Мацьвея 28 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет

 
 

А пасля суботы, на досвітку першага дня тыдня прыйшла Марыям86 Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу.
 

І вось зрабіўся вялікі землятрус; бо Анёл Гасподні зышоў з неба і, падышоўшы, адваліў камень [ад уваходу ў магільню] і сеў на яго.
 

Выгляд жа яго быў, як маланка, а шаты яго белыя, нібы снег.
 

І ад страху перад ім задрыжалі вартаўнікі, і сталі як мёртвыя.
 

Але Анёл у адказ жанчынам сказаў: Не бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса, укрыжаванага.
 

Яго няма тут; Ён уваскрэшаны, як сказаў. Хадзіце паглядзіце месца, дзе ляжаў [Госпад].
 

Ды, хутка пайшоўшы, скажыце Яго вучням, што Ён уваскрэшаны з мёртвых; і вось выпярэджвае вас у Галілеі: там Яго ўбачыце. Вось я сказаў вам.
 

І яны, хутка адышоўшы ад магільні, са страхам і вялікаю радасцю пабеглі паведаміць Яго вучням.
 

[Калі ж яны ішлі паведаміць Яго вучням], то вось Ісус сустрэў іх, кажучы: Радуйцеся! — І яны, падышоўшы, ахапілі Яго ногі і ўпалі ніцма перад Ім.
 

Тады Ісус кажа ім: Не бойцеся; ідзіце, паведаміце Маім братам, каб яны пайшлі ў Галілею, і там убачаць Мяне.
 

А калі яны ішлі, вось, некаторыя з варты, прыйшоўшы ў горад, паведамілі першасвятарам пра ўсё, што адбылося.
 

І яны, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нараду, далі даволі грошай воінам,
 

кажучы: Скажыце так: «Яго вучні, прыйшоўшы ўночы, укралі Яго, калі мы спалі».
 

А калі дачуецца пра гэта намеснік, мы пераканаем [яго] і вы не будзеце мець клопату.
 

І яны, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. І разышлася гэтая пагалоска між іудзеяў аж да сённяшняга [дня].
 

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Ісус,
 

і, убачыўшы Яго, яны ўпалі ніцма [перад Ім], а некаторыя засумняваліся.
 

Ды Ісус, падышоўшы, прамовіў да іх, кажучы: Мне дадзена ўся ўлада на небе і на зямлі.
 

Дык ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Бацькі, і Сына, і Святога Духа,
 

вучачы іх выконваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку. [Амін.]