне павялíчваецца, узяў вады і ўмыў рукі перад народам і сказаў: невінаваты я ў крыві Пра́ведніка гэтага; вы глядзіце.
І Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а ўзрушэнне робіцца большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад народам, кажучы: «Я не вінаваты ў крыві Справядлівага Гэтага. Гэта ваша справа».
І, адказваючы, уве́сь народ сказаў: кроў Яго на нас і на дзе́цях нашых!
І, адказваючы, увесь народ сказаў: «Кроў Яго на нас і на нашых сынах».
Тады звольніў ім Варавву, а Ісуса, зьбіўшы, выдаў на раскрыжава́ньне.
Тады ён адпусціў ім Барабу, а Ісуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаванне.
Тады жаўне́ры начальніка, узяўшы Ісуса да прэторыі, сабралі на Яго цэлую роту.
Тады жаўнеры правіцеля, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі да Яго цэлую кагорту.
І, разьдзе́ўшы Яго, апрану́лі Яму чырвоны плашч;
І, раздзеўшы Яго, усклалі на Яго пурпуровы плашч;
і, сплёўшы вянок з цярніны, узьдзе́лі Яму на галаву́ і далі Яму ў правую руку трысьціну; і, стано́вячыся перад Ім на кале́ні, насьмяха́ліся з Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі!
і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву; і далі Яму трысціну ў правую руку; і, укленчыўшы перад Ім, здзекаваліся з Яго, кажучы: «Радуйся, Цар Юдэйскі!»
І плява́лі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве́.
І, плюючы на Яго, узялі трысціну і білі Яго па галаве.
І, калі насьмяя́ліся з Яго, зьнялí з Яго чырвоны плашч, і адзе́лі Яго ў адзе́жы Ягоныя, і павялі Яго на раскрыжава́ньне.
А калі ўжо наздзекаваліся, знялі з Яго пурпуровы плашч, адзелі Яго ў Яго хламіду і павялі на ўкрыжаванне.
Выхо́дзячы, яны сустрэлі аднаго Кіранэйца, па іме́ньню Сымона; гэтага прыму́сілі нясьцí крыж Яго.
Выходзячы, напаткалі яны чалавека з Цырэны на імя Сімон; яго прымусілі несці крыж Яго.
І, прыйшоўшы на ме́сца, называ́нае Галгофа, што значыць: ме́сца чэ́рапу,
І прыйшлі на месца, якое называецца Гальгота, што значыць «месца чэрапа»,
далí Яму піць воцат, зьмяша́ны з жоўцяй; і, пакаштава́ўшы, не хаце́ў піць.
і далі Яму піць воцат, змяшаны з жоўцю. І, калі яго пакаштаваў, не захацеў піць.
Расьпя́ўшы-ж Яго на крыжу, дзялілі адзе́жы Яго, кіда́ючы жэрабе; каб збылося сказанае праз прарока: падзялíлі адзе́жы мае́ і на вопратку маю кінулі жэрабе.
Потым, укрыжаваўшы Яго, падзялілі адзенне Яго, кідаючы жэрабя. Каб збылося сказанае праз прарока: «Падзялілі адзежы Мае паміж сабою і на вопратку Маю кінулі жэрабя».
І, пасе́ўшы, пілнавалі Яго там.
І, седзячы, сцераглі Яго там.
І зрабілі над галавою Яго надпіс аб віне́ Яго: гэты ёсьць Ісус, Цар Юдэйскі.
І над галавой Яго змясцілі надпіс віны Яго: «Гэта Ісус, Цар Юдэйскі».
Тады раскрыжава́ны былі з Ім два разбойнікі: адзін справа, а другі зьле́ва.
Тады ўкрыжавалі абапал Яго двух лотраў, аднаго праваруч, а другога леваруч.
Прахо́дзіўшыя-ж міма зьняважа́лі Яго, ківаючы галава́мі
І тыя, што міма ішлі, блюзнілі на Яго, ківаючы галавой сваёй
і ка́жучы: Ты, што́ руйнуеш цэрквы і ў тры дні адбудо́ўваеш! спасí Сябе́ Самога! Калі Ты — Сын Божы, зыйдзі з крыжа!
і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і ў тры дні адбудоўваеш, уратуй Сябе Самога; калі Ты — Сын Божы, сыдзі з крыжа!»
Падобне-ж і архірэі з кніжнікамі і старшынамі, насьмяха́ючыся, казалі:
Падобным чынам і першасвятары, учыняючы здзек разам з кніжнікамі і старэйшынамі народа, казалі:
другіх спаса́ў, а Сябе́ Самога ня можа спасьцí! Калі Ён — Цар Ізраіля, няхай цяпе́р зыйде з крыжа, і мы паве́рым Яму.
«Ён другіх ратаваў, а Сам Сябе ўратаваць не можа. Калі Ён — Валадар Ізраэля; дык няхай цяпер сыдзе з крыжа, і мы паверым у Яго.
Спадзява́ўся на Бога, няхай-жа цяпе́р вы́бавіць Яго, калі хоча Яго. Бо-ж Ён казаў: Я — Сын Божы.
Спадзяваўся Ён на Бога, хай жа вызваліць Яго цяпер, калі Ён спагадны да Яго. Бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”».
Таксама і разбойнікі, раскрыжаваныя разам з Ім, зьняважа́лі Яго.
Таксама і лотры, з Ім укрыжаваныя, зневажалі Яго.
Ад шо́стае-ж гадзíны це́мра ста́лася па ўсе́й зямлі да гадзіны дзявя́тае.
А ад гадзіны шостай цемра настала на ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
А каля дзявя́тай гадзíны загаласíў Ісус моцным голасам: Элі! Элі! лама сабахтані? г. ё.: Божа Мой! Божа Мой! навошта Мяне́ пакінуў?
І каля дзевятай гадзіны закрычаў Ісус моцным голасам: «Элі, Элі, лэма сабактані?», што значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
Некаторыя з тых, што там стаялі, чу́ючы гэтае, казалі: Ён кліча Ільлю.
І некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: «Іллю кліча Ён».
І ўраз пабе́г адзін з іх, і, узяўшы гу́бку ды памачыўшы ў во́цат і насадзíўшы на трысьцíну, даў Яму піць.
І тут адзін з іх, адразу пабегшы і ўзяўшы губку, напоўніў яе воцатам, і насадзіў на трысціну і даваў Яму піць.
А другія казалі: чакай; паглядзім, ці прыйдзе Ільля спаса́ць Яго.
Іншыя ж казалі: «Кінь, паглядзім, ці прыйдзе Ілля вызваліць Яго».
Ісус жа, зноў загаласíўшы моцным голасам, аддаў душу.
А Ісус, ізноў закрычаўшы моцным голасам, сканаў.
І вось, заслона ў царкве́ разьдзе́рлася надво́е ад ве́рху да нізу; і зямля́ затрасла́ся; і ска́лы патрэскаліся.
І вось заслона ў святыні разарвалася на дзве часткі зверху ўніз, і зямля здрыганулася, і каменне раскалолася,
І магілы расчыніліся; і многа це́лаў памёршых сьвятых папаўстава́ла.
і адкрыліся магілы, і многія целы святых, што паснулі, паўсталі,
І, вы́йшаўшы з магіл, па ўваскрасе́ньні Яго ўвайшлí ў сьвятое ме́ста і паказаліся многім.
і, выйшаўшы з магіл, па ўваскрэсенні Яго прыйшлі ў святы горад і паказаліся многім.
Сотнік-жа і тыя, што з ім вартавалі Ісуса, бачучы трасе́ньне зямлі і ўсё, што ста́лася, спало́халіся крэпка і казалі: запраўды́, Ён быў Сын Божы.
Сотнік жа і тыя, што з ім былі, вартуючы Ісуса, убачыўшы землятрус ды ўсё, што адбывалася, спалохаліся вельмі, кажучы: «Сапраўды, Ён быў Сын Божы».
Было тамака, угляда́ючыся здалёк, многа жанчы́н, якія йшлі за Ісусам з Галіле́і і служылі Яму.
Было там шмат жанчын, што назіралі здалёк, якія хадзілі следам за Ісусам ад Галілеі, паслугоўваючы Яму.
Між імі былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Якава і Іосіі, і маці сыноў Завядзе́явых.
Сярод іх была Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Язэпа, ды маці сыноў Зебядзеевых.
Калі-ж настаў ве́чар, прыйшоў багаты чалаве́к з Арыматэі, іме́ньнем Язэп, каторы таксама быў ву́чнем Ісуса.
А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які і сам быў вучнем Ісуса.
Ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
Ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў, каб аддалі цела.
І, узяўшы це́ла, Язэп абкруціў Яго чыстым палатно́м;
І Язэп, узяўшы цела, абгарнуў яго чыстым палатном,
і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую вы́сек ён у скале́; і, прываліўшы вялікі ка́мень да дзьвераў магілы, пайшоў стуль.
і паклаў Яго ў сваім новым склепе, што быў высечаны ў скале, і вялікі камень падкаціў да ўвахода ў склеп, і адышоў.
Былі-ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, каторыя сядзе́лі насу́праць магілы.
І была там Марыя Магдалена і другая Марыя, што сядзелі насупраць магілы.
На другі дзе́нь, што йдзе за пятніцаю, сабраліся архірэі і фарысэі да Пілата
А на другі дзень, які ёсць пасля дня Прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата,
і гаварылі: Па́не! мы прыпомнілі, што ашуканец той, як быў яшчэ жывы, сказаў: цераз тры дні ўваскрэсну.
кажучы: «Гаспадару, прыпомнілі мы, што ашуканец Гэты яшчэ жывы сказаў: “Праз тры дні Я ўваскрэсну”.
Дык прыкажы вартава́ць магілу да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу: уваскро́с з мёртвых. І будзе апошняе ашука́нства горш пе́ршага.
Дык загадай вартаваць магілу аж да трэцяга дня, каб уначы не прыйшлі вучні Яго, і не выкралі Яго, і не сказалі людзям: “Ён паўстаў з мёртвых”, бо тады апошні падман будзе горшы за першы».
Пілат сказаў ім: вось вам старожа; ідзе́це, вартуйце, як ве́даеце.
Пілат гаворыць ім: «Вы маеце варту, ідзіце, сцеражыце, як умееце».
Яны пайшлі і паставілі ля магілы варту і прылажы́лі да ка́меня пяча́ць.
Яны, пайшоўшы, умацавалі магілу вартай, прыклаўшы пячатку да каменя.