Дзеі 6 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

У тыя-ж дні, як намножылася вучняў, узьнялося нараканьне Грэцкіх на Гэбрэяў, што ў штодзённым служэньні ня ру́пяцца аб удовах іхніх.
 

Дык дванаццацёра, склікаўшы грамаду вучняў, сказалі: Ня гожа нам, пакінуўшы слова Божае, служыць за сталом.
 

Вось-жа, браты, нагле́дзьце спасярод вас се́м дазнаных мужоў, поўных Духа Сьвятога й мудрасьці, якіх паставім на гэту патрэбу,
 

а мы ўсьцяж будзем на малітве й служэньні слова.
 

І спадабалася слова гэтае ўсе́нькай грамадзе. І выбралі Сьцяпана, мужа поўнага ве́ры й Духа Сьвятога, і Піліпа й Прахора й Ніканора, і Тымона ды Парме́на, і Мікалая Антыахійца, нованаве́рненага,
 

ды паставілі іх перад Апосталамі; і яны, памаліўшыся, узлажылі на іх рукі.
 

І слова Божае расло, і лічба вучняў у Ерузаліме ве́льмі мно́жылася, ды вялікае множства сьвяшчэньнікаў скары́лася перад ве́рай.
 

Сьцяпан-жа, поўны ве́ры й сілы, рабіў цуды й знаме́ньні вялікія ў народзе.
 

І паўсталі некаторыя із школы, называнай Лібэртынскай, ды з Кірэнэйскай і Александрыйскай, дый з тых, што з Кілікіі й Азіі, разважаючы разам з Сьцяпанам;
 

ды ня здолелі ўстая́ці супраць мудрасьці й духа, якім прамаўляў.
 

Тады падбілі людзе́й, каб казалі: што чулі мы яго, як гаварыў рэчы ганебныя на Майсе́я і Бога.
 

І падбурылі народ і старшызну ды кніжнікаў і, напаўшы, схапілі яго й павялі ў сынэдрыон,
 

і паставілі фальшывых сьве́дкаў, якія казалі: Гэты чалаве́к ня кідае гаварыць гане́бныя рэчы супраць гэтага сьвятога ме́сца й супраць закону,
 

бо мы чулі, як ён казаў: што Ісус Назарэй зруйнуе ме́сца гэтае ды пазьмяняе звычаі, што перадаў нам Майсе́й.
 

І ўсе́ тыя, што сядзе́лі ў сынэдрыоне, пільна ўзіраючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, як аблічча Ангела.