Адкрыцьцё 6 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

І ўбачыў я, што Ягня́ зьняло адну з пячацяў, і пачуў адну з чатырох жывёлаў, мовячы быццам грымотным голасам: Ідзі ды глядзі.
 

І я паўзіраўся, і вось бе́лы конь, і коньнік на ім ды з лукам; і далі яму вянок, і выйшаў пераможнік, каб перамагчы́.
 

І, калі зьняло Яно другую пячаць, я пачуў другую жывёлу, мовячы: Ідзі ды глядзі.
 

І выйшаў другі конь ры́жы, і коньніку на ім да́дзена ўзяць мір із зямлі, ды каб адны адных забівалі; і да́дзены яму ме́ч вялізарны.
 

І, як зьняло трэцюю пячаць, пачуў я трэцюю жывёлу, мовячы: Ідзі ды глядзі. І я паўзіраўся, і вось конь вараны́, і коньнік на ім, маючы ў руцэ сваёй вагу́;
 

і пачуў я голас спасярод чатырох жывёлаў, мовячы: Ме́ра пшаніцы за дынар, і тры ме́ры ячме́ню за дынар; і алівы й віна не марнуй.
 

І, як зьняло чацьве́ртую пячаць, пачуў я голас чацьве́ртае жывёлы, мовячы: Ідзі ды глядзі.
 

І я паўзіраўся, і вось конь бляды́, і коньнік на ім, што імя яму сьме́рць, і пе́кла сьле́дам за ім; і да́дзена ім улада забіваці на чацьве́ртай часьці зямлі мячом і голадам, і сьме́рцяй, ды зьвярыма зямнымі.
 

І, як зьняло Яно пятую пячаць, убачыў я пад ахвярнікам душы забітых за слова Божае ды за сьве́дчаньне, што ме́лі; і загаманілі голасам вялікім, мовячы:
 

Дакуль, Валадару Сьвяты і Праўдзівы, ня судзіш і ня мсьцішся за кроў нашу над жыхарамі зямлі?
 

І далі кожнаму бе́лыя вопраткі і сказалі, каб супачывалі яшчэ крыху часу, пакуль не дапоўняць суслужнікі іхнія ды браты іхнія, што маюць быць забіты, як і яны.
 

І паўзіраўся я, як зьняло Яно шостую пячаць. І вось зрабілася вялікае ўстрасе́ньне, і сонца пацямне́ла, як валася́ніца, і ме́сяц зрабіўся, як кроў,
 

і зоркі нябе́сныя паспадалі на зямлю, як смакоўніца, устраса́ная вялікім ве́трам, скідае недасьпе́лыя смоквы свае́;
 

і не́ба счэзла, як скручаны лісток, і кожная гара́ і востраў скрануліся з ме́сц сваіх;
 

і цары зямныя, і магнаты, і багатыры́, і тысячнікі, і асілкі, і кожын раб ды кожын вольнік паўкрываліся ў пячорах і ў горных расколінах
 

дый кажуць горам і скалам: Звале́цеся на нас і ўкрыйце нас ад аблічча Сідзя́чага на пасадзе ды ад гне́ву Ягняці:
 

бо настаў вялікі дзе́нь гне́ву Ягонага, і хто здолее ўстаяці?