Да Рымлянаў 14 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Рeraklad V. Hadleuski
А таго, хто слабы ў веры, прымайце без спрэчак пра ягопогляды.
Адзін верыць, што можна есці ўсё, а слабы есць гародніну.
Той, хто есць, няхай не пагарджае тым, хто не есць; а хто не есць, няхай не асуджае таго, хто есць, таму што Бог прыняў яго.
Хто ты, што асуджаеш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром стаіць ён альбо падае; і будзе пастаўлены, бо ў сіле Бог паставіць яго.
Адзін вылучае дзень перад днём, другі ж вылучае кожны дзень. Кожны няхай будзе цалкам упэўнены ва ўласным розуме.
Хто шануе пэўны дзень — для Госпада шануе, [а хто не шануе дня — для Госпада не шануе]; і той, хто есць, — для Госпада есць, бо дзякуе Богу; і той, хто не есць, — для Госпада не есць і дзякуе Богу.
Бо ніхто з нас не жыве дзеля сябе і ніхто не памірае дзеля сябе.
Бо ці жывём мы — для Госпада жывём, ці паміраем — для Госпада паміраем. Таму, ці жывём, ці паміраем, мы Гасподнія.
Бо дзеля гэтага Хрыстос памёр і ажыў, каб быць Госпадам і мёртвых, і жывых.
А ты — чаму асуджаеш свайго брата? Альбо і ты — чаму пагарджаеш сваім братам? Бо мы ўсе станем перад Судом Божым,
бо напісана: «Жыву Я, — кажа Госпад. — Перада Мною схіліцца кожнае калена і кожны язык вызнае Бога».
[Дык] тады кожны з нас дасць справаздачу пра сябе Богу.
Дык не будзем больш асуджаць адзін аднаго, а лепш разважце пра тое, як не ставіць брату спатыкнення ці спакусы.
Я ведаю і ўпэўнены ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога самога праз сябе нячыстага, хіба толькі для таго, хто лічыць што-небудзь нячыстым; для таго яно нячыстае.
Бо калі з-за яды засмучаецца твой брат, то ты не паводле любові ходзіш. Не губі сваёю ежаю таго, за каго памёр Хрыстос.
[Дык] няхай ваша добрае не зневажаецца.
Бо Царства Божае — не яда і пітво, а праведнасць, мір і радасць у Святым Духу.
Бо той, хто гэтым служыць Хрысту, даспадобы Богу і ўхваляецца людзьмі.
Дык будзем тады імкнуцца да таго, што служыць міру і ўзаемнаму ўзрастанню.
Не руйнуй працы Божай дзеля яды. Чыстае ўсё, але дрэнна для чалавека — есці, робячы спатыкненне другім.
Добра не есці мяса і не піць віна, і не рабіць нічога такога, ад чаго твой брат спатыкаецца, [ці спакушаецца, ці знемагае].
Вера, якую ты маеш, май для сябе перад Богам. Шчаслівы той, хто не асуджае сябе ў тым, што лічыць добрым;
а хто сумняваецца, калі есць, асуджаны, боесць не з веры; а ўсё, што не з веры, — грэх.
[А Таму, Хто можа ўмацаваць вас згодна з маім дабравесцем і пропаведдзю Ісуса Хрыста, згодна з адкрыццём таямніцы, пра якую ад вечных часоў замоўчвалася,
але якая цяпер адкрыта і праз Пісанні Прароцкія, паводле загаду вечнага Бога, абвешчана ўсім народам дзеля паслушэнства веры,
Адзінаму Мудраму Богу, праз Ісуса Хрыста, — Яму слава навекі, амін.]