Да Эфэсянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Рeraklad V. Hadleuski
Павел, з волі Божай Апостал [Госпада] Хрыста Ісуса, — святым, што знаходзяцца ў Эфесе і верным у Хрысце Ісусе:
ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста.
Добраславёны Бог і Бацька нашага Госпада Ісуса Хрыста, Які добраславіў нас у нябёсах усякім духоўным добраславеннем у Хрысце.
як і выбраў ён нас у Ім да заснавання свету, каб быць нам святымі і беззаганнымі перад Ім у любові,
вызначыўшы наперад нас для ўсынаўлення Сабе праз Ісуса Хрыста паводле добрага намеру Сваёй волі
на хвалу славы Сваёй ласкі, якою Ён абдарыў нас ва Ўлюбёным,
у Якім мы маем выкуп праз Яго Кроў, дараванне грахоў паводле багацця Яголаскі,
якую Ён шчодра падараваў нам ва ўсялякай мудрасці і разуменні,
даўшы пазнаць нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго добрага намеру, які Ён наперад увасобіў у Ім
для домаўладкавання паўнаты часоў, каб узначалілася ўсё ў Хрысце: тое, што на нябёсах, і тое, што на зямлі, — у Ім.
У Ім мы і былі прызначаны ў спадчыну, будучы вызначанымі наперад паводле задумы Таго, Хто робіць усё паводле рашэння Сваёй волі,
каб мы былі на хвалу Яго славы — тыя, хто першымі ўсклалі надзею на Хрыста.
У Ім і вы, пачуўшы словы праўды, дабравесце вашага выратавання, — у Ім, паверыўшы, таксама былі адзначаны пячаткаю абяцанага вам Святога Духа,
Які ёсць зарука нашай спадчыны для выкупу набытку, у хвалу Яго славы.
Таму і я, пачуўшы пра вашу веру ў Госпада Ісуса і пра любоў да ўсіх святых,
не перастаю дзякаваць за вас, упамінаючы вас у маіх малітвах,
каб Бог нашага Госпада Ісуса Хрыста, Бацька славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго,
прасвятліў вочы вашага сэрца, каб вы ведалі, што ёсць надзея Яго паклікання і што — багацце славы Яго спадчыны ў святых,
і што — бязмерная веліч Яго сілы да нас, тых, хто верыць праз дзеянне магутнасці Яго,
якую Ён выявіў у Хрысце, уваскрэсіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе на нябёсах
вышэй за ўсялякае начальства, і ўлады, і сілы, і панаванні, і кожнае імя, названага не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым;
і Ён усё падпарадкаваў пад Яго ногі, і даў Яму быць вышэй за ўсё, Галавою Царквы,
якая ёсць Яго цела, паўната Таго, Хто напаўняе ўсё ва ўсім.