Мацьвея 7 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна
Не судзіце, каб вас не судзілі;
Не судзі́це, каб не былі су́джаныя.
бо якім судом судзіце, такім будуць судзіць вас; і якою мерай мераеце, такою вам адмераюць.
Бо якім судом су́дзіце, такім будзеце су́джаны, і якою меркаю мераеце, гэткаю і вам адмераюць.
Што ж ты бачыш парушынку, што ў воку твайго брата, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?
Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш?
Або як ты скажаш свайму брату: «Дай я выму парушынку з твайго вока»; а вось у тваім воку — бервяно?
Ці як скажаш брату твайму: “Дазволь, вы́му сучок з вока твайго”, а вось, у воку тваім — бервяно?
Крывадушнік, вымі спярша бервяно са свайго вока, а тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока твайго брата.
Крывадушнік! Вы́мі перш бервяно з вока твайго, і тады ўбачыш, як вы́няць сучок з вока брата твайго.
Не давайце святога сабакам і не кідайце вашых перлаў перад свіннямі, каб яны не растапталі іх сваімі нагамі і, павярнуўшыся, не разадралі вас.
Не давайце сьвятога сабакам і ня кі́дайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не патапталі іх нагамі сваімі і, павярнуўшыся, не парвалі вас.
Прасіце і дадуць вам; шукайце і знойдзеце; стукайце і адчыняць вам.
Прасіце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і таму, хто стукае, адчыняць.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.
Ці ёсць між вас чалавек, які, калі яго сын папросіць хлеба, падасць яму камень?
Ці ёсьць між вамі чалавек, які, калі сын ягоны папросіць хлеба, дасьць яму камень?
Або калі папросіць рыбы, падасць яму змяю?
І калі папросіць рыбы, дасьць яму зьмяю?
Дык калі вы, будучы ліхімі, умееце даваць добрыя дары сваім дзецям, — тым болей ваш Бацька, Які ў нябёсах, дасць дабрага тым, хто просіць у Яго.
Дык калі вы, будучы злымі, умееце добрыя дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец ваш, Які ў небе, дасьць добрае тым, што просяць у Яго.
Дык усё, што вы хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім; бо гэта закон і прарокі.
Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце; бо ў гэтым Закон і Прарокі.
Уваходзьце праз вузкую браму; бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць на пагібель і шмат хто ўваходзіць праз іх.
Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторны шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто ўваходзіць праз іх,
Якая17 цесная брама і вузкая дарога, што вядзе ў жыццё, і мала хто знаходзіць яе.
бо цесная брама і вузкі шлях, што вядуць у жыцьцё, і мала хто знаходзіць іх.
Асцерагайцеся лжэпрарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай шкуры, а ўсярэдзіне яны — драпежныя ваўкі;
Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзеньні, а ўнутры яны — ваўкі драпежныя.
З іх пладоў пазнаеце іх. Ці збіраюць з цярноўніку вінаград або з дзядоўнікаў фігі?
Паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць з церняў вінаград або з асоту фігі?
Так кожнае добрае дрэва родзіць добрыя плады; а нягоднае дрэва родзіць благія плады:
Гэтак усякае добрае дрэва дае плады добрыя, а благое дрэва дае плады дрэнныя.
не можа добрае дрэва радзіць благія плады, ні дрэва нягоднае радзіць добрыя плады.
Ня можа дрэва добрае даваць плады дрэнныя, ані благое дрэва даваць плады добрыя.
Кожнае дрэва, што не родзіць добрага плоду, высякаюць і кідаюць у агонь.
Усякае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь.
Дык з іх пладоў пазнаеце іх.
Таму паводле пладоў іхніх пазнаеце іх.
Не кожны, хто Мне кажа: «Госпадзе! Госпадзе!» увойдзе ў Царства Нябёсаў, а той, хто выконвае волю Майго Бацькі, Які ў нябёсах.
Ня кожны, хто кажа Мне: “Госпадзе! Госпадзе!”, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе.
Шмат хто скажа Мне ў той дзень: «Госпадзе! Госпадзе! Ці ж не Тваім імем мы прарочылі, і ці не Тваім імем дэманаў выганялі, і ці не Тваім імем шмат цудаў зрабілі?».
Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя мы прарочылі? І ці не ў Тваё імя выганялі дэманаў? І ці не ў Тваё імя шмат цудаў чынілі?”
І тады аб’яўлю ім: «Я ніколі не ведаў вас; адыдзіце ад Мяне, хто чыніць беззаконне».
І тады прызнаюся ім: “Я ніколі ня ведаў вас. Адыйдзіцеся ад Мяне, вы, што чы́ніце беззаконьне”.
Дык кожны, хто чуе гэтыя Мае словы і выконвае іх, прыпадобніцца да разважлівага чалавека, што збудаваў свой дом на скале;
Дык кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыраўняю да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на скале.
і пайшоў дождж, і падступілі рэкі, і падзьмулі вятры, і абрынуліся на той дом; ды ён не ўпаў, бо быў ён закладзены на скале.
І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў умацаваны на скале.
А кожны, хто чуе гэтыя Мае словы і не выконвае іх, прыпадобніцца да неразумнага чалавека, які збудаваў свой дом на пяску;
А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека дурнога, які пабудаваў дом свой на пяску.
і пайшоў дождж, і падступілі рэкі, і падзьмулі вятры, і абрынуліся на той дом; і ён упаў, і яго падзенне было вялікае.
І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той, і ён упаў, і было падзеньне ягонае вялікае».
І сталася, калі Ісус закончыў гэтыя словы, натоўпы дзівіліся Яго навуцы;
І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, натоўпы дзівіліся з вучэньня Ягонага,
бо Ён вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а не як іх кніжнікі [і фарысеі].
бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, і не як кніжнікі.