Мацьвея 8 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
Калі-ж Ён зыйшоў з гары, за Ім пайшло вялікае множства народу.
Калі Ён сышоў з гары, вялікае мноства людзей ішло за Ім следам.
І вось, падыйшоў пракажоны і, кла́няючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне́ ачысьціць.
І вось, пракажоны, падышоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: «Госпадзе, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
І, працягну́ўшы руку, Ісус дакрану́ўся да яго і сказаў: хачу, будзь чысты.
І, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго Ісус, кажучы: «Хачу, будзь ачышчаны». І зараз быў ачышчаны ад праказы яго.
І ён ураз жа ачысьціўся ад праказы. І кажа яму Ісус: глядзі, нікому не кажы, але пайдзі пакажы́ся сьвяшчэніку і прынясі дар, які павяле́ў Майсе́й дзеля сьве́дчаньня ім.
І гаворыць яму Ісус: «Глядзі, нікому не расказвай, але ідзі, пакажыся святару ды прынясі дар, які загадаў Майсей, на сведчанне ім».
Калі-ж увайшоў Ісус у Капэрнаум, падыйшоў да Яго з просьбаю сотнік, кажучы:
А калі Ісус увайшоў у Кафарнаўм, падышоў да Яго сотнік, просячы Яго
Госпадзе! хлопец мой ляжыць дома спараліжава́ны і страшэнна мучыцца.
і кажучы: «Госпадзе, мой паслугач ляжыць дома спаралізаваны і моцна пакутуе».
Ісус кажа яму: Я прыйду і вылячу яго.
І гаворыць яму Ісус: «Прыйду і аздараўлю яго».
Сотнік жа ў адказ сказаў: Госпадзе! Я ня варт, каб ты ўвайшоў да мяне́ пад страху́, але скажы адно толькі слова, і паздараве́е хлопец мой.
І, адказваючы, сотнік гаворыць: «Госпадзе, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і паздаравее паслугач мой.
Бо і сам я паднявольны чалаве́к, дый маю пад сабою жаўне́раў, і кажу аднаму: пайдзі, і ідзе́; і другому: прыйдзі, і прыходзіць; і рабу майму: зрабі тое, і зробіць.
Бо і я — чалавек пры ўладзе, маю пад сабой жаўнераў: кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе, і другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць, і свайму паслугачу: “Рабі гэта”, і ён робіць».
Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што йшлі за Ім: запраўды́ кажу вам: і ў Ізраілю Я не знайшоў гэткае ве́ры.
Пачуўшы гэта, Ісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: «Сапраўды кажу вам: ні ў кога не знайшоў Я такой веры ў Ізраэлі.
Кажу-ж вам, што многія прыйдуць з усхо́ду і за́хаду і засядуць за стол з Аўраамам і Ісаакам і Якавам у Царстве Нябе́сным;
Але кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і з захаду, і ўзлягуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным.
а сыны царства будуць укінены ў це́мру вонкавую; там будзе плач і скрыгот зубоў.
А сыны Валадарства выкінуты будуць у цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатанне зубоў».
І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты паве́рыў, няхай так табе́ будзе. І паздараве́ў хлопец яго ў тую-ж гадзіну.
І сказаў Ісус сотніку: «Ідзі, і, як уверыў, хай так станецца табе». І быў аздароўлены паслугач у тую ж гадзіну.
І, прыйшоўшы ў дом Пётры, Ісус угле́дзіў це́шчу яго ляжучы ў гара́чцы.
А калі Ісус зайшоў у дом Пётры, убачыў цешчу яго, што ляжала ў гарачцы.
І дакрану́ўся да рукі яе́, і гара́чка пакінула яе́, і яна ўстала і служыла ім.
І дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і яна паднялася і паслугавала ім.
Калі-ж надыйшоў ве́чар, да Яго прывялі шмат людзе́й, апанаваных злым духам, і Ён выгнаў духаў сло́вам і вярнуў усім хворым здароўе,
Калі ж надышоў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных дэманамі, і Ён выгнаў духаў словам ды аздаравіў усіх немачных,
каб збыло́ся сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: Ён узяў на Сябе́ нашыя нядужасьці і вылячыў хваробы нашыя (Ісая 53:4).
каб збылося тое, што сказана было прарокам Ісаем, які казаў: «Ён на Сябе узяў немачы нашы і панёс хваробы».
Убачыўшы-ж наво́кал сябе́ множства народу, Ісус вяле́ў вучням Сваім адплыць на той бок.
Ісус, бачачы навокал Сябе вялікае мноства людзей, загадаў вучням Сваім плыць праз мора.
Тады адзін кніжнік, падыйшоўшы, сказаў Яму: Вучыцель, я пайду за Табою, куды-б Ты ні пайшоў.
І адзін кніжнік, падышоўшы, гаворыць Яму: «Настаўнік, і я пайду за Табой, куды б Ты ні пайшоў».
І кажа яму Ісус: лісы маюць но́ры і птушкі нябе́сныя гнёзды, а Сын Чалаве́чы ня мае дзе́ скланіць галаву.
І кажа яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе галаву прыхіліць».
Другі-ж спасярод вучняў сказаў Яму: Госпадзе! дазволь мне́ пайсьці і пахаваць бацьку майго.
Тады іншы, з вучняў Яго, гаворыць Яму: «Госпадзе, адпусці перш мяне пайсці і пахаваць бацьку майго».
Ісус жа сказаў яму: ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў.
Але Ісус гаворыць яму: «Ідзі за Мной і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых».
І, калі ўвайшоў Ён у чо́вен, за Ім пайшлі вучні Яго.
І, калі ўвайшоў Ён у лодку, за Ім следам увайшлі вучні Яго,
І вось, узьняло́ся вялікае ўзрушэньне на моры, ажно хвалі пачалі заліваць човен, а Ён спаў.
і вось узнялася вялікая бура на моры, так што лодка захліствалася хвалямі, а Ён спаў.
Тады, прыступіўшыся да Яго, разбудзілі Яго вучні Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас: гінем!
І падышлі яны, і абудзілі Яго, кажучы: «Госпадзе, ратуй нас, мы гінем!»
І кажа ім: чаго вы баіцёся, малаве́ры? Потым, устаўшы, загадаў вятро́м і мо́ру, і зрабілася вялікая ціша.
І Ён сказаў ім: «Чаму вы [гэтак] палахлівы, малаверныя?» Затым, падняўшыся, загадаў вятрам і мору, і наступіла вялікая ціша.
А людзі дзівіліся й гаварылі: хто гэта, што й вятры́ і мо́ра слухаюцца Яго?
А людзі дзівіліся, кажучы: «Хто ж Ён, што і вятры, і мора Яго слухаюць?»
І, калі Ён прыбыў на той бе́раг у зямлю Гергісінскую, насустрэчу Яму выйшлі з магілы двое апанаваных чарто́м, страшэнна злыя, так што ніхто не адважа́ўся праходзіць тэй дарогай.
А калі Ён пераплыў праз мора ў краіну Гергесінскую, выйшлі насустрач Яму двое апанаваных дэманамі, якія выходзілі з магіл, і такія страшныя, што ніхто не мог праходзіць гэтаю дарогай.
І вось яны закрычэлі, кажучы: што нам і Табе́, Ісусе, Сыну Божы? Ці прыйшоў Ты сюды перад часам мучыць нас?
І вось, яны закрычалі, кажучы: «Што Табе да нас, Ісус, Сын Божы? Ці Ты прыйшоў сюды дачасна мучыць нас?»
Непадалёк жа ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіне́й.
Пасвіўся ж недалёка ад іх вялікі статак свінняў.
І чарты́ прасілі Яго, кажучы: калі нас выганяеш, то пашлі нас у гурт сьвіне́й.
Тады дэманы прасілі Яго, кажучы: «Калі выганіш нас, пашлі нас у гэты статак свінняў».
І Ён сказаў ім: ідзіце. І тыя, выйшаўшы, увайшлі ў гурт сьвінячы. І вось уве́сь гурт сьвіне́й кінуўся з кручы ў мора і пагіб у вадзе́.
І Ён гаворыць ім: «Ідзіце!» І тыя, выйшаўшы, перайшлі ў свінняў; і вось, увесь статак кінуўся ў мора са стромы і патануў у вадзе.
Пастухі-ж уцяклі і, прыйшоўшы ў ме́ста, расказалі аб усім і аб тых, што ў іх сядзе́ў нячысты.
Пастухі ж уцяклі і, прыйшоўшы ў горад, паведамілі пра ўсё і пра тых, што былі апанаваны дэманамі.
І вось, усё ме́ста выйшла насустрэчу Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб адыйшоў ад ме́жаў іх.
І вось, увесь горад выйшаў насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.