Дзеі 5 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

А адзін чалавек імем Ананія са сваёй жонкаю Сапфірай прадаў уладанне
 

і адклаў сабе з выручанага, аб чым ведала і [яго] жонка, і, прынёсшы нейкую частку, паклаў у нагах Апосталаў.
 

Але Пётр сказаў: Ананія, з-за чаго сатана напоўніў тваё сэрца, каб ты салгаў Святому Духу і адклаў сабе з выручанага за зямлю?
 

Хіба, астаючыся непрададзенаю, яна не тваёю заставалася, а прададзеная хіба не ў тваёй уладзе была? Чаму ж ты паклаў гэта ў сваім сэрцы? Ты салгаў не людзям, а Богу.
 

І Ананія, пачуўшы гэтыя словы, упаў і выпусціў дух; і напаў вялікі страх на ўсіх, хто чуў [гэта].
 

І малодшыя, устаўшы, прыбралі яго і, вынесшы, пахавалі.
 

І сталася: гадзіны праз тры ўвайшла і яго жонка, не ведаючы пра тое, што адбылося.
 

І Пётр звярнуўся да яе: Скажы мне, ці за гэтулькі вы аддалі зямлю? — І яна сказала: Так, за гэтулькі.
 

І Пётр да яе15: Чаму вы змовіліся выпрабаваць Духа Гасподняга? Вось, пры дзвярах ногі тых, што пахавалі твайго мужа, і цябе яны вынесуць.
 

І яна адразу ўпала да яго ног і выпусціла дух; і юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртваю і, вынесшы, пахавалі каля яе мужа.
 

І вялікі страх напаў на ўсю царкву і на ўсіх, што чулі гэта.
 

І многія знакі і цуды ў народзе рабіліся рукамі Апосталаў. І ўсе яны былі аднадушна ў Саламонавай галерэі.
 

І ніхто з астатніх не адважваўся прымкнуць да іх, а народ узвялічваў іх.
 

І ўсё больш дадавалася тых, хто ўвераваў у Госпада, мноства і мужчын, і жанчын,
 

так што і на вуліцы выносілі хворых і клалі на насілкі і пасцелі, каб, калі пройдзе Пётр, хоць бы яго цень ацяніў каго-небудзь з іх.
 

І зыходзілася таксама мноства людзей з навакольных гарадоў Іерусаліма16, несучы хворых і апантаных нячыстымі духамі, і тыя ўсе вылечваліся.
 

І падняўся першасвятар і ўсе, хто з ім — тутэйшая садукейская секта, напоўніліся зайздрасцю;
 

і наклалі [свае] рукі на Апосталаў і пасадзілі іх у гарадскую турму.
 

Але Анёл Гасподні ўначы адчыніў дзверы турмы і, вывеўшы іх, сказаў:
 

Ідзіце і, стаўшы ў святыні, кажыце народу ўсе словы гэтага жыцця.
 

І, выслухаўшы, яны ўвайшлі пад раніцу ў святыню і вучылі. А першасвятар і тыя, што з ім, прыйшоўшы, склікалі сінедрыён і ўсё старэйшынства сыноў Ізраілевых і паслалі ў турму, каб прывесці іх.
 

Але слугі, прыйшоўшы, не знайшлі іх у турме; і, вярнуўшыся, паведамілі,
 

кажучы: Турму мы знайшлі на запоры з усёю засцярогай і турэмнікі стаялі пры дзвярах, але, адчыніўшы дзверы, нікога ўсярэдзіне не знайшлі.
 

І, калі пачулі гэтыя словы, і начальнік храмавай варты, і першасвятары не маглі зразумець, што гэта магло б з імі быць.
 

Ды нехта, прыйшоўшы, паведаміў ім, [кажучы]: Вось, людзі, якіх вы пасадзілі ў турму, стаяць у святыні і вучаць народ.
 

Тады начальнік храмавай варты пайшоў са слугамі і прывёў іх без прымусу, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх.
 

І, прывёўшы іх, паставілі ў сінедрыёне. І першасвятар спытаўся ў іх,
 

кажучы: [Ці не] мы вам сурова загадалі не вучыць у гэтае імя; і вось, вы напоўнілі Іерусалім вашым вучэннем і хочаце навесці на нас кроў Гэтага Чалавека.
 

Але Пётр і Апосталы сказалі ў адказ: Трэба слухацца Бога больш, чым людзей.
 

Бог нашых бацькоў уваскрэсіў Ісуса, з Якім вы расправіліся, павесіўшы на дрэве.
 

Яго ўзвысіў Бог Сваёю правай рукою як Правадыра і Збаўца, каб даць Ізраілю пакаянне і дараванне грахоў.
 

І мы [Яго] сведкі гэтых падзей, і Святы Дух, Якога Бог даў тым, хто слухаецца Яго.
 

Але яны, пачуўшы, раз’ятрыліся і хацелі забіць іх.
 

Але адзін фарысей у сінедрыёне імем Гамалііл, настаўнік закона, паважаны ўсім народам, устаў і загадаў ненадоўга вывесці гэтых людзей17.
 

І ён сказаў ім: Мужы ізраільскія, разважце самі сабе пра гэтых людзей, што вы збіраецеся рабіць.
 

Бо перад гэтымі днямі паўстаў Феўда, кажучы, што сам ён хтосьці вялікі, і да яго прыстала пэўная колькасць людзей, каля чатырохсот. І ён быў забіты, а ўсе, што слухаліся яго, разбегліся і абярнуліся ў нішто.
 

Пасля яго паўстаў Іуда Галілеянін у дні перапісу і звёў [даволі] людзей за сабою; і ён загінуў, а ўсе, што слухаліся яго, рассеяліся.
 

І цяпер кажу вам: адстаньце ад гэтых людзей і адпусціце іх; бо калі ад людзей гэтая задума альбо гэтая справа, яна разбурыцца,
 

а калі ад Бога, то вы не зможаце разбурыць іх: як бы вам не стацца і богапраціўцамі. — Яны паслухаліся яго
 

і, паклікаўшы Апосталаў, збілі іх, загадалі не прамаўляць у імя Ісуса і адпусцілі іх.
 

Яны ж пайшлі з сінедрыёна, радуючыся, што ўганараваліся прыняць знявагу за Імя [Госпада Ісуса],
 

і яны штодня ў святыні і ў дамах не пакідалі навучаць і дабравесціць пра Ісуса Хрыста.