Мацьвея 6 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Яна Станкевіча
Высьцерагайцеся даваць ахвяры вашыя перад людзьмі, каб яны гэта бачылі; бо гэтак ня будзеце мець узнагароды ад Айца вашага Нябеснага.
Сьцеражыцеся рабіць сваю справядлівасьць перад людзьмі, каб бачылі вас, бо ня будзе вам нагароды ад Айца вашага, Каторы на нябёсах.
Дзля таго, калі даеш ахвяру, не разгалошвай перад сабою, як гэта робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб хвалілі іх людзі; запраўды кажу вам: яны ўжо атрымліваюць узнагароду сваю.
Дык, калі даеш убожніну, ня трубі перад сабою, як робяць двудушнікі ў бажніцах і на вуліцах, каб хвалілі іх людзі. Запраўды кажу вам: яны ўжо адзержуюць нагароду сваю.
Ты-ж, калі прыносіш ахвяру, няхай левая твая рука ня ведае, што робіць правая.
У цябе ж, як ты даеш убожніну, няхай лявіца твая ня ведае, што робе правіца,
Каб ахвяра твая была ў тайне, і Айцец твой, бачыўшы тайнае, узнагародзіць цябе наяве.
Каб убожніна твая была патай; і Айцец твой, што бача тайнае, аддасьць табе яўна.
І калі молісься, ня будзь, як крывадушнікі, якія любяць у сынагогах і на скрыжаваньні вуліц, стоячы, маліцца, каб паказацца людзям; папраўдзе кажу вам — яны ўжо дастаюць узнагароду сваю.
І калі молішся, ня будзь, як двудушнікі, што любяць у бажніцах і на рагох вуліцаў адзержуючыся, маліцца, каб паказацца перад людзьмі. Запраўды кажу вам, што яны ўжо адзержуюць нагароду сваю.
Ты-ж, калі молісься, увайдзі ў пакой свой, і, зачыніўшы за сабою дзьверы, памаліся Айцу твайму, які ў тайне, і Айцец твой, бачачы тайнае, узнагародзіць цябе наяве.
Ты ж, як молішся, увыйдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзьверы свае, памаліся Айцу свайму, Каторы ўтайне; і Айцец твой, што бача ўтоенае, аддасьць тэ яўна.
А молячыся, не гавары лішняга, як пагане. Бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць;
А молячыся, не кажыце лішняга, як пагане; бо яны думаюць, што ў шматслоўю будуць пачуты.
не прыпадабняйцеся да іх, — ведае Айцец ваш вашыя патрэбы, перш, чым вы папросіце ў Яго.
Ня будзьце падобныя да іх, бо ведае Айцец ваш, чаго вы патрабуеце, уперад, чымся вы ў Яго папросіце.
Малецеся-ж гэтак: Ойча наш Нябесны! Сьвяціся імя Тваё;
Маліцеся ж гэтак: Войча наш, Каторы ёсьць у нябёсах! сьвяціся імя Твае;
Прыйдзі Ўладарства Тваё; і станься воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Прыйдзі гаспадарства Твае; будзь воля Твая як на небе, так і на зямлі;
(Хлеба надзённага) сёньня нам дай.
Хлеба нашага штадзеннага дай нам сядні;
І адпусьці нам нашыя віны, як і мы адпушчаем правінным прад намі.
І даруй нам віны нашы, як і мы даруем даўжбітом нашым;
І не ўвядзі нас у спакусу, але збаві нас ад златворнага. Бо Тваё ёсць Уладарства, і сіла, і слава на векі; амін.
І ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога; бо Твае ё гаспадарства а моц а хвала на векі. Амін.
Калі-ж вы адпушчаеце людзям правіны іхныя, адпусьцець і вам Айцец ваш Нябесны.
Бо калі вы будзеце дараваць людзём выступы іхныя, то даруе й вам Айцец ваш нябёсны.
Калі-ж ня адпушчаеце людзямі правінаў іхных, то і Айцец ваш Нябесны не адпусьціць вам правінаў вашых.
А калі ня будзеце дараваць людзём выступаў іхных, то й Айцец ваш не даруе вам выступаў вашых.
І калі посьціце, не станавецеся панырымі, як крывадушнікі, якія наводзяць сум на абліччы свае, каб паказацца людзям, што яны ў посьце; папраўдзе кажу вам: яны ўжо дастаюць узнагароду сваю.
І калі постуеце, ня будзьце, як двудушнікі, хмарныя, бо яны супяць від свой, каб паказацца перад людзьмі, што постуюць. Запраўды кажу вам, што яны ўжо маюць нагароду сваю.
Ты-ж, калі посьціш, намасьці галаву тваю і ўмый аблічча тваё;
А ты, калі постуеш, памаж галаву сваю і памый від свой,
Каб не прад людзьмі паказацца посьнікам, але прад Айцом тваім, Хто ў таемнасьці ёсьць; і Айцец твой, бачачы ў таемнасьці, узнагародзіць цябе ў наяунасьці.
Каб стаць постуючым не перад людзьмі, але перад Айцом сваім, Каторы ўтайне; і Айцец твой, што бача тайнае, аддасьць тэ яўна.
Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе іржа і моль зьнішчаюць, і дзе зладзеі падкопваюцца і крадуць.
Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, ідзе моль а іржа нікбяць, і йдзе зладзее падкопуюцца а крадуць;
Але зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні іржа не зьнішчаюць, і дзе зладзеі не падкопваюцца і не крадуць.
Але зьбірайце сабе скарбы на небе, ідзе ані моль, ані іржа ня нікбяць, і йдзе зладзее не падкопуюцца а не крадуць;
Бо, дзе скраб ваш, там будзе і сэрца вашае.
Бо, ідзе скарб вашы, там будзе й сэрца вашае.
Сьветачам целу ёсьць вока; калі вока тваё будзе простае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае.
Сьветачам целу ё вока. Дык калі вока твае будзе чыстае, то ўсе цела твае будзе сьветлае;
Калі-ж вока тваё крывое будзе, то ўсё цела тваё зацьмянае будзе; калі-ж сьвятло, што ў табе: цемра, то якова-ж сама цемра?
А калі вока твае будзе благое, то ўсё цела твае будзе цемнае. Дык калі сьвятліня, што ў табе, цемнь, то якая ж цемнь?
Ніхто ня можа служыць двум гаспадаром: бо аднаго палюбіць, а другога зьненавідзіць, альбо катораму пачне спрыяць, а іншага занядбае; ня можаце служыць Богу і мамоне.
Ніхто ня можа двум гаспадаром служыць, бо альбо аднаго зьненавідзе, а другога будзе любіць; альбо аднаму будзе прыяць, а праз другога ня дбаць. Ня можаце служыць Богу й мамоне.
Дзеля таго кажу вам: не праймайцеся душою вашею, што вам есьці і што піць, ні пра цела вашае, у што адзецца; ці-ж душа не важнейшая за ежу, а цела за адзежу?
Затым кажу вам: ня рупцеся праз жыцьцё свае, што вам есьці і што піць, ані празь цела свае, у што адзецца. Ці ня большае жыцьцё за ежу, а цела — за адзежу?
Узгляньце на птушкі нябесныя: яны ні сеюць, ані жнуць, ані зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны корміць іх; ці-ж вы ня шмат лепшыя за іх?
Гляньце на птушкі нябёсныя: яны ня сеюць ані жнуць, ня зьбіраюць на ток, і Айцец ваш нябёсны жыве іх. Ці ня шмат лепшыя вы за іх?
І хто-ж з вас турботаю сваёю можа дадаць да росту свайго хоць адзін локаць?
Дый хто з вас, рупячыся, можа дадаць сабе росту на адзін локаць?
І пра адзеньне чаго клапоціцеся; гляньце на палявыя лілеі, як яны растуць: не працуюць, ані прадуць.
І праз адзецьце нашто рупіцеся? Разважча праз палявыя лілі, як яны растуць: не працуюць ані прадуць;
Але, кажу вам, што і Саламон пры ўсёй славе сваёй не ўбіраўся так, як кажная з іх.
Але кажу вам, што й Салямон у ўсёй славе сваёй не адзяваўся так, як кажная зь іх;
Калі-ж зяло палевое, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінена ў печ, Бог так адзяе, то ці-ж не балей таго вас, малаверы?
А калі траву палявую, што сядні ё, а заўтра будзе кінена ў печ, Бог так адзяець, ціж ня шмат балей вас, малаверныя!
Дык не клапацецеся, разважаючы: што нас есьці і што піць, ці ў што адзецца?
Дык ня рупцеся, кажучы: ’Што нам есьці?’ альбо: ’Што піць?’ альбо: ’У што адзецца?’
Бо ўсяго гэтага шукаюць і нявернікі; Айцец-жа ваш Нябесны ведае пра ўсе вашыя патрэбы.
Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане, і затым што Айцец ваш нябёсны ведае, чаго вы патрабуеце ў вусім гэтым.
Шукайце-ж перш Уладарства Божага і Праўды Ягонае, а ўсё іншае прыложыцца вам.
Шукайце ж найперш гаспадарства Божага і справядлівасьці Ягонае, і гэта ўсе дадасца вам.
Дык ня турбуйцеся пра заўтрашняе, бо заўтрашняе само за сябе будзе турбавацца; досыць на кажны дзень клопату свайго.
Дык ня рупцеся праз заўтрашні дзень, бо заўтрашні будзе рупіцца праз свае; досыць дню свайго ліха.