Мацьвея 16 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Яна Станкевіча
І прыступілі да Яго фарысеі і садукеі ды спакусьліва прасілі Яго паказаць ім знаменьні з неба.
І прыступіліся фарысэі а садукеі і, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак ізь неба.
Ён-жа ў адказ сказаў ім: — увечары вы кажаце — будзе пагода, бо неба чырвеніцца.
Ён жа, адказуючы, сказаў ім: «Як вечарэе, вы кажаце: ’Будзе пагода, бо неба чырвонае’;
А раніцай кажаце: Сёньня непагадзь, бо неба багрыцца і захмурваецца. Крывадухі! воблік неба распазнаць умееце, а знаменьняў часу пазнаць ня можаце.
І нараніцы: ’Сядні нягода, бо неба хмарна чырванее!’ Двудушнікі! відзеньне неба вы ведаеце, як адрозьніць, а знакоў пораў ня можаце?
Род ілжывы і чужаложны знаменьняў шукае, але знаменьне ня дасца яму, апрача знаменьня Йоны прарока; і пакінуўшы іх, адыйшоў.
Род нягодны а чужаложны знаку шукае, і знак ня дасца яму, апрача знаку Ёны прарокі». І, пакінуўшы іх, адыйшоў.
Калі перабраліся на другі бок мора, вучні Яго забыліся ўзяць хлебы.
Перабавіўшыся на другі бок, вучанікі Ягоныя забыліся букатак узяць.
Ісус-жа сказаў ім: — глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарысейскай і садукейскай.
Ісус сказаў ім: «Глядзіце а сьцеражыцеся закісі фарысэйскае а садукейскае».
І яны думалі сабе, разважаючы: — гэта значыць, што мы хлябоў не ўзялі.
А яны разважалі мяжсобку, кажучы: «Гэта значыцца, што хлеба мы не ўзялі!»
Але Ісус, ведаючы гэта, сказаў ім: — што разважаеце ў сабе, малаверныя, што хлебоў не ўзялі?
Ведаючы гэта, Ісус сказаў ім: «Чаму разважаеце мяжсобку, о малаверныя, што ня прынесьлі букаткаў?
Ці яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысячаў, і колькі карабоў назьбіралі?
Ці яшчэ не разумееце і ня помніце пяцёх букаткаў на пяць тысячаў, і колькі кашоў вы набралі?
Альбо пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі карабоў назьбіралі?
Ані сямёх букаткаў на чатыры тысячы, і колькі кашолак вы набралі?
Як-жа не разумееце, што не пра хлеб гаварыў Я вам — сьцеражэцеся закісі фарысейскай і садукейскай.
Як не зацямляеце, што не праз букаткі сказаў Я вам ’Сьцеражыцеся закісі фарысэйскае а садукейскае’?
Тагды яны зразумелі, што казаў ім сьцерагчыся ня закісі хлебнай, але навукі фарысейскай і садукейскай.
Тады яны ўцямілі, што Ён сказаў ім не сьцерагчыся закісі букатак, але навукі фарысэяў а садукеяў.
Прыйшоўшы ў землі Кесарыі Піліпавае, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх: — за каго людзі прызнаюць Мяне, Сына Чалавечага?
Прышоўшы ж да зямлі Цэсары Піліпавае, Ісус пытаўся ў вучанікаў Сваіх, кажучы: «За каго людзі маюць Мяне, Сына Людзкога?»
Яны сказалі: — адны за Яна Хрысьціцеля, іншыя за Ільлю, а яшчэ іншыя за Ерамію, альбо за аднаго з прарокаў.
Яны сказалі: «Адныя за Яана Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а іншыя за Ярэму альбо за аднаго з прарокаў».
Кажа ім Ісус: — а вы за Каго Мяне прызнаеце?
Ён кажа ім: «А вы за каго Мяне маеце?»
І, адказваючы, Сымон Пётра сказаў: — ты Хрыстос, Сын Бога Жывога.
Адказуючы, Сымон Пётра сказаў: «Ты — Хрыстос, Сын Бога жывога».
Ісус прамовіў яму ў адказ: — шчасьлівы ты, Сымоне, сын Йонін, бо ня цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой Нябесны.
І, адказуючы, Ісус сказаў яму: «Шчасьлівы ты, Сымоне, сыну Ёнін! бо ня цела а кроў аб’явілі табе гэта, але Айцец Мой, што на нябёсах.
І Я кажу табе: Ты Пётра — камень, і на гэтым камені пастаўлю Царкву Маю, і моц пякельная не адолее яе.
І Я таксама кажу табе: ты — Пётра, і на гэтай скале Я пастанаўлю Царкву Сваю, і брамы пекляныя ня здолеюць яе;
І дам табе ключы Ўладарства Нябеснага, і што зьвязаш на зямлі, будзе зьвязана ў нябёсах, і што разьвяжаш на зямлі, будзе разьвязана і ў нябёсах.
І дам табе ключы гаспадарства нябёснага; і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана на нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана на нябёсах».
Тады Ісус забараніў вучням Сваім гаварыць, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос.
Тады расказаў Ён вучанікам Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ё Ісус Хрыстос.
З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Яму належыць іці ў Ерусалім і штам пацярпець ад старэйшын і архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскроснуць.
Адгэнуль пачаў Ісус Хрыстос паведамляць вучанікам Сваім, што Ён мае йсьці да Ерузаліму, і шмат цярпець ад старцоў а найвышшых сьвятароў а кніжнікаў, і быць забітым, а на трэйці дзень ускрэснуць.
Пётра-ж, адазваўшы Яго, стаў угаворваць Яго, кажучы: — зьмілуйся над Сабой, Госпадзе, няхай ня станецца гэтага з Табою.
І, узяўшы Яго, Пётра пачаў Яго ганіць: «Зьмілуйся над Сабою, Спадару! няхай ня будзе гэта з табою!»
Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: — адыйдзі ад Мяне, шатане! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра Божае, але пра чалавечае.
Ён жа, абярнуўшыся, сказаў Пётру: «Адыйдзі назад ад Мяне, шайтане! ты Імне спатыкненьне, бо ты думаеш не праз тое, што Божае, але што людзкое».
Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча йсьці за Мною, адрачыся самога сябе і возьмі крыж свой ды йдзі сьледам за Мною.
Тады Ісус сказаў вучанікам Сваім: «Калі хто хоча йсьці за Імною, адрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і йдзі за Імною;
Бо хто хоча душу сваю зьберагчы, загубіць яе,
Бо хто хоча ўсьцерагчы жыцьцё свае, згубе яго; а хто згубе жыцьцё свае дзеля Мяне, знойдзе яго.
а хто карысьць чалавека, калі-б ён здабыў увесь сьвет, а душу сваю зьвярэдзіў? або які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
Якая карысьць людзіне, калі прыдбае ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзе? Або якую адмену дасьць людзіна за душу сваю?
Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі, і тады ўздасьць кажнаму подля ўчынкаў яго.
Бо неўзабаве прыйдзе Сын Людзкі ў славе Айца Свайго з ангіламі Сваімі, і тады аддасьць кажнаму подле ўчынкаў ягоных.
Папраўдзе кажу вам: ёсьць некаторыя з тых, якія тут стаяць, што не зазнаюць сьмерці, як ужо ўбачаць Сына Чалавечага, калі прыйдзе ў Уладарстве Сваім.
«Запраўды кажу вам: ё некатрыя із стаячых тут, што не паспытаюцца сьмерці, як ужо абачаць Сына Людзкога, у гаспадарстве Сваім ідучага.