Да Рымлянаў 5 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна
Дык, будучы апраўданыя вераю, мы маем мір з Богам праз нашага Госпада Ісуса Хрыста,
Дык, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
праз Якога мы і атрымалі вераю доступ да гэтай ласкі, у якой стаім і ганарымся надзеяй славы Божай.
праз Якога таксама маем вераю доступ да тае ласкі, у якой стаім і хвалімся надзеяй славы Божай.
І не толькі ёю, але і ганарымся пакутамі, ведаючы, што пакута выпрацоўвае вытрываласць,
І ня толькі [гэтым], але хвалімся і ў прыгнётах, ведаючы, што прыгнёт робіць цярплівасьць,
а вытрываласць — выпрабаванасць, а выпрабаванасць — надзею.
а цярплівасьць — выпрабаванасьць, а выпрабаванасьць — надзею,
Надзея ж не ганьбіць, бо любоў Божая вылілася ў нашы сэрцы Святым Духам, Які дадзены нам.
а надзея ня ганьбіць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Сьвятога, Які нам дадзены.
Бо Хрыстос, калі мы былі яшчэ слабыя, у вызначаны час памёр за бязбожных.
Бо Хрыстос, калі мы былі яшчэ слабымі, у вызначаны час памёр за бязбожных.
Таму што бадай хто-небудзь памрэ за праведніка, хутчэй хто за добрага чалавека і адважыцца памерці.
Бо за праведнага наўрад ці хто памрэ; хіба за добрага можа хто і адважыцца памерці.
Але Бог Сваю любоў да нас паказвае тым, што, калі мы яшчэ былі грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас.
А Бог Сваю любоў да нас даводзіць тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былі [яшчэ] грэшнікамі.
Дык тым болей апраўданыя цяпер Яго крывёю, мы будзем праз Яго выратаваны ад гневу.
Дык тым больш цяпер, калі мы апраўданы крывёю Ягонай, збаўленыя будзем праз Яго ад гневу.
Бо калі, быўшы ворагамі, мы былі прыміраны з Богам праз смерць Яго Сына, — тым больш, прыміраныя, мы будзем выратаваныя ў Яго жыцці;
Бо калі, будучы ворагамі, мы пагадзіліся з Богам праз сьмерць Сына Яго, шмат больш, пагадзіўшыся, будзем збаўленыя праз жыцьцё Ягонае.
і не толькі — але і ганарымся ў Богу праз нашага Госпада Ісуса Хрыста, праз Якога мы цяпер атрымалі прымірэнне.
І ня толькі [гэтае], але таксама хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне.
Таму як праз аднаго чалавека ўвайшоў у свет грэх, а праз грэх — смерць і гэтак смерць перайшла на ўсіх людзей з-за таго, што ўсе саграшылі,
Дзеля гэтага, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх — сьмерць, і гэтак сьмерць перайшла на ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі.
бо і да закона грэх быў на свеце, але грэх не залічваецца, калі няма закона.
Бо да Закону грэх быў у сьвеце; але грэх ня лічыцца, калі няма закону.
Але смерць уладарыла ад Адама да Маісея і над тымі, хто не саграшыў, падобна правіне Адама, які ёсць правобраз будучыні.
Аднак сьмерць валадарыла ад Адама да Майсея і над тымі, якія не зграшылі на падабенства праступку Адама, які ёсьць вобраз Таго, Які мае быць.
Але не так, як злачынства, — дар ласкі; бо калі злачынствам аднаго многія памерлі, то тым больш ласка Божая і дар у ласцы аднаго Чалавека Ісуса Хрыста шчодра з’явіўся для многіх.
Але дар [ласкі] ня гэткі, як грэх. Бо калі праз грэх аднаго памерлі многія, шмат большая ласка Божая, і дар ласкі праз аднаго Чалавека, Ісуса Хрыста, памножыцца для многіх.
І не як праз аднаго грэшніка — дар, бо суд за адно злачынства — на асуджэнне, а дар ласкі — ад многіх злачынстваў апраўданне.
І дар не такі, як тое, што праз аднаго, які зграшыў; бо суд праз таго аднаго — на асуджэньне, а дар [ласкі] — на апраўданьне ад многіх грахоў.
Бо калі злачынствам аднаго смерць заўладарыла праз гэтага аднаго, тым больш тыя, хто атрымлівае шчадроты ласкі і дар праведнасці, будуць панаваць у жыцці праз Аднаго, Ісуса Хрыста.
Бо калі праз грэх аднаго сьмерць валадарыла праз аднаго, шмат больш тыя, якія атрымалі багацьце ласкі і дар праведнасьці, будуць валадарыць у жыцьці праз аднаго Ісуса Хрыста.
Дык як праз адно злачынства — асуджэнне ўсім людзям, так і праз адну праведнасць — апраўданне жыцця ўсім людзям.
Таму, як праз грэх аднаго ўсім людзям асуджэньне, гэтак праз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне на жыцьцё.
Бо як праз непаслушэнства аднаго чалавека зрабіліся многія грэшнымі, так і праз паслушэнства Аднаго праведнымі стануць многія.
Бо як праз непаслухмянасьць аднаго чалавека многія зрабіліся грэшнымі, так і праз паслухмянасьць аднаго многія зробяцца праведнымі.
Закон жа прыйшоў пазней, каб відавочней адкрылася грахоўнасць злачынстваў: а дзепамножыўся грэх, празмерна з’явілася ласка,
А Закон прыйшоў пасьля, каб памножыць грэх. А калі памножыўся грэх, тым больш удосталь ласкі,
каб як грэх уладарыў у смерці, так і ласка заўладарыла праз праведнасць для вечнага жыцця праз Ісуса Хрыста, нашага Госпада.
каб, як грэх валадарыў у сьмерці, гэтак і ласка валадарыла праз праведнасьць на жыцьцё вечнае праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.