Дзеі 6 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
У тыя дні, калі колькасць вучняў павялічвалася, эліністы пачалі наракаць на габрэяў, што яны забываюць пра іхніх удоваў у штодзённым служэнні.
Тады Дванаццаць склікалі ўсіх вучняў і сказалі: «Нягожа, каб мы занядбалі слова Божае і служылі пры сталах.
Таму, браты, выберыце з вашага ліку сем мужоў добрай славы, поўных Духа і мудрасці, якім даручым гэтую паслугу.
А мы будзем трываць у малітве і ў служэнні слова».
Спадабалася гэта ўсёй грамадзе, і абралі Стэфана, мужа поўнага веры і Духа Святога, Філіпа і Прохара, Міканора і Тымона, Пармэна і Мікалая, празеліта з Антыёхіі,
якіх паставілі перад Апосталамі. Яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.
А слова Божае пашыралася, і значна павялічвалася колькасць вучняў у Ерузалеме. І шмат святароў паверыла.
Стэфан, поўны ласкі і моцы, чыніў вялікія цуды і знакі сярод народу.
Некаторыя з сінагогі, называнай лібертынскай, кірэнэйскай і александрыйскай, і некаторыя з Цыліцыі і Азіі ўсталі і пачалі спрачацца са Стэфанам.
Але не маглі супрацьстаяць мудрасці і Духу, з якімі ён прамаўляў.
Тады яны падгаварылі людзей, каб казалі: «Мы чулі, як ён блюзнерыць супраць Майсея і Бога».
Так падбухторылі народ, старэйшын і кніжнікаў і, напаўшы, схапілі яго і павялі ў Сінэдрыён.
Паставілі ілжывых сведкаў, якія казалі: «Гэты чалавек не перастае блюзнерыць супраць святога месца і Закона.
Мы чулі, як ён казаў, што гэты Езус Назаранін зруйнуе гэтае месца і зменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей».
І ўсе, хто сядзеў у Сінэдрыёне, уважліва глядзелі на яго і бачылі аблічча ягонае, падобнае да аблічча анёла.