1 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Таму калі мы ўжо не маглі ўтрымацца, то ўважылі за добрае застацца ў Афінах адны
 
Дзеля таго, што не маглі мы далей вытрымаць, захацелася нам адным застацца ў Атэнах.

і паслалі Цімафея, нашага брата і Божага супрацоўніка ў дабравешчанні Хрыстовым, каб умацаваць вас і натхніць дзеля вашай веры,
 
і паслалі мы да вас Цімафея, брата нашага і супрацоўніка, паслугача Божага ў Евангеллі Хрыстовым, для падмацавання вашага і падбадзёрвання ў веры вашай,

каб ніхто не пахіснуўся ў гэтых бедах, бо вы самі ведаеце, што на гэта мы прызначаны.
 
каб ніхто не хістаўся ў гэтых прыгнётах; бо самі ж ведаеце, што мы на гэта пастаўлены.

Бо нават, калі мы былі ў вас, мы загадзя казалі вам, што нам прыйдзецца зазнаць уціск, як і сталася, і вы ведаеце.
 
Бо, і ў вас будучы, мы прадказвалі вам, што будзем цярпець прыгнёт, як і сталася, і вы ведаеце.

Таму калі я ўжо не мог цярпець, я паслаў даведацца пра ваш веру: як бы не спакусіў вас спакуснік і наша праца не аказалася марнаю.
 
Таму вось і я, не могучы далей стрымацца, паслаў даведацца пра веру вашу, ці не зводзіць вас часам спакуснік і ці не дарэмнай сталася праца наша.

Але цяпер да нас прыйшоў ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра вашу веру і любоў, і што вы заўсёды маеце добры ўспамін пра нас, прагнучы ўбачыць нас, таксама як і мы вас.
 
Цяпер жа, пасля прыбыцця да нас ад вас Цімафея і весткі пра веру і любоў вашу, і што маеце заўсёды пра нас добрую памяць, жадаючы нас пабачыць, як і мы вас,

Таму мы пры ўсёй нашай патрэбе і бедах суцешыліся вамі, браты, праз вашу веру.
 
суцешыліся мы вамі, праз веру вашу, ва ўсякім горы і прыгнёце нашым, браты,

Бо цяпер мы жывём, калі вы стаіце ў Госпадзе.
 
бо мы цяпер жывём, калі вы стаіце ў Госпадзе.

Бо якую падзяку мы можам узнесці Богу за вас за ўсю радасць, якою мы радуемся, з-за вас перад нашым Богам.
 
Якую ж падзяку можам даць Богу за вас і за ўсю радасць, якою радуемся дзеля вас перад Богам нашым,

Уначы і ўдзень вельмі ўзмоцнена молячы, каб пабачыць ваша аблічча і дапоўніць тое, чаго нестае вашай веры.
 
ноччу і днём горача молячыся, каб паглядзець на вас з аблічча і дапоўніць тое, чаго не хапае веры вашай?

Няхай жа Сам Бог і наш Бацька і наш Госпад Ісус зробіць простаю нашу дарогу да вас.
 
Хай жа Сам Бог і Айцец наш і Госпад наш Ісус Хрыстос выпрастае дарогу нашу да вас.

А вам няхай дасць Госпад узрасці і ўшчодрыцца ў любові адзін да аднаго і да ўсіх, гэтак жа як і мы маем да вас,
 
А вас няхай Госпад напоўніць і перапоўніць узаемнай любоўю і любоўю да ўсіх, як і мы да вас,

каб умацаваць вашы сэрцы беззаганнымі ў святасці перад Богам і нашым Бацькам у прышэсце нашага Госпада Ісуса [Хрыста] з усімі Яго святымі, [амін].
 
дзеля ўзмацнення сэрцаў вашых без заганы ў святасці перад Богам і Айцом нашым у прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі Яго святымі.