Мацьвея 20 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Бо Царства Нябе́снае падобна да чалаве́ка — гаспадара дому, які выйшаў вельмі рана наняць работнікаў у вінаграднік свой.
Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека-гаспадара, які раньнім ранкам выйшаў наняць работнікаў у вінаграднік свой.
І, умовіўшыся з работнікамі па дынару за дзе́нь, паслаў іх у вінаграднік свой.
І ўмовіўшыся зь імі па дынару на дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
Выйшаўшы-ж каля трэцяе гадзіны, ён угле́дзіў другіх, сто́ячы на рынку бяз дзе́ла.
І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў іншых, якія бяз справы стаялі на рынку.
І сказаў ім: ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе нале́жацца, дам вам. Яны пайшлі.
І тым сказаў: Ідзеце й вы ў вінаграднік мой, і што будзе належаць, дам вам; яны пайшлі.
Зноў выйшаўшы каля шостае і дзевятае гадзіны, зрабіў тое-ж.
І зноў выйшаў каля гадзіны шостай і дзявятай і зрабіў таксама.
Нарэшце, выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў другіх, сто́ячы без работы, і кажа ім: чаму вы стаіцё тут цэлы дзе́нь бяз дзе́ла?
І яшчэ выйшаў каля адзінаццатай гадзіны й знайшоў іншых, якія стаялі без занятку, і кажа ім: Чаго стаіцё тут увесь дзень без работы?
Яны кажуць яму: ніхто нас не наняў. Ён кажа ім: ідзіце й вы ў вінаграднік мой і, што будзе належацца, дастанеце.
Кажуць яму: Бо ніхто нас не наняў; і сказаў ім: ідзеце й вы ў вінаграднік мой, і што будзе належаць, дастанеце.
Калі-ж надыйшоў ве́чар, кажа гаспадар вінаградніку эканому свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да пе́ршых.
Калі-ж надыйшоў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў аканому свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы ад апошняга й да першага.
І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, дасталі па дынару.
І тыя, якія прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынару.
Прыйшоўшыя-ж пе́ршымі, думалі, што яны дастануць больш, але й яны дасталі па дынару.
Прыйшоўшыя першымі думалі, што яны атрымаюць больш, але й яны дасталі па дынару.
І, узяўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому і казалі:
І атрымаўшы, сталі наракаць на гаспадара дому.
Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, перанёсшымі цяжар дня і сьпе́ку.
І гаварылі: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты прыраўняў іх да нас, мы-ж перанесьлі цяжар дня й сьпёку.
Ён жа ў адказ сказаў аднаму з іх: ся́бра! я ня крыўджу цябе́; ці-ж не за дынар ты ўмовіўся са мною?
Ён-жа ў адказ сказаў аднаму зь іх: Дружа! Я ня крыўджу цябе. Ці-ж не за дынар ты ўмовіўся са мною?
Вазьмі сваё і пайдзі; я-ж хачу даць гэтаму апошняму тое-ж, што і табе.
Вазьмі сваё й ідзі. Я-ж хачу даць і гэтаму апошняму, што й табе.
Ці-ж я ня во́лен у сваім рабіць, што хачу? Ці вока тваё злоснае, што я добры?
Ці-ж я ня волен у сваім рабіць, як хачу? Ці вока тваё зайздроснае, што я дабрадзейны?
Гэтак будуць апошнія пе́ршымі, і пе́ршыя апошнімі; бо многа заклíканых, але мала вы́браных.
Гэтак будуць апошнія першымі, а першыя апошнімі, бо многа званых, але мала выбраных.
І, уваходзячы ў Ерузалім, Ісус дарогаю адклікаў дванаццаць вучняў асобна і сказаў ім:
І, падыйходзячы да Ерусаліму, Ісус ў дарозе адклікаў дванаццаць вучняў асобна й сказаў ім:
Вось мы ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалаве́чы вы́даны будзе архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьме́рць;
«Вось увайходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выданы будзе архірэям і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць.
і выдадуць Яго паганам на зьдзе́к і біцьцё і ўкрыжава́ньне; і на трэці дзе́нь уваскрэсьне.
І выдадуць Яго нявернікам на зьдзекі, на пабоі й на ўкрыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне».
Тады прыступілася да Яго маці сыноў Завядзе́явых з сынамі сваімі, кланяючыся і не́чага просячы ў Яго.
Тады падыйшла да Яго маці сыноў Заведэевых з сынамі сваімі й, кланяючыся, хацела ў Яго штосьці прасіць.
Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб гэтыя два сыны маі се́лі ў Цябе́ адзін з правага боку, а другí з ле́вага ў царстве Тваім.
Ён-жа сказаў ёй: «Чаго хочаш?» І яна кажа Яму: «Скажы, каб гэтыя абодва сыны мае селі, адзін з правага, а другі зь левага боку ў Цябе ў Валадарстве Тваім».
Ісус сказаў у адказ: ня ве́даеце, чаго просіце. Ці можаце піць ча́ру, якую Я буду піць, ці хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? Яны кажуць Яму: можам.
Ісус у адказ прамовіў: «Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чашу, якую Я буду піць, ці хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?» Яны-ж адказалі — можам.
І кажа ім: ча́ру Маю будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца, але се́сьці ў Мяне́ з правага боку і з ле́вага не магу даць вам, але каму прыгатава́на Айцом Маім.
І Ён кажа ім: Чашу маю піць будзеце й хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, хрысьціцца будзеце, але сесьці ў Мяне з правага боку й зь левага ня Мне даваць, але каму прызначана ад Айца Майго».
Пачуўшы гэтае, дзе́сяць вучняў абурыліся на двох братоў,
Пачуўшы гэтае, іншыя дзесяць вучняў узлаваліся на двух братоў.
Ісус жа, паклікаўшы íх, сказаў: вы ве́даеце, што князí народаў валадаюць імі і вяльможы пануюць над імі;
Але Ісус, паклікаўшы іх да Сябе, сказаў: «Вы ведаеце, што князі народаў уладараць над імі й вяльможы — начальнікі над імі.
але між вамі няхай ня будзе гэтак; а хто хоча між вамі быць большым, няхай будзе вам слугою;
Але між вамі няхай ня будзе так; але, хто хоча між вамі быць большым, няхай будзе вам слугою.
і хто хоча між вамі быць пе́ршым, няхай будзе вам слугою,
І хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вам слугою.
бо Сын Чалаве́чы не́ дзе́ля таго прыйшоў, каб Яму́ служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю дзе́ля вы́купу многіх.
Так і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю за адкупленьне многіх».
І, калі выходзілі яны з Ерыхону, за Ім сьле́дам ішло множства народу.
І калі яны выйходзілі зь Ерыхону, сьледам за Ім ішло мноства народу.
І вось, два сьляпы́я, сядзе́ўшыя ля дарогі, пачуўшы, што Ісус ідзе́ міма, пачалі крычэ́ць: зьмілуйся над намі, Госпадзе, сы́не Давідаў!
І вось двое сьляпых, якія сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус прайходзіць і мінае іх, пачалі крычаць: «Госпадзе, Сыне Давідаў, зьмілуйся над намі!»
Народ жа крычэў на іх, каб маўчалі; але яны яшчэ мацне́й сталі крычэ́ць: зьмілуйся над намі, Госпадзе, сыне Давідаў!
Народ-жа пагражаў ім, каб маўчалі, але яны яшчэ мацней пачалі крычаць: «Зьмілуйся над намі Госпадзе, Сыне Давідаў!»
Ісус, супыніўшыся, прыклікаў іх і сказаў: чаго вы хочаце ад Мяне́?
Ісус, спыніўшыся, падклікаў іх і сказаў: «Што вы хочаце, каб я ўчыніў вам?»
Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адчыніліся вочы нашыя.
Яны кажуць Яму: «Госпадзе, каб адчыніліся вочы нашыя».
Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іх; і ўраз-жа сталі бачыць вочы іх, í яны пайшлі за Ім.
Ісус, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхных, і ўраз-жа сталі бачыць вочы іх, і яны пайшлі за Ім.