Дзеі 2 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы.
Раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
З’явіліся ім падзеленыя языкі, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх.
Усе напоўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.
Былі ў Ерузалеме жыхары Юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам.
Калі ўзняўся гэты шум, сабралася мноства людзей і захвалявалася, бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове.
Былі ўражаныя і здзіўляліся, кажучы: «Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы?
Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся?
Парфяне і мідзяне, эламіты і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понта і Азіі,
Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірэнай, ды прыезджыя рымляне,
юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя».
Усе былі ўражаныя і ўзбянтэжаныя, кажучы адзін аднаму: «Што гэта значыць?»
А іншыя з насмешкай казалі: «Яны напіліся маладога віна».
Тады ўстаў Пётр разам з Адзінаццаццю, узняў рукі свае і прамовіў да іх моцным голасам: «Мужы юдэйскія і ўсе жыхары Ерузалема, пазнайце і выслухайце мае словы.
Яны не п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ толькі трэцяя гадзіна дня,
але гэта тое, што было сказана прарокам Ёэлем:
“У апошнія дні, — кажа Бог, —Я пралью з Духа Майго на кожнае цела,і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя,а юнакі вашыя будуць бачыць візіі,а старцам вашым будуць сніцца сны.
На слуг Маіх і на служанак Маіху тыя дні Я пралью Духа Майго,і яны будуць прарочыць.
Учыню цуды на небе ўверсе і знакі на зямлі ўнізе:кроў, і агонь, і клубы дыму.
Сонца абернецца ў цемру,а месяц — у кроў,перш чым настане дзень Пана,вялікі і слаўны.
Кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены”.
Мужы ізраэльскія, выслухайце гэтыя словы: Езус з Назарэта быў чалавекам, якога Бог паказаў вам у сіле, цудах і знаках, якія Бог учыніў праз Яго сярод вас, як і самі ведаеце.
Яго, выдадзенага паводле вызначанай волі і Божага прадбачання, вы, укрыжаваўшы рукамі бязбожных, забілі.
Але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад пакутаў смерці, бо немагчыма было, каб яна трымала Яго.
Давід жа гаворыць пра Яго: “Пана я маю заўсёды перад вачыма,бо Ён праваруч мяне, каб я не пахіснуўся.
Таму радуецца маё сэрцаі весяліцца язык мой,і цела маё будзе спачываць у надзеі.
Бо не пакінеш душы маёй у адхланіі не дасі святому Твайму ўбачыць тленне.
Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця.Ты напоўніш мяне радасцю перад абліччам Тваім”.
Браты, дазвольце мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, які памёр і пахаваны, а магіла ягоная знаходзіцца сярод нас па сённяшні дзень.
Будучы ж прарокам і ведаючы, што Бог прысягнуў яму пасадзіць на ягоным троне ягонага патомка,
ён прадбачыў і казаў пра ўваскрасенне Хрыста, што Ён не застанецца ў адхлані, і цела Ягонае не ўбачыць тленне.
Гэтага Езуса ўваскрасіў Бог, чаму ўсе мы сведкі.
Ён, узнесены правіцаю Бога і атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, праліў Яго, як вы бачыце і чуеце.
Бо Давід не ўзышоў на неба, але сам ён кажа: “Пан сказаў майму Пану: Сядай праваруч Мяне,
пакуль не пакладу ворагаў тваіх да падножжа Твайго”.
Няхай кожны дом Ізраэля цвёрда ведае, што гэтага Езуса, якога вы ўкрыжавалі, Бог зрабіў і Панам, і Месіяй».
Калі ж пачулі гэта, змякчэла іхняе сэрца, і яны сказалі Пятру і астатнім Апосталам: «Што нам рабіць, браты?» Пётр адказаў ім:
«Пакайцеся, і няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння вашых грахоў, і вы атрымаеце дар Духа Святога.
Бо вам належыць абяцанне і дзецям вашым, і ўсім тым, хто далёка, каго толькі пакліча Пан Бог наш».
Таксама многімі іншымі словамі ён сведчыў і навучаў, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага падступнага пакалення».
Тыя ж, хто прыняў ягонае слова, былі ахрышчаныя. І далучылася ў гэты дзень да іх каля трох тысяч людзей.
Яны трывалі ў вучэнні Апосталаў і ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах.
Страх быў у кожнай душы; шмат цудаў і знакаў чынілі Апосталы.
Усе ж вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае.
Яны прадавалі набытак свой і маёмасць і дзялілі паміж усімі, хто меў патрэбу.
Штодня збіраліся аднадушна ў святыні і, ламаючы дома хлеб, спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца,
праслаўляючы Бога і маючы прыхільнасць усяго народу. А Пан штодня далучаў да іх тых, хто меў быць збаўлены.