Дзеі 6 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

У гэтыя дні пры памнажэньні вучняў адбылося нараканьне ў элліністаў на жыдоў, таму што ўдовы іхныя былі занядбаныя ў штодзённым служэньні (міластыняй).
 

Дык дванаццацёра склікаўшы (усё) мноства вучняў сказалі: нягожа нам пакінуўшы Слова Бога служыць сталамі.
 

Пагэтаму, браты, выберыце спасярод вас сем дазнаных мужчын, напоўненых Духам Сьвятым і мудрасьцяй, якіх мы паставім на гэту службу,
 

а мы ўсьцяж будзем у малітве і ў служэньні словам.
 

І спадабалася гэтае слова ўсёй грамадзе; і выбралі Сьцяпана, мужчыну поўнага веры і Духа Сьвятога, і Піліпа, і Прахо́ра, і Міканора, і Тымона і Пармена і Мікалая нованаверненага антыахійца,
 

іх паставілі перад Апосталамі, і (яны) памаліўшыся, усклалі на іх ру́кі.
 

І Слова Бога расло, і лік вучняў у Ярузаліме вельмі памнажаўся. Да таго ж мноства сьвятароў упакорыліся веры.
 

А Сьцяпан поўны веры і сілы, чыніў цуды і знакі вялікія ў народзе.
 

А нікаторыя з сынагогі, гэтак званай (сынагогі) лібэртынцаў і кірынэйцаў і аляксандрыйцаў, ды з тых, што з Кілікі і Азіі, паўсталі спо́рачы са Сьцяпанам,
 

але ня маглі ўсто́яць супраць мудрасьці і Духу, Якім (ён) прамаўляў.
 

Тады падбухто́рылі людзей сказаць: мы чулі яго, як гаварыў рэчы ганебныя на Масея і на Бога.
 

І падбурылі народ і старэйшынаў і кніжнікаў і, напаўшы, схапілі яго і павялі ў сынэдрыён,
 

і паставілі хвальшывых сьведак, якія казалі: гэты чалавек ня кідае гаварыць блюзьнерчыя словы супраць гэтага сьвятога мейсца і Закона.
 

Бо мы чулі, як ён казаў, што Гэты Ісус Назарэй зруйнуе мейсца гэтае і зьменіць звыча́і, якія перадаў нам Масей.
 

І ўсе, што сядзелі ў сынэдрыёне, узіраючыся на яго бачылі аблічча ягонае, як аблічча Ангела.