Адкрыцьцё 8 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І калі Ён зняў сёмую пячатку, настала маўчанне на небе амаль на паўгадзіны.
 
І калі Ягня зьняло сёмую пячаць, настала ў небе маўчаньне каля паўгадзіны.

І я ўбачыў сем Анёлаў, якія стаяць перад Богам, і былі дадзены ім сем трубаў.
 
І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і дадзена было ім сем трубаў.

І іншы Анёл прыйшоў і стаў каля ахвярніка, маючы залатую кадзільніцу, і было дадзена яму шмат фіміяму, каб ён усклаў яго з малітвамі ўсіх святых на залаты ахвярнік перад тронам.
 
І прыйшоў іншы анёл і стаў перад аўтаром, трымаючы залатую кадзільніцу, і дадзены былі яму кадзілы, каб з малітвамі ўсіх сьвятых палажыў іх на залатым аўтары, які знаходзіўся перад (Божым) тронам.

І ўзняўся дым фіміяму з малітвамі святых з рукі Анёла перад Богам.
 
І падняўся дым пахкіх кадзілаў разам з малітвамі сьвятых з рукі анёла да Бога.

І ўзяў Анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з ахвярніка. І кінуў на зямлю, і зрабіліся грамы, і галасы, і маланкі, і землятрус.
 
І узяў анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з аўтара, і кінуў на зямлю; і сталіся грымоты і галасы, і былі маланкі і страшныя землятрусы.

І сем Анёлаў, якія мелі сем трубаў, падрыхтаваліся трубіць.
 
І сем анёлаў з сямю трубамі нарыхтаваліся, каб трубіць.

І першы затрубіў: і зрабіліся град і агонь, змяшаныя з крывёю, і былі кінуты на зямлю; і трэць зямлі згарэла, і трэць дрэваў згарэла, і ўся зялёная трава згарэла.
 
І першы (анёл) затрубіў. І стаўся град і агонь, зьмяшаны з кроўю, і ўпалі на зямлю. І трэцяя частка зямлі згарэла, і трэцяя частка дрэваў спалымнела, і ўся трава згарэла.

І другі Анёл затрубіў: і як бы вялікая гара, распаленая агнём, была кінута ў мора, і трэць мора зрабілася крывёю,
 
І другі анёл затрубіў. І тады быццам велічэзная гара, агнём палымнеючая, кінута была ў мора. І трэцяя частка мора сталася кроўю,

і вымерла трэць стварэнняў, што жылі ў моры, і трэць суднаў была знішчана.
 
і трэцяя частка марскіх істот прапала, і трэцяя частка караблёў загінула.

І трэці Анёл затрубіў: і ўпала з неба вялікая зорка, якая гарэла, як паходня, і ўпала яна на трэць рэк і на крыніцы водаў.
 
І затрубіў трэці анёл. І зьляцела з неба велічэзная зорка, палымнеючая, як паходня, і ўпала яна на трэцюю частку рэк і крыніц водных.

І імя зоркі — Палын; і трэць водаў зрабілася палыном; і шмат людзей памерла ад водаў, бо воды зрабіліся горкімі.
 
І назва той зоркі чытаецца Палын. І трэцяя частка водаў сталася горкай, як палын, і многа людзей паўмірала ад той вады, бо вельмі была горкая.

І чацвёрты Анёл затрубіў: і была знішчана трэць сонца, і трэць месяца, і трэць зорак, каб трэць іх пацьмянела, і дзень не яснеў на сваю трэць, і гэтак жа ноч.
 
І чацьвёрты анёл затрубіў. І тады была пашкоджана трэцяя частка сонца, і трэцяя частка месяца, і трэцяя частка зорак, так што пацямнела іх трэцяя частка, а дзень роўна з ночай страцілі трэцюю частку сваёй яснасьці.

І я ўбачыў і пачуў аднаго арла18, які ляцеў пасярэдзіне неба, кажучы гучным голасам: Бяда, бяда, бяда тым, хто жыве на зямлі, ад астатніх трубных галасоў трох Анёлаў, якія будуць трубіць!
 
Потым глянуў я і пачуў голас аднаго анёла, які ляцеў па сярэдзіне неба, голасна ускрыкваючы: "Гора, гора, гора жыхарам зямлі ад трубных галасоў трох анёлаў, якія павінны неўзабаве трубіць".