Дзеі 16 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Прыбыў у Дэрбэ і Лістру. Быў там адзін вучань па імені Цімафей, сын жанчыны юдэйкі, якая паверыла, і бацькі грэка.
Браты ў Лістры і Іконіі добра сведчылі пра яго.
Таму Павел захацеў узяць яго з сабою. Узяўшы, абрэзаў яго дзеля юдэяў, якія былі ў тых мясцінах. Бо ўсе ведалі, што бацька ягоны быў грэкам.
Калі праходзілі праз гарады, наказвалі ім захоўваць пастановы, прынятыя Апосталамі і старэйшынамі ў Ерузалеме.
Касцёлы ж умацоўваліся ў веры і штодня ўзрасталі ў колькасці.
Прайшлі Фрыгію і краіну галатаў, а Дух Святы стрымліваў іх ад абвяшчэння слова ў Азіі.
Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісці ў Бітынію, але Дух Езуса не дазволіў ім.
Тады яны прайшлі Мізію і сышлі ў Трааду.
І меў Павел уначы бачанне: стаяў перад ім чалавек, нейкі македонец, і прасіў яго, кажучы: «Прыйдзі ў Македонію і дапамажы нам!»
Пасля гэтага бачання мы адразу вырашылі адправіцца ў Македонію, упэўненыя, што Бог паклікаў нас абвяшчаць там Евангелле.
Калі мы адплылі з Траады, прыбылі проста ў Саматракі, а на другі дзень у Неапаль,
і адтуль у Філіпы, першы ў той частцы Македоніі горад, калонію. У гэтым горадзе мы прабылі некалькі дзён.
У дзень шабату выйшлі за браму да ракі, дзе, як мы лічылі, адбывалася малітва. Сеўшы, мы размаўлялі з жанчынамі, якія сабраліся.
Адна жанчына, па імені Лідзія, гандлярка пурпурам з горада Тыятыра, якая пакланялася Богу, таксама слухала. Пан адкрыў яе сэрца, каб яна прыняла словы Паўла.
Калі ж яна разам з домам сваім ахрысцілася, папрасіла, кажучы: «Калі лічыце, што я верная Пану, увайдзіце ў мой дом і заставайцеся». І прымусіла нас.
Калі мы ішлі на малітву, нам сустрэлася адна служанка, якая мела духа прадбачання і прадказаннямі здабывала сваім гаспадарам вялікія сродкі.
Ідучы за Паўлам і за намі, яна крычала: «Гэтыя людзі — слугі Найвышэйшага Бога, яны абвяшчаюць нам шлях збаўлення».
Так рабіла яна шмат дзён. Але Павел, раззлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «У імя Езуса Хрыста загадваю табе выйсці з яе». І той адразу выйшаў.
Тады гаспадары яе, убачыўшы, што знікла надзея на іхні заробак, схапілі Паўла і Сілу і пацягнулі на рынак да правадыроў.
Прывёўшы іх да кіраўнікоў, сказалі: «Гэтыя людзі, будучы юдэямі, падбухторваюць наш горад
і прапаведуюць звычаі, якія нам, рымскім грамадзянам, нельга прымаць і выконваць».
Тады натоўп паўстаў супраць Паўла і Сілы, а кіраўнікі сарвалі з іх адзенне і загадалі біць розгамі.
Нанёсшы ім шмат удараў, кінулі ў вязніцу і загадалі вартаўніку пільна сцерагчы іх.
Атрымаўшы такі загад, ён кінуў іх ва ўнутраную вязніцу і надзеў ім на ногі калодкі.
Каля поўначы Павел і Сіла маліліся, спяваючы гімны Богу, а вязні слухалі іх.
Раптам пачаўся вялікі землятрус, так што задрыжэлі падмуркі вязніцы. Адразу адчыніліся ўсе дзверы і апалі ўсе путы.
Калі вартаўнік прачнуўся і ўбачыў адчыненыя дзверы вязніцы, выцягнуў меч і хацеў забіць сябе, думаючы, што ўсе вязні ўцяклі. Але Павел ускрыкнуў моцным голасам:
«Не рабі сабе нічога благога, бо ўсе мы тут».
Папрасіўшы святла, вартаўнік увайшоў і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілам.
Затым вывеў іх вонкі і сказаў: «Панове, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?» Яны адказалі яму:
«Вер у Пана Езуса, і збавішся ты і дом твой».
І абвясцілі слова Пана яму і ўсім, хто быў у яго доме.
У тую ж гадзіну ночы ён прыняў іх, абмыў раны і адразу ж ахрысціўся сам і ўся яго сям’я.
Потым завёў іх у свой дом, накрыў ім стол і з усімі хатнімі сваімі цешыўся, што паверыў у Бога.
Калі настаў дзень, кіраўнікі паслалі ліктараў, кажучы: «Вызвалі гэтых людзей!»
Вартаўнік паведаміў пра гэта Паўлу: «Кіраўнікі сказалі адпусціць вас. Таму цяпер выходзьце і ідзіце ў супакоі».
Але Павел сказаў ім: «Нас, рымскіх грамадзянаў, прылюдна білі, кінулі ў вязніцу, а цяпер нас употай выпускаюць. Не, няхай прыйдуць і самі вывядуць нас».
Ліктары паведамілі гэтыя словы кіраўнікам. Тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта рымскія грамадзяне.
Таму прыйшлі і перапрасілі іх. І, вывеўшы, папрасілі пакінуць горад.
Калі яны выйшлі з вязніцы, прыйшлі да Лідзіі, а калі ўбачылі братоў, далі ім настаўленні і адышлі.